Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ня думаў нават, што і праз тры, і болей гадоў давядзецца ізноў апынуцца ў Дукоры — вёсцы на Пухавіччыне, што за 17 хвілін — сам засякаў — аўтабанам ад Менску.

Паселішча, дзе на пачатку мінулага стагодзьдзя было каля 1600 чалавек, абязьлюдзела. Развалілася гаспадарка — людзі пацягнуліся ў гарады. Так што цётка Галя была першай, каго сустрэў за 3 кілямэтры дарогі ўздоўж маўклівых хат.

Карэспандэнт: «Ня страшна вам у пустэльнай вёсцы?»

Спн.Галіна: «Нармальна, нам усё харашо! Усе павыміралі, зьехалі на працу ў Менск — бабулі-пэнсіянэркі засталіся. Пэнсіі мне на адну хапае пакуль…»

Тым ня менш падстава для вандроўкі была канкрэтная — у старажытным, 16-га веку, паселішчы высякаюць старажытныя лістоўніцы ў парку, які заклаў яшчэ вядомы магнат Францішак Ашторп. Каб даглядаць іх, меў 100 чалавек прыслугі ды атрад целаахоўнікаў. Цяпер былая настаўніца, што заявіла ў СМІ пра высечкі, трапіла ў шпіталь. Таму замест яе са мной гутарыў сусед, спадар Аркадзь Ільін, які 20 гадоў адпрацаваў у мясцовай школе «біёлягам». Дагэтуль я сфатаграфаваў дзясяткі пянькоў проста перад хатамі вяскоўцаў — пілавалі, кажуць, «невядомыя».

Карэспандэнт: «А высечкі калі пачаліся?»

Ільін: «Два гады таму. „Гарачая лінія“ АНТ прыехалі, а ім паказалі пасаджаны ў 50-х гадах парк каля школы, засаджаны таполямі. А працягласьць іх жыцьця — 40 гадоў, яны і самі валіліся — бярыце, цягайце на дровы. Я і сад той садзіў, якога цяпер няма. Балюча было глядзець…»

Яблыневы сад быў на школьным двары. Пра яго лёс мне ўжо расказаў вядомы на Пухавіччыне праваабаронца, ураджэнец Дукоры, спадар Сяргей Абразоўскі.

Абразоўскі: «Дырэктар Дукорскай школы Панюшэнка, для таго каб пабудаваць свой дом, высек сад, пасаджаны вучнямі гэтай школы! Пра якую павагу да настаўніка можна гаварыць?! У мяне трапяткія адносіны да маіх настаўнікаў, якія мяне вучылі — Аляксандар Антонавіч Рэдзька, Дзьмітрый Хведаравіч Абразоўскі, Васіль Мікітавіч Сьвістун — людзі, якія вучылі мяне прышчэпліваць гэты сад. Гэта злачынства супраць маралі, супраць сваіх вучняў! Тая ж сытуацыя — высякаць парк, пасаджаны „праклятымі“ панамі, як гаварылі. На самой справе — людзьмі, якія будавалі, узвышалі, стваралі! Агінскія, Дукавы прывезьлі лістоўніцы з Сыбіры, пасадзілі — і цяпер усё гэта будзе высякацца…»

Я зьвязаўся са старшынёй Дукорскага сельсавету Тацьцянай Савік — тая, паводле чыноўніцкай завядзёнкі, абяцала «разабрацца».

Савік: «Узгоднена з экалягічнай службай, і старыя дрэвы падпадалі пад высечку. Я зьежджу пагляджу! У глыбіні парку бураломы, вужакі — салдатаў прывозілі высякаць. Але я ніяк не за тое, каб высякаць старажытныя дрэвы!

Паркавая зона ў 25 га аддадзеная ААА „Пухавічаграпрадукт“ для аднаўленьня панскай сядзібы. Яны выкупілі разбураны будынак музэю, браму, якая стварала небясьпеку, бо ўпала піка-купал, а там ходзяць дзеці ў школу. Туды ўсе нашы алькаголікі пацягнуліся — улетку яны даюць ім працу штодзень, ці то касіць, ці ўбіраць. А месцы ягадныя, сок бярозавы — аграэкатурызм, гэты комплекс вельмі патрэбны для разьвіцьця нашай вёскі!»

Пра аднаўленьне паркава-сядзібнага комплексу, якое можа стаць адзіным гарантам захаваньня тутэйшай мінуўшчыны, — пазьней. Пакуль жа — пра гісторыю і прычыны таго, што адбываецца. Ізноў да размовы са спадаром Ільіным.

Ільін: «Я тут быў у самыя цяжкія часы старшынёй Дукорскага сельсавету — калі тут атамную будавалі. Не было дзе базіравацца будаўнікам — на тэрыторыі Дрычанскага сельсавету адначасова пачалі будаваць АЦЭЦ, Дружны пачалі на тэрыторыі Рудзенскага сельсавету, а мне шыш — у раёне заткнулі…»

Гэта таму, што атамную, як вядома, на Пухавіччыне будаваць кінулі, але «цяжкія часы» ня скончыліся дагэтуль.

Карэспандэнт: «А вы чулі, што сельсаветы будуць скарочаныя, як Ярмошына заявіла?»

Ільін: «Бардэль, значыць, будзе! (Сьмяецца.) Тут жа і прапіска ўся — мясцовая ўлада ва ўсім сьвеце самая эфэктыўная. Сельсаветам, наадварот, трэба даваць большую ўладу!»

Карэспандэнт: «А што вы маглі як старшыня?»

Ільін: «За 3–4 гады сюды прыехала 6–8 тысяч чалавек з усяго Саюзу — аж з БАМа, Кольскай, Смаленскай АЭС…»

Карэспандэнт: «І фэрма на 100 коней у вас была, і сьвінакомплекс на 3600 галоў…»

Ільін: «Каля 700 кароў у людзей, а цяпер — 32…»
Жыцьцё ў Дукоры носіць сэзонны характар — цяпер зойдзеш у краму, дык 2–3 чалавекі, а ўлетку і ў чарзе даводзіцца стаяць

Карэспандэнт: «1600 чалавек прапісана — дзе яны?»

Ільін (сьмяецца): «Паглядзіце, дзе дарожкі пратаптаныя! Неяк давялося а 6-й увечары ісьці Менскай вуліцай ад асфальту да цэнтру, і ў адной толькі хаце сьвятло гарэла. Жыцьцё ў Дукоры носіць сэзонны характар — цяпер зойдзеш у краму, дык 2–3 чалавекі, а ўлетку і ў чарзе даводзіцца стаяць. Дукора належыць унукам…»

Дабіраюся на ўскраіну, дзе жыве насупраць былой крамы — арыенцір — спадар Васіль Сьвістун. Яму 88, былы сакратар Пухавіцкага райкаму тагачаснай ПКБ. Краязнаўца — у савецкія часы стварыў і афіцыйна зарэгістраваў музэй у асобна ўзятай Дукоры. Цяпер сівы гаспадар цяжкавата падымаецца на хворыя ногі з прагнутай канапы — «Яшчэ й ціск даймае!» Паказвае на былую краму:

Сьвістун: «Яе ўжо даўно няма. Проста нявыгадна ў ёй працаваць чалавеку, і не знайшлі. Цяпер яна нікому непатрэбная, бо ў ёй не нагандлююць на ўтрыманьне самой крамы і прадавачкі. Гэта сыстэма разагнала людзей. Гэта развал усяго, што было зроблена. Правільна, пры камуністах ня ўсё было гладка — былі пралікі, спэкуляцыя, але трэба было прыціснуць, хто вінаваты!»

* * *
Ля дзейнай крамы разгаварыўся са Штэпсэлем ды Тарапунькам — так умоўна азначыў для сябе даўгавязага і хударлявага 31-гадовага Сяргея ды невысокага, пахмурнага 30-гадовага Мікалая. А разгаварыліся акурат пра тое, куды дзелася Дукора.

Хлопцы: «Сумна ў нас цяпер стала, ніхто ў госьці не прыяжджае — усе імкнуцца ў горад пайсьці. Зараз у нас клюб закрылі — вёска гібее, хоць было вельмі весела… Зарплаты няма — у калгасе 2–2,5 мільёна. Новы старшыня прыйшоў з Гомеля, урэзаў і сказаў, што па мінімуме будзем атрымліваць — нібы аграгарадок, а жыць немагчыма… Фэрмы ёсьць, а людзі гадамі чакаюць нейкага жыльля. Сэнс затрымацца маладой сям’і? За мільён-два працаваць — а пракармі дзяцей! Я тут жыву, а ў Менску працую. У мяне заробак 3 млн. У мяне нядаўна дзіця нарадзілася, трэба купіць пампэрсы — 300 тысяч, камунальныя — 200, а за што жыць?!. Я 8 гадоў тут у калгасе трактарыстам адпрацаваў — не нажыў жыльля і сышоў у горад, бо двое дзяцей. Дзіцячы сад — увогуле праблема: куды аддаць?! У жонкі дэкрэтны адпачынак заканчваецца. Калгас кажа — кідай Менск і на мільён… У мяне жонка тут працуе гадоў 12 даяркай — заслужаная. Трое дзяцей — ані каналізацыі, ані гарачай вады. 2–2,5 млн, і кажуць, што мнагавата плацяць. А як дзіця карміць?! Усе ўцякаюць адсюль — вёска памірае…»

Карэспандэнт: «А што заваліла Дукору?»

Хлопцы: «Кіраўніцтва — пастаянна мяняецца, за апошнія тры гады трэці старшыня! Пад сябе ўсё грабуць — каб сабе болей выхадзіла, эканомяць на людзях… А ў нас рукі ёсьць — я ў Маскве нешта пабудаваў, захапіце мяне тут!»

Я ўжо расказваў некалі, што апошнім усплёскам мясцовага супраціву ўладнаму самаўпраўству быў апублікаваны ў незалежным друку адкрыты ліст і заява ў пракуратуру колішняга юрысконсульта «Агра-Дукоры» Сяргея Шостака. Ён ускрыў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Турка ды старшыні СВК «Дукора» Дамарада, якія яшчэ ў 2005-м — цытую — «фактычна падаравалі прадпрымальніку Немагаю сажалку плошчай 11 га. Матэрыяльныя страты гаспадаркі склалі 116 млн рублёў». Раённы пракурор таксама выявіў парушэньні закону і параіў Шостаку зьвярнуцца ў суд. Але кіраўнік СВК Дамарад пасьпеў звольніць яго па скарачэньні штатаў… Пытаюся ў апазыцыйнага палітыка, спадара Васіля Сьвістуна пра Шостака:

Сьвістун: «Шостак — заежджы расеец, ён калючы быў хлопец. Працаваў у канторы, празь яго праходзіла ўся дакумэнтацыя. Мала-памалу счапіўся са старшынёй, той яго выгнаў, тады ён „кальнуўся“ на ўсё, што ведаў…»

Карэспандэнт: «Яго выбух і тое, што казаў — справядліва было?»

Сьвістун: «Справядліва, але давесьці ня ў стане быў — не далі…»

Васіль Мікітавіч стаў духоўным бацькам памянёнай рэстаўрацыі паркава-сядзібнага комплексу, якую распачаў ягоны вучань, цяпер прадпрымальнік з Мар’інай Горкі Іван Гумоўскі. Дарэчы, на сваю рызыку і без афіцыйнага статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці для гэтай мясьціны. Зрэшты, а ці ён патрэбны?! Гэта ў адказ на маё пытаньне кажа цяперашні ўпраўляючы сядзібай ад фірмы «Пухавічаграпрадукт», кіраўнік дабрачыннага фонду «Дукорская сядзіба», 40-гадовы спадар Сяргей Кузьменка.

Кузьменка: «Каб быў статус гісторыка-культурнай спадчыны, стаяла б моц дзяржавы. У той жа час гэта расьцягнулася б на дзесяцігодзьдзі і на мільярдныя ўкладаньні сюды — узгадаем Мірскі замак, Нясьвіж. Мы ж будуем у сучасным выглядзе на гістарычнай глебе — самі, за свае грошы, сваімі рукамі…»

У часе працы Сяргею давялося сутыкнуцца і зь нядобрасумленнасьцю свайго брата-прадпрымальніка, майстэрня якога — насупраць брамы, што аднаўляецца.

Кузьменка: «Кампанія „ОВСТ“ Дударэвіча Віктара Аляксандравіча займаецца апрацоўкай зрубаў. Паабяцаў нам зрабіць, і гэта была першая дамова грамадзкага фонду зь ім. Ён папрасіў аванс 60% — грошы былі пералічаныя ў тэрмін. І ў сакавіку будзе два гады, як ён яго робіць. Падалі ў гаспадарчы суд на яго на суму, якую вінен, паводле закону, з адсоткамі…»

У Дукоры ведаюць сёньня ўсе: аднаўленьне паркава-сядзібнага комплексу —галоўная надзея паселішча на выжываньне і будучы росквіт.

Кузьменка: «Узьнікла ўсё ў галаве Івана Гумоўскага — аднавіць усё, каб пакінуць наступным пакаленьням. Стварыць дабрачынны фонд па аднаўленьні Дукорскай сядзібы. Я сам працаваў у Дукоры ў мэліярацыі і бачыў жывы стан яшчэ ўязной брамы. Праз 20 гадоў убачыў, што дах зьняты, усё зруйнавана. У красавіку тры гады будзе, як пачалі займацца. Брама на сёньня рэстаўраваная на 70%, будынак музэю, народныя промыслы, сялянскія падворкі, будуецца карчма. Першая згадка пра сядзібу была з такімі вядомымі ўласьнікамі, як Завішы, Агінскія, Сапегі. Пры Ашторпу ўсё тут было адбудавана ў камені. У яго быў узровень губэрнатара вобласьці — маршалак, былі свой аркестар, цырк, тэатар, вялізная бібліятэка. Балі былі. Пасьля сьмерці Ашторпа перайшло Гартынгам, апошні ў 1919-м зьехаў у Францыю. У 90-х прыяжджаў унук яго, паглядзеў, разгубіўся, што ўсё зруйнавана, хоць сама сядзіба да 1943 году была цэлая. Партызаны ўзарвалі, на руінах школа, потым народны музэй да канца 80-х. Пасьля ўсё паваліла буранам. Комплекс, які спрабуем аднавіць, будзе называцца „Дукорская сядзіба“. Канчаткова хочам адчыніць у 2015-м…»

Карэспандэнт: «Вы робіце замах, каб Дукора стала такой жа, як Дудуткі славутыя?»

Кузьменка: «У Дукоры багацейшая гісторыя, чым у Дудутках — будзе што паглядзець і паказаць. Паркавая зона 16 га ў бядотным вельмі стане. Ёсьць рэдкія ліпы, дуб у тры абхваты. І мы прыйшлі, каб дрэвы сябе яшчэ паказалі, пажылі. Таму аніякай высечкі ня прымем…»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG