Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па «лайках» у Facebook можна вызначыць вашыя пол, узрост і палітычныя погляды


Дасьледнікі з Кембрыджскага унівэрсытэту распрацавалі альгарытм, па якім можна вызначыць інтымныя асабістыя якасьці любога з карыстальнікаў гэтай сацыяльнай сеткі. Піша Олэна Рэмоўска з украінскай службы нашага радыё.

Шырокая папулярнасць сацыяльных сетак не магла пакінуць абыякавымі прадстаўнікоў навуковага сьвету. Брытанскія навукоўцы вырашылі прааналізаваць «лайкі», якія пакідаюць пад паведамленьнямі сяброў карыстальнікі сеткі Facebook. Для гэтага яны распрацавалі адмысловы альгарытм.

Вашыя «лайкі» пад паведамленьнямі сяброў у Facebook могуць расказаць пра вас шмат цікавага.
Як піша на гэтым тыдні Science Daily, па альгарытме, аналізуючы вашы «лайкі», можна вызначыць вашую расу, узрост, пол, IQ, сэксуальную арыентацыю, палітычныя погляды і нават тое, ужываеце вы псыхатропныя рэчывы ці не.

У дасьледаваньні прынялі ўдзел 58 тысячаў карыстальнікаў Facebook. Акрамя «сяброўства» у сетцы (якая дазволіла навукоўцам бачыць усю актыўнасьць карыстальніка), валянтэры таксама склалі псыхамэтрычныя тэсты і далі навукоўцам свае дэмаграфічныя дадзеныя. На першым этапе дзейнічалі «ўсьляпую»: «лайкі» людзей, якія прынялі ўдзел у дасьледаваньні, апрацавалі з дапамогай адмысловага альгарытму (статыстычнай мадэлі, здольнай адгадваць пэрсанальныя дадзеныя карыстальніка). Далей атрыманую інфармацыю параўналі з рэальнасьцю (гаворка ідзе пра пол, расу або ўзрост) ці выніках тэстаў (IQ, палітычныя погляды або псыхалягічныя якасьці).

Сэксуальныя перавагі мужчынаў, як аказалася, альгарытм адгадаў на 88%, у 95% выпадкаў — разабраў афраамэрыканцаў ад белых амэрыканцаў, у 85% — рэспубліканцаў ад дэмакратаў. Акрамя таго, праграма адрозьніла хрысьціянаў ад мусульманаў (82%), а дакладнасьць распазнаньня сямейнага статусу і ўжываньня наркотыкаў складае 65% і 73% адпаведна.

Цяжэй было з адгадваньнем сэксуальнай арыентацыі. Навукоўцы кажуць, што прычына, верагодна, у тым, што гомасэксуалы ня так ужо часта «лайкаюць» нейкія спэцыфічныя толькі для іх саміх тэмы, таму тут альгарытм яшчэ патрабуе дапрацоўкі.

Навукоўцам удалося нават вызначыць катэгорыю карыстальнікаў Facebook, чые бацькі разьвяліся да іх паўналецьця (да 21 году): дакладнасьць па гэтым пункце склала 60%.
Аўтары дасьледаваньня кажуць, што створаны імі альгарытм дапаможа зрабіць маркетынг у сетках больш пэрсаналізаваным. Аднак некаторыя іх калегі паказваюць на тое, што выкарыстаньне такой сыстэмы можа прадстаўляць пэўныя пагрозы прыватнасьці карыстальніка ў сацыяльных сетках. Інтэрнэт-карыстальнік, адзначаюць апанэнты навукоўцаў з Кембрыджа, могуць ўспрыняць такі ўзровень «электроннага ўмяшаньня» празьмерным.

Аднак тут аўтарам дасьледаваньня ёсьць што супрацьпаставіць. Кіраўнік дасьледаваньня Дэйвід Стылвэл указвае на тое, што карыстальнік Facebook можа абараніць сябе, зьмяніўшы налады прыватнасьці: маўляў, у сацыяльнай сетйф можна зрабіць так, каб «лайкі» былі не агульнадаступныя. «Я карыстаюся Facebook з 2005 году. Я і ў далейшым ім буду карыстацца, аднак цяпер, відавочна, буду больш уважліва ставіцца да наладак прыватнасьці », — дадае Стылвэл.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG