Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праз 20-25 гадоў Беларусь будзе ў Эўразьвязе»


Цімаці Гартан Эш

Цімаці Гартан Эш

Такую думку выказаў у інтэрвію Свабодзе вядомы брытанскі пісьменьнік і гісторык Цімаці Гартан Эш, аўтар шэрагу кніг пра дэмакратычную трансфармацыю краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

На мінулым тыдні Цімаці Гартан Эш браў удзел у штогадовым форуме нямецкага Фонду Маршала, які зьбірае ўплывовых амэрыканскіх і эўрапейскіх палітыкаў, бізнэсоўцаў і інтэлектуалаў. У форуме ўдзельнічаў і былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Андрэй Саньнікаў. У інтэрвію Свабодзе Цімаці Гартан Эш падзяліўся сваім бачаньнем будучыні Эўропы.

РС: Ці ёсьць у Эўразьвязу матыў для далейшага пашырэньня на Ўсход?

Эш: Так, ёсьць. Гэта мае важнае значэньне. У сувязі са старэньнем і скарачэньнем насельніцтва ў Заходняй Эўропе стратэгічна нам патрэбнае далейшае пашырэньне, у першую чаргу за кошт Украіны і Турэччыны.

РС: Што вы думаеце наконт росту скэптыцызму ў адносінах да ЭЗ, які зараз існуе ва многіх ўсходніх суседзяў Эўразьвязу?

Эш: Для танга патрэбныя двое. Шкада, што Ўкраіна збочыла са шляху, на якім яна разглядалася як сур’ёзны кандыдат у Эўразьвяз. Было шмат памкненьняў у гэтым накірунку пасьля «аранжавай» рэвалюцыі, зараз яны выпетрыліся. Польшча была вялікім прыхільнікам ўкраінскага сяброўства ў ЭЗ. Але гэта вельмі цяжкая задача. Зараз Украіна гуляе з абодвума бакамі, яна спрабуе і мець пірог, і зьесьці яго. У сьвеце, дзе паўстаюць новыя вялікія дзяржавы, такія як Кітай, Індыя, Паўднёвая Афрыка і Бразылія, у сьвеце, дзе Захад у цэлым будзе мець меншую долю ўплыву, пашырэньне ў нашых стратэгічных інтарэсах і мы павінны імкнуцца да яго.

РС: Як у будучыні будуць выглядаць стасункі Эўразьвязу з Расеяй?

ЭШ: Расея страціла імпэрыю, але пакуль не знайшла сваёй ролі ў сьвеце. Расея павінна вырашыць, чым яна хоча быць. У Вялікабрытаніі гэты выбар узяў таксама пэўны час. Цяжка страчваць імпэрыю, Расея страціла сваю вельмі хутка, і выдатна, што страціла мірна. Толькі тады, калі Расея вызначыцца, ці хоча яна быць імпэрыяй альтэрнатыўнай цывілізацыі, ці хоча яна больш менш нармальных стасункаў у Эўразіі, мы можам вызначыць нашы доўгатэрміновыя адносіны. Гэта, на мой погляд, магло б быць адмысловае партнэрства.
Вы павінны адпавядаць крытэрыям, калі вы ўступаеце ў Зьвяз, але як толькі вы ўжо там, вы можаце рабіць, што хочаце.

РС: І як бы магло выглядаць гэтае партнэрства з Расеяй?

Эш: Ніхто гэтага ня ведае. Але адразу можна сказаць, што гэта не пэрспэктыва сяброўства Расеі ў ЭЗ, у адрозьненьне, напрыклад, ад Турэччыны. Мы ведаем, як будаваць адносіны ў Эўропе, якія нарэшце сканчаюцца сяброўствам у Зьвязе. Гэты шлях прайшлі ўсе краіны-цяперашнія чальцы Зьвязу, акрамя першых 6 дзяржаваў-заснавальніц. Гэтае тое, што мы павінны мець з Турэччынай, а ў доўгатэрміновай пэрспэктыве — і з Украінай.

РС: Вы ўзгадалі пра такіх суседзяў ЭЗ, як Украіна і Турэччына. Але што чакае такія краіны рэгіёну, якія ляжаць паміж Эўразьвязам і Расеяй, як Беларусь, Малдова, Армэнія і Грузія?

Эш: Доўгатэрміновы адказ вельмі лёгкі. Чым больш свабоднымі робяцца гэтыя краіны, тым больш у іх імкненьне належаць да Эўразьвязу. Калі яны будуць адпавядаць крытэрам сяброўства ў ЭЗ, яны стануць чальцамі Зьвязу. Я б пабіўся аб заклад, што праз 20-25 гадоў яны будуць чальцамі Эўразьвязу.

Больш складаным зьяўляецца пытаньне пра каштоўнасьці Эўразьвязу. Да гэтага часу мы казалі, што вы павінны мець лібэральную дэмакратыю, вяршэнства закону, незалежныя сродкі масавай інфармацыі, рынкавую эканоміку, а потым вы ўступіце ў ЭЗ. Але паглядзіце зараз, што адбываецца ўнутры Зьвязу, ці адпавядае гэтым крытэрыям Вугоршчына, ці адпавядала Італія Бэрлюсконі? Можна казаць пра падвойныя стандарты. Вы павінны адпавядаць крытэрыям, калі вы ўступаеце ў Зьвяз, але як толькі вы ўжо там, вы можаце рабіць, што хочаце.

РС: Ці выжыве эўра?

Эш: Днямі адзін высокапастаўлены францускі палітык трапна заўважыў: «Крызіс эўра скончыўся, крызіс у зоне эўра па-ранейшаму вельмі глыбокі». Я мяркую, што эўразона выжыве, пытаньне толькі, якім коштам. Асабліва гэта тычыцца грамадзтваў паўднёвай Эўропы, якія сапраўды перажываюць велізарныя цяжкасьці і дзе ўжо назіраецца пэўная радыкалізацыя палітыкі.

РС: Ці зьяўляюцца перабольшаньнем заявы аб надыходзе «стагодзьдзя Азіі», альбо эўраатлянтычны альянс сапраўды прысуджаны да страты ўплыву ў шматпалярным сьвеце?

Эш: Працэсы непадобныя на тое, як Францыя пераймала лідэрства ад Гішпаніі, а ЗША — ад Вялікабрытаніі. Заняпад Амэрыкі зьяўляецца адносным, а не абсалютным. І таму глябальная задача — збудаваць міжнародны парадак, пры якім ня будзе аднаго гегемона. Паколькі Азія зьяўляецца не краінай, а паловай чалавецтва, вы ня можаце казаць пра азіяцкае стагодзьдзе, як можна было казаць аб амэрыканскім ці брытанскім стагодзьдзі. Азія складаецца з шэрагу вялікіх дзяржаваў, якія маюць вельмі напружаныя адносіны адна з адной.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG