Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Кіпра дзеля крэдыту МВФ у памеры 10 мільярдаў даляраў уводзяць «антыкрызісны збор» з банкаўскіх дэпазытаў, які закране інтарэсы ня толькі мясцовых жыхароў, а і дзясяткаў тысяч замежнікаў. Перадусім тых, хто разглядаў гэту выспу ня толькі як месца для адпачынку, але і як афшор для легалізацыі і захоўваньня сродкаў. Ці ёсьць у ліку пацярпелых беларусы.

Аднамомантны падатак на банкаўскія дэпазыты складае 6,75% на ўклады да 100 тысяч эўра і 9,99% — калі ўклад перавышае гэтую суму. Разглядаецца і запасны варыянт: 3% — для бяднейшай часткі ўкладчыкаў і 12,5% — для багацеяў. Паводле зьвестак кіпрскіх уладаў, аб’ём дэпазытаў у тамтэйшых банках перавышае 70 мільярдаў эўра, прычым палову трымаюць замежнікі.

Найбольш адчувальны ўдар, апроч саміх кіпрыётаў, зазналі расейцы, многія зь якіх абрасьлі там ня толькі банкаўскімі рахункамі, але і нерухомасьцю. Паводле розных дадзеных, каля 20 мільярдаў даляраў, якія падпадаюць пад падатак, належаць якраз грамадзянам Расеі. Іншымі словамі, аўтаматычна будуць сьпісаныя каля 2 мільярдаў. Яшчэ пад 40 мільярдаў знаходзяцца ў абароце: згодна зь фінансавымі справаздачамі, гэтулькі грошай выдалі расейскія банкі кампаніям, зарэгістраваным на Кіпры.

Кіраўнік клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін кажа, што афшорнай гасьціннасьцю Кіпру спаўна карысталіся і беларускія бізнэсоўцы:

Андрэй Карпунін

Андрэй Карпунін

«Вядома, беларускія грошы там ёсьць. Пацьверджаньне таму — аб’ём інвэстыцыяў у эканоміку Беларусі з боку Кіпра. Калі падняць статыстыку МЗС, якая друкавалася і Белстатам, калі ўсё скласьці за папярэднія гады, то відавочна: Кіпр застаецца адным з найбуйнейшых інвэстараў у нашу эканоміку. Зразумела, што фактычна гаворка пра ператок капіталу ў адзін бок, а потым назад. І зразумела, што ў такой сытуацыі, калі Кіпр перастане быць афшорнай зонай і будзе дыскрэдытаваны такім падаткам, больш інвэстыцыяў з боку Кіпру ў будучым ня будзе і ў кароткатэрміновай пэрспэктыве грошы з Кіпру перавядуцца ў іншыя падатковыя раі, якія ўжо ўстаяліся, — Люксэмбург, нейкія Канарскія, Багамскія выспы. Грошы ня могуць проста ляжаць, яны ўсё роўна павінны працаваць. Таму праз 3–4 гады будзем фіксаваць, што лідэры росту інвэстыцыяў у беларускую эканоміку — ужо іншыя краіны. Той жа Люксэмбург».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, летась асноўнымі інвэстарамі беларускай эканомікі былі суб’екты гаспадараньня Расеі — амаль палова ад агульных паступленьняў у аб’ёме 14 мільярдаў 300 мільёнаў даляраў. На другой пазыцыі — Вялікая Брытанія (25%, ці больш за 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў), на трэцяй — Кіпр (6,4%, ці амаль 1 мільярд даляраў). І калі Расея здаўна дыктуе свае ўмовы на беларускім рынку, то брытанскія холдынгавыя структуры і кіпрскія афшоры выкарыстоўваюцца найперш для легалізацыі сродкаў, рознымі шляхамі выведзеных зь Беларусі.

А вось колішні кіраўнік банку «Эўрапейскі» Валеры Кругавы, які з-за эканамічнага перасьледу ў Беларусі папрасіў прытулку ў Польшчы, лічыць беларускую фінансавую прысутнасьць на Кіпры моцна перабольшанай:

Валеры Кругавы

Валеры Кругавы

«Увогуле ў Беларусі можна на пальцах рук палічыць структуры, людзей, якія працуюць на такім узроўні, што могуць трымаць дэпазыты ў заходніх банках. Але калі яны гэта і робяць, то ўжо ніяк не на Кіпры. Пра што вы гаворыце? Гэта ж кволая эканоміка, кволыя банкі. Кволае ўсё. Гэта што тычыцца таго, каб нешта там проста трымаць. Тое, што расейцы трымаюць на Кіпры грошы, дык апраўдана, бо яны там працуюць. Там іхныя структуры абсалютна рэальна працуюць. А беларусы і кіпрскія афшоры перакрыжоўваюцца вельмі ўмоўна — фармальна рахунак у банку і пячатка, вось і ўсё. Прапампавалі празь яго свае рэсурсы, аплацілі нешта і забыліся».

Фармальна ў кіраўніцтва Кіпру не было іншага выйсьця, як скарыцца перад «шантажом» міжнародных фінансавых інстытутаў. Адрозна ад Беларусі, Нікасія ня можа аднаасобна абвясьціць дэвальвацыю, бо знаходзіцца ў агульнаэўрапейскай зоне эўра. Зь іншага боку, вяртаньне да нацыянальнай валюты (кіпрскага фунта) пагражае інфляцыйнымі працэсамі і рэзкім зьніжэньнем узроўню жыцьця. Тым часам кіпрыёты, якія ня маюць прамысловай вытворчасьці і задзейнічаныя перадусім у турыстычнай галіне і сфэры абслугоўваньня, за апошнія гады прызвычаіліся да высокіх заробкаў.

Фінансавы аналітык Андрэй Карпунін лічыць кіпрскія падзеі паказальным прыкладам таго, як небясьпечна забывацца пра доўгатэрміновыя пэрспэктывы дзяржавы. На яго думку, нібыта «выратавальныя» захады ўладаў Кіпру абсалютна не адэкватныя тым стратам, якія прынясе адток капіталу. Па словах суразмоўцы, неразумна дзеля 10 эмвээфаўскіх мільярдаў ахвяраваць сумамі шматкроць большымі:

«Гэта злачынная ідэя, якая ўвогуле патыхае нейкім Савецкім Саюзам. Ідэя непрадуманая, стратэгічна няправільная. Яны разбураць і без таго прывідную крохкасьць. Па сутнасьці, яны могуць увогуле справакаваць банкруцтва кіпрскіх банкаў. Так, яны ўратуюць бюджэт, забраўшы гэтыя 6, 7, 10, 12% з кожнага ўкладу, але разбураць банкаўскую сыстэму, і ў выніку застануцца абсалютна з носам. І калі пойдзе вось гэты віток, то будуць наагул руіны. Зразумела, што ўкладчыкі напужаныя, і калі зараз у іх адшчыпнуць нават 5–6%, яны ня будуць больш давяраць Кіпру як дзяржаве і пастараюцца забраць з банкаў грошы, якія яшчэ засталіся. Але ж відавочна, што ў банках гэтыя грошы проста так не ляжаць у сховішчах для ўсіх укладчыкаў. Таму, у прынцыпе, можа ўзьнікнуць клясычная сытуацыя, справакаваная панікай, і лягічны вынік — банкруцтва банка за банкам. Адпаведна, усё гэта адліхаманіць на ўсясьветнай эканоміцы».

У сваю чаргу, банкір Валеры Кругавы лічыць кіпрскі досьвед шкодным для беларусаў, паколькі ёсьць небясьпека, што ў кіраўніцтва Беларусі зьявіцца спакуса адпрацаваць «перадавыя эўрапейскія тэхналёгіі» на ўласных грамадзянах — зноў жа, пад дэвізам ратаваньня эканомікі:

«Яшчэ як цікава! Я думаю, што іх вельмі зацікавіць такі досьвед! Для іх гэта было б фантастычнае выйсьце. Гэта проста падаюць як падатак на дэпазыты і г.д. Але гэта не падатак. Частку дэпазытаў замянілі на акцыі кіпрскіх банкаў — адзінае, што ў прымусовым парадку. І, вядома, гэта вельмі заманлівы прыклад для тых, хто хацеў бы вырашаць праблемы такім жа чынам. На месцы беларускіх уладаў, вядома, узяў бы такі „перадавы вопыт“ на ўзбраеньне ў момант. У гэтым пляне, мяркую, ёсьць над чым падумаць. Тым больш, асобныя патугі ў гэтым кірунку ўжо былі, калі ў разгар крызісу ўклады замарожваліся, стаўкі карэктаваліся, яшчэ там нешта. Мы ж усе разумеем, што беларуская мадэль — гэта надзвычай спэцыфічная мадэль».

Лёс падатку на дэпазыты кіпрскі парлямэнт мае вырашыць на вечаровым паседжаньні. Чакаючы гэтага, банкаўская сыстэма Кіпру ўзяла працяглую паўзу. Аднаўленьне працы зачыненых яшчэ ў мінулую пятніцу банкаў перанесьлі на сераду. У гэтыя дні грошы з рахункаў зьняць немагчыма, банкаматы выдаюць толькі абмежаваныя сумы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG