Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд: Актывіст БНФ перапраўляў індусаў-нелегалаў празь мяжу


Раман Кісьляк, Жана Коўш, Уладзімер Вялічкін

Раман Кісьляк, Жана Коўш, Уладзімер Вялічкін

Адзін зь нелегалаў закрануў сыгналізацыю нагой — і ўсіх затрымалі. Актывіст апазыцыі Віталь Коўш асуджаны на 4 гады, а ягоны паплечнік у вышуку. Падрабязнасьці высьвятлала карэспандэнтка Радыё Свабода

Актывіст апазыцыі Віталь Коўш зь Берасьця са сваім падзельнікам перакінулі празь беларуска-польскую мяжу канат і пераправіў па ім у Эўразьвяз васьмёра індусаў. Адзін зь нелегалаў закрануў сыгналізацыю нагой — і ўсіх затрымалі.

Сьледзтва высьветліла, што індусаў вучылі альпінісцкім умельствам у прыватным катэджы вёсцы Цюхінічы. А канал нелегальнай міграцыі арганізавалі два берасьцейцы.

У выніку ўжо згаданы актывіст Віталь Коўш асуджаны на 4 гады, а ягоны паплечнік цяпер у вышуку, і магчыма хаваецца ў Расеі.

«Чаму гэта ўсё зь Віталікам здарылася, я не магу патлумачыць, — кажа Жана, жонка асуджанага па гэтай справе Віталія Каўша. — Я ніколі не лічыла яго ўжо такой птушкай высокага палітычнага палёту. Я ня ведаю, чаму так».

Паводле гэтай гісторыі Беларусьфільм меўся б зьняць неблагі тэлесэрыял. А пакуль што вэрсіі сьледзтва паверыў суд Берасьцейскага раёну.

Жонка Каўша «ў шоку». Сябры перакананыя, што хлопца проста падставілі. Праваабаронцы сьцвярджаюць, што сьледзтва і працэс адбываліся з грубымі парушэньнямі. А незалежная прэса шукае ў гэтае справе палітычнае адценьне.


Цюхінічы — пункт падрыхтоўкі нелегалаў


«Ніякі індус да мяне ў дом не заходзіў! Ды які трэніровачны цэнтр?! — абураецца Жана Коўш. — Калі б гэта сапраўды быў лягер, то міліцыя б ужо знайшла спосаб сюды прыйсьці. Ніводнага экспэрымэнту, ніводнай вочнай стаўкі не было!»

Паводле сьледзтва індусы прыбылі ў Маскву па турыстычнай пуцёўцы. Там іх сустрэў суйчыньнік, які за 15 тысяч даляраў з кожнага абяцаў даставіць іх у Эўропу. Індусы дабраліся да Беларусі. Пасьля таксыст, асоба якога не ўсталяваная, перавёз іх у вёску Цюхінічы ў прыватны катэдж. Гаспадаром катэджа, паводле сьледзтва, і быў Віталь Коўш.

У катэджы індусаў шыхтавалі на сапраўдных альпіністаў. Сьледзтва сьцьвярджае, што Коўш прывёз індусаў да мяжы, і кожны зь іх меў альпінісцкую экіпіроўку. Была пры іх і надзіманая лодка. Падзельнік ужо знаходзіўся на польскім баку. Разам з Каўшом яны нацягнулі над загараджальнай сыстэмай трос — атрымалася сваеасблівая «канатная дарога». І індусы папаўзлі ў Эўропу.

«Апэрацыю» праваліў адзін з апошніх, але затрымалі ўсіх нелегалаў. Было гэта ў ноч на 15 траўня мінулага году.

Паводле сьледзтва, індусы апазналі ў Віталю Каўшу гаспадара дома, у якім іх утрымлівалі, а таксама чалавека, які прывозіў іх да мяжы на «мэрсэдэсе» і ўсталёваў трос. Так дваццацівасьмігадовы Віталій Коўш стаў галоўным падазраваным.


Жонка Каўша мае звычку скардзіцца ў ААН


«Пэўны час Віталь удзельнічаў у грамадзкім, палітычным жыцьці, — кажа Ўладзімер Красько, — На выбарах 2010 году працаваў на кандыдата Кастусёва. Але ён ня быў фігурай знакавай, арганізатарскай. Удзельнічаў як валянцёр у гэтых мерапрыемствах. Мяркуючы па гэтым, цяжка сказаць, што такая складаная правакацыя можа быць ажыцьцёўлена супраць яго».
Цяжка сказаць, што такая складаная правакацыя можа быць ажыцьцёўлена супраць яго

Уладзімер — намесьнік старшыні абласной арганізацыі Партыі БНФ. У партыі ў Віталя сяброў шмат. Але ў суд яны не хадзілі. Маці Віталя была перакананая: калі справу сына зрабіць палітычнай, яму будзе толькі горш. Сябры паслухаліся. Але і тое, што справа палітычная, яны самі ня вераць. Кажуць проста: Віталя падставілі.

Катэдж, дарэчы, не Віталёў, а сваякоў ягонай жонкі. Сябры кажуць, што і езьдзіў ён на старэнькім «гальфе». Колькі месяцаў таму зарэгістраваў турыстычную фірму. «Толькі адкрылася, ксэракопія, дапамагалі людзям рэгістраваць анкеты на сайце амбасады», — кажа Жана. У Берасьці, дзе мяжа з Польшчай кіруе эканамічным жыцьцём людзей, такі бізнэс запатрабаваны. Цяпер усё абсталяваньне фірмы канфіскаванае. Канфіскуюць, паводле рашэньня суду, і іншую маёмасьць.

«Ён вельмі асьцярожны, законапаслухмяны чалавек, — апавядае Ўладзімер Красько — Я нават на тым прыкладзе, як ён аўтамабіле кіраваў, бачу. Ён заўжды правілы дарожнага руху выконваў, нават там, дзе іншыя іх парушалі. Для мяне нечаканасьць, што зь ім такое здарылася».

А вось пра сясьцёр Абрамавых, адна зь якіх, Жана, стала жонкай Віталя Каўша, незалежная прэса пісала шмат. Абедзьве яны скардзіліся ў на свавольле міліцыі ў камітэты ААН.

«Не было жаночага пэрсаналу, былі элементы сэксуальных дамагальніцтваў. Камітэт усталяваў гэтыя парушэньні і ўсталяваў факт дыскрымінацыі ў дачыненьні да яе, — апавядае берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк, які займаецца справай Абрамавых, а цяпер і Віталя Каўша.

Гэта меншая сястра Інга Абрамава ў 2007 годзе была затрыманая пасьля Эўрапэйскага маршу і правяла некалькі дзён у Берасьцейскім ІЧУ. Пасьля паскардзілася ў Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчынаў на тое, што ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА жорсткія і бесчалавечныя. Цяпер яна, адвучыўшыся ў Нямеччыне, мае, па словах сястры Жаны, практыку ў Гішпаніі.

«Высяляюць на вуліцу цяжарную жанчыну і шасьцігадовае дзіця», — пісала незалежная прэса ў 2008. Жана Абрамава расказвала, што ўжо паўгоду да іх грукаюць у вокны і дзьверы, тэлефануюць і маўчаць. А нехта нават спрабаваў выбіць дзьверы ў кватэру. Было гэта падчас канфлікту з гарадзкімі ўладамі, якія спрабавалі выселіць Абрамавых з кватэры, а органы апекі правяралі ўмовы, у якіх выхоўваецца іх найменшая, шасьцігадовая тады, сястра.

Сама Жана цяпер скардзіцца ў ААН у Камітэт па правах чалавека, — распавядае Раман Кісьляк. Нібыта супраць яе ўзбуджаліся крымінальныя справы, якія пасьля развальваліся. «То ў яе на працы недастача, то нейкія дзіцячыя вазкі скрала. Спачатку гэта быў канфлікт з працадаўцай, я так разумею. У той былі знаёмыя супрацоўнікі міліцыі, і, напэўна, яны й ініцыявалі. Нашая асноўная скарга, што яна не дастаўлялася да судьдзі на працягу доўгага часу».

Ці не зашмат прыгодаў на адну сям’ю?


«Я нават пра гэта гаварыць баюся, я ня ведаю. Нават агучваць не хачу. Усяляк можа быць. Але калі з-за гэтага, то мне страшна, што са мною можа заўтра адбыцца», — адказвае Жана Коўш на пытаньне, ці не справакаваная справа супраць мужа тым, што сёстры Абрамавы здаўна «дражняць» праваахоўныя органы Берасьця.

Справа не палітычная, але маглі асудзіць «не таго»


«Яго падставілі, сапраўдны арганізатар цяпер у бягах у Расеі», — ананімна кажа блізкі сябар Віталя. Імя падзельніка ў гэтай справе сьледзтва пакуль не разгалошвае. Але вядома, што зваць яго Аляксандар, 1959 году нараджэньня, жыхар Берасьця й грамадзянін Беларусі.

«Ёсьць доказы, што індусы былі ў гэтым доме, знойдзеныя фрагмэнты вяроўкі, якая выкарыстоўвалася пры нелегальным пераходзе мяжы, сьпісы гэтых людзей. Трэніравалаіся яны там на гарышчы», — запэўнівае прэс-сакратар памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка.

Паводле ягоных слоў, і такі экзатычны спосаб перапраўкі, як «канатная дарога», выкарыстоўваецца не ўпершыню. Робяць і падкопы, і пралазы. Бізнэс гэты ў Беларусі актывізаваўся ў апошнія гады. Едуць да нас з самых экзатычных краінаў, пра якія, жартуе Цішчанка, нават ня чулі ніколі.

«З чаго раптам Коўш, калі ён праваднік, пацягне індусаў да сябе дахаты?» — пытаецца Анатоль Шары. Шары — украінскі журналіст і палітуцякач. Да беларускай тэмы наблізіўся, калі ў Літве шукаў палітычнага прытулку і там пазнаёміўся з палітуцекачамі зь Беларусі.

Шары знайшоў аднаго з індусаў, якіх дэпартавалі з краіны, і разьмясьціў відэа зь ім у сваім блогу Малады мужчына па імені Маніндзер Сінг кажа, што ў берасьцейскай турме іх білі і катавалі, прымушаючы агаварыць чалавека. Анатоль апавядае, што асабіста Каўша, канечне, ня ведаў, але яго зацікавіла сама гісторыя:


«Нібыта нелегалы паказалі дом Каўша. Гэта трызьненьне, бо мне самому даводзілася камунікаваць зь людзьмі, якія дастаўляюць нелегалаў зь Беларусі ў Літву».

«Па-першае, такія „апэрацыі“ адбываюцца ўначы», — кажа Анатоль. Сапраўды, затрымалі індусаў у ноч на 15 траўня. «Па-другое, праваднік ня будзе трымаць іх у сваім прыватным доме», — мяркуе Шары. «І трэцяе — якім гэта чароўным чынам індусы, якія ўпершыню апынуліся ў абсалютна незнаёмай мясцовасьці, паказалі б гэты дом?»

Па словах Жаны Коўш, пры вобшуку канфіскавалі ў іх толькі ноўтбук сястры, некалькі дыскаў і 3G-мадэм. «Яны пішуць у сваіх газэтах, што ў нас канатную дарогу забралі. У мяне ў жыцьці канатнай дарогі не было! Ніводнай вяровочкі кароткай у нас не забралі», — кажа Жана.

Кісьляк таксама прысутнічаў пры вобшуку, але ня памятае, каб канфіскоўвалі рэчы, якія пасьля фігуравалі б у справе. Ці былі яны насамрэч?

З вобшукам да іх прыйшлі 24 траўня. Усё лета, кажа Жана, Віталь хадзіў на працу, нідзе не хаваўся.

«Віталь адкрыў браму, сабраўся да бацькоў ехаць у Ваўкавыск. Гэта было 1 верасьня. Яго скруцілі, кінулі ў машыну. Мы яго давай шукаць. Тры дні не маглі знайсьці. У ізалятары сказалі, што ён ня лічыцца ў іх. Толькі пасьля таго, як мы скаргу напісалі, нам ужо адказалі, што ён у ізалятары», — апавядае Жана Коўш пра тое, як затрымалі яе мужа.

Па словах Кісьляка, індусы паказвалі, што яны жылі ў драўляным доме, а ў Каўшоў дом з каменю. Апазнавалі дом без прысутнасьці гаспадароў: «Толькі сястра малая была дома. Яны нават да дома не пад’ехалі, а да суседняга ўчастку на мікрааўтобусе. Як шчанюкоў падвезьлі на ўскраіну. У дом ніхто не заходзіў», — кажа Жана Коўш.
Судьдзя берасьцейскага суду Мікалай Сянько, пачуўшы, што тэлефануе Радыё Свабода, рэзка страціў слых

Усё абвінавачаньне трымаецца на паказаньнях гэтых васьмі індусаў. Прычым у матэрыялах справы 53 варыянты напісаньня іх прозьвішчаў. «Паказаньні індусаў па сутнасьці растыражаваныя, скапіяваныя на кампутары — з памылкамі, з абдрукоўкамі. Коўш некалькі дзён у судзе зачытваў гэтыя супадзеньні. Сапраўдныя паказньні ня могуць быць такімі», — упэўнены Кісьляк.

Супрацоўнік індыйскай амбасады ў Менску, які працаваў у гэтай справе перакладчыкам, кажа, што затрыманыя індусы ні на што ня скарадзіліся. «Турма як турма. Харчаваньне толькі, але ж гэта не рэстаран, самі разумееце. Пра зьдзекі і зьбіцьцё нічога нам не казалі».

Дапытаць саміх індусаў, што адпавядала б заканадаўству, ужо немагчыма: яны дэпартаваныя зь Беларусі з забаронай на ўезд на 5 гадоў. Анатоль Шары кажа, што, паводле ягоных зьвестак, яны не пакінулі спробаў сысьці за мяжу, а магчыма, ужо і знаходзяцца ў адной з краінаў Эўразьвязу.

Прысуд Віталю Каўшу будуць абскарджаваць. Праваабаронцы перакананыя: парушэньняў шмат. Яны праводзяць прэс-канфэрэнцыі і рыхтуюць скаргі. Судьдзя берасьцейскага суду Мікалай Сянько, пачуўшы, што тэлефануе Радыё Свабода, рэзка страціў слых, і болей ужо слухаўку не здымаў. Супрацоўнікі пракуратуры таксама ахвоты камэнтаваць справу Каўша не выказалі.

Аднак нават пры адсутнасьці ў ёй палітычнай падаплёкі выглядае, што сьледзтва ня надта абцяжарвала сябе выкананьнем працэдураў і ўсталяваньнем справядлівасьці.

«Увогуле ня ведаю, што ў Беларусі трэба зрабіць, каб дамагчыся справядлівага разгляду справы. Пераводзіў іх Коўш ці не пераводзіў — я ня ведаю, але лёгіка супраць таго, што „зьляпіла“ сьледзтва і суд вырашыў», — робіць выснову Анатоль Шары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG