Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 сакавіка 1898 была апублікаваная самая ранішняя, самая со-о-о-нечная і самая знакамітая ў сьвеце песьня на нэапалітанскай мове, ці, як яе называюць мясцовыя, nnapulitano. Называлася песьня “O sole mio“, то бок “Маё сонца” – і сьвеціць тое сонца да нашых дзён. Хто толькі ня лашчыўся ў ягоных шчодрых промнях: Энрыке Каруза, Рабэрціна Лярэці і Лючана Павароці, а таксама Элвіс Прэсьлі, Міхаіл Александровіч, Плясыда Дамінга, Хасэ Карэрас, Пол Макартні і Мусьлім Магамаеў, які любіў разагрэць на ёй галасавыя зьвязкі перад выкананьнем свайго кароннага нумару, “Маршу нафтавікоў Касьпія”. Аднойчы “O sole mio“ нават давялося выконваць ролю італійскага гімну – на Алімпіядзе ў Антвэрпэне, дзе не знайшлося адпаведных нотаў, затое кожны музыка на памяць ведаў нэапалітанскі шлягер.

І тым больш дзіўна, што песьня гэтая ніякая не народная і была прыдуманая далёка ад Італіі. У самым канцы ХІХ стагодзьдзя па Ўкраіне, недзе ў раёне горада Чарнаморска падарожнічаў сабе малавядомы кампазытар Эдуарда ды Капуа, які меў пры сабе тэкст, напісаны малавядомым літаратарам Капура, і замову ад аднаго расейскага графа напісаць такую песьню, “штоб душа развернулась, а патом апяць свернулась, но уже вдвое”. І вось у тым самым Чарнаморску заежджага кампаніста нарэшце наведала муза – і песьня была гатовая. Маючы перад вачыма Чорнае мора, ды Капуа напісаў адну з самых вядомых міжземнаморскіх песьняў, і паехаў у Піцер ладзіць для графа прэм’еру. А жыхары Чарнаморску, слухаючы тую “O sole mio“, таксама ўяўлялі сабе зіхоткую Нэапалітанскую затоку і смуглявых прыгажуняў, якія шчабечуць на сваім мілагучным nnapulitano, і падпявалі, сьвята ўпэўненыя, што дзе-дзе, а ў іхным правінцыйным Чарнаморску ніякага “о соле міо” быць ня можа.

Але хіба ўсё гэта мае значэньне? Важна тое, што цяпер цудоўная раніца. Што паветра празрыстае і такое спакойнае пасьля буры. Што зьзяюць твае вокны, і ў іх адбіваецца ва ўсёй сваёй сьвежасьці затока гораду, які толькі што прачнуўся, што вясёлая прачка рэжа хлеб і, не саромеючыся, напявае нешта на сваёй мове, поўнай ладных ранішніх сугуччаў. Што ўжо сноўдаюць лодкі і бадзёра гудуць вялікія караблі. Што сонца на тваім твары ўсё адно пякнейшае за тое, якое ўжо даўно назірае за намі са сваёй сьляпучай вышыні. А ўсё астатняе: грошы, графы і гімны – насамрэч ня варта аднаго твайго позірку. Ці, як кажуць нэапалітанцы:

O sole mio sta ´nfronte a te!
XS
SM
MD
LG