Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Ірына Шыдлоўская: «Бабуля зь іншасьвету клапоціцца пра нас праз ніткі свайго ручніка»


Шлях да свабоды скарачаецца на кожны зьберажоны бабулін ручнік, — перакананая захавальніца фондаў Браслаўскага раённага аб’яднаньня музэяў, народная майстрыха Ірына Шыдлоўская. І сваімі ўзорамі пракладвае шлях у будучыню дзецям і ўнукам. Яе спрытным рукам і багатай фантазіі падпарадкуюцца кужаль і зрэб’е, лямец і сукно, чарот і салома. Творамі браслаўскае майстрыхі захапляюцца ўдзельнікі фэстаў аўтэнтычнай культуры Літвы і Польшчы, Латвіі і Ўкраіны, Нямеччыны і Расеі.

«Натхніла мяне на гэтыя рамёствы праца ў музэі і асабліва стаўленьне да народнай культуры дырэктаркі Галіны Станіславаўны Падалян. І пачалося маё захапленьне даўно.

Калі ў мяне стварылася сям’я, сталі нараджацца дзеці, то так атрымалася, што ў мужа Кастуся прыярытэтам была праца. У яго быў краязнаўчы талент і імпэт выяўляць яго. Я гэта разумела і мне ягоная справа таксама падабалася, але я ўзяла на сябе ўсе клопаты пра сям’ю. Кастусь мне дапамагаў, канечне, але на першым месцы ў яго была праца. Да сваёй працы ў музэі я ставілася таксама з прыемнасьцю, але на першым месцы ў мяне была сям’я. Вось тады, нібыта злучаючы гэтыя дзьве мае справы, я і пачала дома нешта ствараць сваімі рукамі, так, як гэта рабілі калісьці нашы жанчыны.

З трапяткімі адчуваньнямі захоўваю ў сябе ручнік, які некалі выткала сваімі рукамі мая бабуля. Мне здаецца, што ў гэтым бабуліным ручніку захоўваюцца нітачкі пакаленьняў. А яшчэ ў ім засталася бабуліна цеплыня. Самой бабулі ўжо няма з намі, але яна там дзесьці зь іншага сьвету клапоціцца пра нас тут. Я ўвесь час гэта адчуваю і таму рэчы, зробленыя сваімі рукамі — для мяне гэта вельмі важна. І маім сямейнікам вельмі падабаецца тое, што я раблю.

Падабаюцца мае вырабы ў стылі традыцыйнай народнай культуры ня толькі сям’і. Іх набываюць, і набываюць звычайна людзі зацікаўленыя нашымі традыцыямі. Набываюць для нацыянальных строяў, для сямейных урачыстасьцяў, замаўляюць нешта для сваіх сур’ёзных мэтаў. Так маё захапленьне яшчэ і матэрыяльную падтрымку сям’і стала прыносіць.

Увогуле ў мяне ёсьць мара, у зьдзяйсьненьне якой я веру. Я хачу паставіць кросны ў сябе на лецішчы і ткаць там амаль увесь час посьцілкі, ходнічкі, шырокія пасы, нешта яшчэ. І я веру, што такое жыцьцё ў мяне настане».

____________________________________________

Сталкеры Свабоды — новая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па панядзелках на нашым сайце — Сталкеры Свабоды.
XS
SM
MD
LG