Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хавэр адступіў, праблемы засталіся


Гарадзкі транспарт ходзіць зь перабоямі. У крамы са спазьненьнем завозяцца прадукты. Некаторыя населеныя пункты дагэтуль без электрычнасьці — такія наступствы сьнежнага шторму.

Ураган, які атрымаў ў Эўропе назоў «Хавэр», фактычна спыніў рух транспарту ў Беларусі. На трасах заносы, шматкілямэтровыя коркі, рух абмежаваны. Нацыянальны аэрапорт прыняў адзінкі рэйсаў, дзясяткі адмененыя. Гарадзкі транспарт ходзіць зь перабоямі. У крамы са спазьненьнем завозяцца прадукты. Некаторыя населеныя пункты дагэтуль без электрычнасьці — такія наступствы сьнежнага шторму.

Найбольш пацярпела ад урагану цэнтральная частка краіны, кажа прэсавы сакратар Міністэрства надзвычайных сытуацый Віталь Навіцкі:

«Тэрыторыя Менскай вобласьці, пад’езды да сталіцы, часткова Магілёўская вобласьць. У Гомельскай вобласьці было больш праблем, зьвязаных з праліўнымі дажджамі — працавала тэхніка на адпампоўваньні вады. Мінімальна закранутыя Гарадзенская, Берасьцейская і Віцебская вобласьць».

Амаль суткі была паралізаваная сталіца. Наземны гарадзкі транспарт у пятніцу ўвечары не працаваў зусім, у спальныя раёны людзі вымушаны былі дабірацца пешшу. У гадзіну не спыняліся цягнікі ў мэтро на Кастрычніцкай і Купалаўскай — баяліся цісканіны. У суботу транспарт працуе зь вялікімі перабоямі. Адменены заняткі ў школах, унівэрсытэтах. Адмененыя народныя гуляньні — меркавалася, што ў суботу і нядзелю народ будзе сьвяткаваць Масьленіцу. Яшчэ больш праблем у рэгіёнах.

Апавядае жыхар Плешчаніцаў, што ў Лагойскім раёне, Юры Крывашэй: «У мяне сумёты па вакно, усё замецена сьнегам. Сур’ёзна было раніцай, а вельмі сур’ёзна было ў пятніцу. Рэйсавыя аўтобусы зь Плешчаніцаў адмененыя. Электрычнасьць ёсьць, але часам прападае. У Лагойскім раёне, напрыклад, да 12-й ночы ў пяці населеных пунктах на 100% была адключана электрычнасьць. Напрыклад, у вёсцы Акцябр больш за суткі не было сьвятла. У саміх Плешчаніцах на некаторых вуліцах учора ўвечары аднавілі падачу электраэнэргіі, на некаторых — толькі сёньня раніцай. Ну а дарогі да вёсак ніхто ня чысьціць. Цэнтральныя сядзібы сельсаветаў яшчэ чысьцяць, а далей дабрацца ўжо немагчыма. Неяк трактарамі яшчэ грабуць, а адмысловых машын для ачысткі дарог на вёсках няма».

За мінулыя суткі ў Менску было больш за 160 дарожна-транспартных здарэньняў, абышлося без ахвяраў. «Менсктранс» паведамляе, што 80% прыгарадных аўтобусаў не даходзіць да канцавых пунктаў. Ураганам было абясточана амаль 1700 населеных пунктаў краіны, энэргетыкі працуюць круглыя суткі, праблемы на дарогах застаюцца, кажа прэсавы сакратар МНС Віталь Навіцкі:

«Паводле інфармацыі энэргетыкаў, яшчэ больш за 300 населеных пунктаў застаюцца без электрычнасьці. Таксама на некаторых участках дарог, да прыкладу, каля пасёлку Прывольны, па-ранейшаму не адноўлены рух. Але зараз такіх участкаў 2–3, а ўчора мы вялі гаворку пра 30».

Затор на трасе М4 каля Прывольнага па стане на 11 гадзін, фота МНС

Затор на трасе М4 каля Прывольнага па стане на 11 гадзін, фота МНС


Дагэтуль найбольш складанай зьяўляецца траса М4 Менск—Магілёў, у Чэрвенскім раёне затор з аўтамабіляў расьцягнуўся на 30 кілямэтраў, паведамляе Менскае абласное ўпраўленьне МНС. 10 кілямэтраў складае затор на трасе Менск—Горадня. Коркі ў Дзяржынскім раёне, цяжка дабрацца да прыгараду Менску Гатава.

Практычна ў палоне амаль на суткі апынуліся пасажыры Нацыянальнага аэрапорту «Менск». Да гораду было дабрацца немагчыма, рэйсы адмененыя. У суботу аэрапорт прыняў некалькі самалётаў — маскоўскі, які амаль на суткі затрымаўся ў Гомелі, стамбульскі. Але вылет дзясяткаў міжнароных рэйсаў затрымліваецца на няпэўны час.

У суботу да барацьбы са стыхіяй далучыліся вайскоўцы. Гарадзкія ўлады заклікаюць жыхароў гораду расчысьціць хаця б свае двары. Менчукі, дарэчы, актыўна адгукаюцца: у Каменнай Горцы на ўборку выйшла 65 чалавек толькі з аднаго дома.

Віталь Навіцкі: «МНС зьвяртаецца ў чарговы раз да грамадзянаў зь пераканаўчай просьбай: не выкарыстоўваць асабісты аўтатранспарт. Тым больш, што практычна ўсе выезды зь Менску зараз перакрытыя. І просім паркаваць аўтамабілі так, каб яны не перашкаджалі працы камунальных службаў».

Пад вечар завіруха ў Менску спынілася, ідзе лёгкі сьняжок. Але сыноптыкі папярэджваюць, што чакаецца ўзмацненьне маразоў да мінус 20 градусаў.



Вуліца ў Крупках пасьля шторму


А як вы перажылі «Хавэр»?

Пакідайце у камэнтарах свае ўражаньні і цікавыя гісторыі.

Дасылайце вашыя фатаздымкі й відэасюжэты на rferl.minsk@gmail.com.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG