Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз год пасьля расстрэлу фігурантаў па справе тэракту ў менскім мэтро Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава наша праграма пацікавілася ў мінакоў на вуліцах Магілёва: як ставяцца яны да сьмяротнага пакараньня, ці варта аддаваць целы расстраляных іх сваякам і ўвогуле ведаць пра апошні шлях сьмяротніка?



Калі ў стаўленьні да самога сьмяротнага пакараньня сярод апытаных няма адзінства, то наконт выдачы цела родным і пахаваньня на звычайных могілках усе выказаліся станоўча. Што да апошняга шляху сьмяротніка, то выказвалася думка, што ведаць гэта для блізкіх цяжка, аднак яны самі павінны вырашаць.

40 апошніх міляў


На сайце амэрыканскага Цэнтру інфармацыі пра сьмяротнае пакараньне, дзе, сярод іншага, можна знайсьці інфармацыю пра апошнія сьмяротныя пакараньні ў краіне, а таксама пра тое, якія штаты адмаўляюцца ад гэтай меры, выстаўлены трэйлер анімацыйнага фільму «Апошнія 40 міляў».



Гэта гісторыя асуджанага на сьмерць вязьня тэхаскай турмы. 40 міляў — шлях, які аддзяляе ягоную вязьніцу ад месца, дзе яму павінны зрабіць сьмяротную іньекцыю — камэры выкананьня сьмяротнага пакараньня ў горадзе Лівінгстан, на ўсходзе штату Тэхас. Трэйлер адкрываецца радкамі з шатляндзкага паэта Томаса Кэмпбэла, напісанымі ў канцы XVIII стагодзьдзя, — пра тое, што надзея памірае апошняй.

«Я вырас у Місісіпі, частку дзяцінства правёў у Тэхасе. Гэта быў ня надта шчасьлівы час, — кажа перад сваім апошнім падарожжам вязень-сьмяротнік. — Я ня ведаю, як я дайшоў да таго, што цяпер са мной… Больш за год я нічога ня чуў ад мамы».

У фільме можна ўбачыць апошнюю трапэзу асуджанага, ягоную апошнюю турэмную прагулку, апошнія заняткі спортам, тое, як ён піша разьвітальную запіску (магчыма, маці). Нарэшце, сам шлях у 40 міляў. Дарожныя пэйзажы, апошні зь якіх — узыход сонца над велізарным возерам. Яшчэ вязень сустракае нечаканую спагаду з боку ахоўніка. Увесь гэты час разам зь ім — надзея. Сьмяротнік ужо праходзіў гэты шлях раней. Два разы.

Аўтар фільму, тэхаскі журналіст Алекс Ханфард тлумачыць, што пакуль яго галоўнага героя, абвінавачанага ў цяжкім злачынстве, трымалі ў турме, ягоная справа тройчы вярталася ў суд на перагляд (разгляд апэляцыі — гэта ва ўмовах амэрыканскай судовай сыстэмы звычайна працяглая працэдура). Кожнае падарожжа сьмяротніка на месца пакараньня было як апошняе.

«У героя „Апошніх 40 міляў“ ёсьць рэальны прататып,— расказвае Алекс Ханфард. — У 2004, калі мне споўнілася 30, я ўзяў інтэрвію ў чалавека, які на той час 30 гадоў правёў у камэры сьмяротнікаў. Яго тройчы накіроўвалі ў камэру, дзе выконваюць сьмяротны прысуд, тройчы зачытвалі апошні раз ягоныя правы і тройчы давалі апошнюю ежу…За гады, што я асьвятляў тэмы турэмнай сыстэмы і сьмяротнага пакараньня ў Тэхасе, я сустракаў і іншых падобных людзей. Лістуючыся і размаўляючы зь імі на працягу гадоў, я шмат чаго даведаўся пра іх мінулае жыцьцё і часьцяком трагічнае дзяцінства»

Фільм «Апошнія 40 міляў» грунтуецца на ўсіх гэтых гісторыях. Паводле стваральнікаў, іхная карціна — пра раскаяньне, спагаду, дараваньне і спачуваньне: якасьці, якія сёньня так неабходныя амэрыканцам. Хоць большая частка насельніцтва ЗША (як, дарэчы, і Беларусі) выступае за сьмяротнае пакараньне, але калі ты сам чалавек, то і да таго, каго чакае сьмерць, трэба ставіцца як да чалавека… Аўтары «Апошніх 40 міляў» плянуюць прадставіць сваю працу на розных кінафэстывалях у 2013–2014 гадах.

Амэрыканскае заканадаўства прадугледжвае пяць спосабаў пакараньня сьмерцю. Гэта сьмяротная іньекцыя (36 штатаў), электрычнае крэсла (9 штатаў, асуджаны можа абраць у якасьці альтэрнатывы сьмяротную іньекцыю), газавая камэра (5 штатаў, асуджаны можа абраць у якасьці альтэрнатывы сьмяротную іньекцыю), павешаньне (2 штаты, асуджаны можа абраць у якасьці альтэрнатывы сьмяротную іньекцыю), а таксама расстрэл (толькі штат Аклахома). У штаце Юта асуджаны можа выбраць расстрэл як альтэрнатыву сьмяротнай іньекцыі.

Пасьля таго як турэмны лекар канстатуе сьмерць, праводзіцца абавязковая працэдура ўскрыцьця, а потым цела альбо выдаюць сваякам, альбо хаваюць за кошт штату. Згодна з законам, пакараньне сьмерцю адбываецца ў прысутнасьці сваякоў асуджанага. За стратаю праз шкло могуць назіраць з адмысловых памяшканьняў прадстаўнікі ўраду, СМІ, сваякі асуджаных і ахвяраў.



На момант інтэрвію, якое два гады таму для першага расейскага фэдэральнага тэлеканалу ўзяў журналіст Уладзімір Позьнер, вязьню-сьмяротніку адной з тэхаскіх турмаў Крыстафэру Янгу было 23 гады. Малады чалавек да таго часу адседзеў у турме 5 месяцаў. Асуджаны за цяжкае забойства, рабунак і забойства, афраамэрыканец не прызнаў сваёй віны і падаў на апэляцыю…Нягледзячы на тое, што гэта працяглы працэс, сама па сабе адтэрміноўка пераносіцца ім псыхалягічна вельмі цяжка...

Час ад часу асуджанага на сьмерць наведвае мама, якая жыве за 600 кілямэтраў. Вельмі чакаюць яго малодшы брат і малодшая сястра. Таксама наведвала маленькая дачка. Калі ён яе бачыць, то проста шчасьлівы. Гэта дае яму надзею. Вязень мяркуе, што калі яго будуць караць сьмерцю, толькі некаторыя сваякі прыйдуць разьвітацца зь ім, бо многія адвярнуліся ад яго…


«Падчас расстрэлу зыходзяць з таго, як вязьню лягчэй паміраць»




У Беларусі згодна з законам у якасьці вышэйшай меры практыкуецца толькі расстрэл. У сваёй кнізе «Расстрэльная каманда» і сэрыі інтэрвію, у тым ліку і для нашай праграмы, былы начальнікі «Валадаркі» Алег Алкаеў, які прымаў удзел у выкананьні 134 сьмяротных прысудаў, сьцьвярджае, што гэтая працэдура псыхалягічна цяжкая ня толькі для асуджаных, але і для выканаўцаў. Сёньня Алег Алкаеў выступае супраць сьмяротнай кары. Пра некаторыя моманты сваёй дзейнасьці ў якасьці кіраўніка расстрэльнай каманды ўспамінае:

«Я абвяшчаў зьняволенаму, што ён будзе пакараны, але ня сёньня. Даваў зразумець, што яго яшчэ кудысьці павязуць. У яго заставалася нейкая надзея, а на самой справе яго каралі сьмерцю праз 1–2 хвіліны. Я лічыў, што так лягчэй яму будзе паміраць. Там чалавек за кожную хвіліну змагаецца… Вельмі цяжка было са сваякамі, асабліва маці. Я ніколі не казаў ім, што чалавек расстраляны, толькі тое, што яго няма ў турме, што ён адбыў на месца выкананьня прысуду. Тыя, хто разумеў, што ён расстраляны, спрабавалі даведацца месца, атрымаць цела. На гэтыя пытаньні трэба было адказваць, а адказваць не было чаго».

У сям’і расстралянага год таму Ўладзіслава Кавалёва кажуць, што ім невядомая дакладная дата яго сьмерці. Яны ня вераць таму, што напісана ў афіцыйным пасьведчаньні — 15 сакавіка. Яшчэ больш сумневаў наконт так бы мовіць, далікатнасьці турэмнікаў. Праз год пасьля апошняга спатканьня з Уладам ягоным сваякам — маці и сятры — вельмі непрыемна ўзгадваць тую нязвыклую для супрацоўнікаў «Амэрыканкі» ветлівасьць, бо ўвесь час дагэтуль яны паводзілі сабе груба ды цынічна.
Любоў Кавалёва

Любоў Кавалёва


Цяпер тыя «шчырыя парады» пра кніжкі і лекі, якія лепш набыць чалавеку, якому заставалася жыць зусім нічога, — прычым яны гэта цудоўна ведалі, мяркую, ведаў таксама і Ўлад, — інакш як зьдзекі не ўспрымаеш, лічыць маці.

«Увесь час думаеш пра яго апошні шлях, хоць і не хочаш пра гэта думаць, — кажа жанчына. — Тое, як яго вядуць па калідоры на расстрэл… Якія ў яго адчуваньні былі… Пра што думаў... Напэўна ж, думаў і пра нас… Нават цяпер такая жахлівая трывога раптам ахопіць. Здаецца, усё самае страшнае ўжо здарылася… І ўсё роўна не магу спаць… Нейкую сымбалічную магілу, куды можна было б пайсьці паплакаць, рабіць не хачу… Мне здаецца, што душа сына павінна здабыць спакой. Улада расстралялі ў адным месцы, калі пахавалі, то ў іншым… А тут яшчэ адна сымбалічная магіла… Усё ж такі трэба дамагацца ад іх, каб вярнулі цела сына. Яны ўжо ўсё зрабілі, што хацелі: пазьдзекаваліся зь яго, зь мяне. І цяпер працягваюць. Прыкрываючыся артыкулам 176, згодна зь якім месца пахаваньня не абвяшчаецца, а цела не выдаецца…»


«Ведаць пра апошні шлях асуджанага вырашаць сям’і, а не дзяржаве»


Так лічыць праваабаронца «Плятформы» Алена Красоўская-Касьпяровіч. Яна мяркуе, што Любоў Кавалёва ніколі не атрымае цела Ўлада. Але тое, што яна гэтага патрабуе, вельмі важна для іншых. У грамадзтве павінны ведаць, што прысуд, калі ён выконваецца, выконваецца на падставе закону, цывілізаваным шляхам…Сёньня пра ўсё гэта ведае вельмі вузкае кола. Наўрад ці пра гэта нехта захоча гаварыць, бо, выявіўшы гэтыя магілы, там магчыма можна будзе ўбачыць і пераламаныя косткі, і праламаныя чарапы…

Красоўская-Каспяровіч: «Аднак гэта не павінна быць дзяржаўнай таямніцай. Калі сямейнікі захочуць ведаць пра апошні шлях свайго блізкага, яны мусяць мець такое права. Зразумела, гэта выбар кожнага. Камусьці лягчэй схаваць галаву ў пясок, стаяць у позе страўса і ня ведаць нічога…Для іншых, у тым ліку і для мяне, напэўна, было б лягчэй ведаць усё, што ад самага пачатку да самай апошняй хвіліны — што было ў апошні дзень блізкага мне чалавека, якой была яго вячэра ці сьняданак, з кім ён размаўляў, як яго вялі на сьмерць, як ён яе прыняў».

Алена Красоўская-Касьпяровіч ня робіць таямніцы з таго, што ў свой час яе мужу таксама «сьвяціў» сьмяротны прысуд. Аднак суд прыгаварыў яго да 18 гадоў зьняволеньня. Мая суразмоўца ніколі не зьбіралася абяляць ягонае крымінальнае мінулае.

Са сваім мужам яна пазнаёмілася ў колішняй ПК-1 на Кальварыйскай (такая калёнія існавала ў Менску да 2011 году). У 2004 годзе Алена ўладкавалася мэдсястрой у рэспубліканскі турэмны шпіталь, што месьціўся на тэрыторыі калёніі. А Андрэй на той момант ужо некалькі гадоў як сядзеў у ёй.

Алена кажа, што закахалася не ў бандыта, а ў моцнага чалавека, які, у адрозьненьне ад многіх іншых ЗК, не хаваў свайго злачынства і казаў, што яго трэба было асудзіць па поўнай. Дарэчы, Андрэй падабаўся ня толькі Алене, а многім іншым маладым жанчынам, якія працавалі ва ўстанове.

Рашэньне абаіх узяць шлюб выклікала сапраўдны скандал у калёніі. Алёна мусіла звольніцца, а Андрэя перавялі ў іншую ПК.

Сямейнае жыцьцё доўжылася пяць з паловай гадоў. У красавіку мінулага году жанчыне паведамілі, што яе муж памёр у ШЫЗА папраўчай установы ў Навасадах у выніку самагубства.

Алена ня верыць у афіцыйную вэрсію сьледзтва. Свае высновы яна выклала ў артыкуле на сайце «Плятформы».

Праваабаронца настойвае, каб усе турэмныя памяшканьні ня проста былі абсталяваныя відэакамэрамі. Гэтыя відэаматэрыялы павінны быць даступныя ня толькі супрацоўнікам МУС, але і праваабаронцам, прадстаўнікам грамадзкіх арганізацыяў, іншым, хто ў ёй зацікаўлены, у тым ліку і сваякам.


«Зь вязьня нельга рабіць грушу для зьбіцьця і аб’ект прыніжэньняў»


Красоўская -Касьпяровіч: «Я ня раз чула ад людзей, якія былі падсьледнымі „Валадаркі“ і якім даводзілася ў сілу розных прычын знаходзіцца ў так званым „спэцкалідоры“, там, дзе месьцяцца камэры для сьмяротнікаў і пэзэшнікаў (пажыццёвае зьняволеньне). Нейкі час у тым калідоры, з-за таго, што ў СІЗА ганялі прусакоў, у звычайнай камэры сядзеў і мой муж. Пазьней ён распавядаў мне, што сьмяротнікі ведаюць, што іх праз пару дзён заб’юць. Ім пра гэта кажуць адмыслова, каб яны папакутавалі. Нярэдка з паловы калідора, дзе былі тыя камэры, даносіліся абсалютна вар’яцкія крыкі, сьмех ды гістэрыка, прычым на працягу дня, а ня ноччу, як правіла — па серадах, калі звычайна вадзілі на расстрэл. Яшчэ муж распавядаў пра дзьверы, за якімі, хутчэй за ўсё, і выконваўся прысуд.
Таксама даводзілася чуць, што на „сьмяротніку“ адпрацоўваюць бой, калі чалавека зьбіваюць да паўсьмерці

Таксама даводзілася чуць, што на „сьмяротніку“ адпрацоўваюць бой, калі чалавека зьбіваюць да паўсьмерці. Былы вязень, які доўгі час адседзеў у камэры сьмяротнікаў, але яго ўсё ж такі памілаваў прэзыдэнт, распавядаў, што яго білі сьмяротным боем, што ў яго пераламалі і адбілі ўсё, што магчыма. Пасьля вызваленьня на фоне гэтага зь ім здарыўся інсульт. Слухаючы такія сьведчаньні, „вышэйшую меру“ інакш як зьверствам не назавеш».

Карэспандэнт: «Але ёсьць і такі аргумэнт, папулярны сярод немалой часткі грамадзкасьці: а чаму, уласна, трэба быць гуманным у адносінах да тых, хто ўчыніў зьверскія забойствы? Хай атрымліваюць тое, што атрымалі ад іх іхнія ахвяры…»

Красоўская-Касьпяровіч: «Магчыма, гэта здасца вам дзіўным і жахлівым, але я прыхільніца сьмяротнага пакараньня. Я лічу, што ёсьць злачынствы, у першую чаргу, у дачыненьні да дзяцей, калі іх забіваюць і гвалцяць, якія ня маюць апраўданьняў… Але! Ва ўмовах нашай неправавой дзяржавы, калі расстрэльваюць людзей, а празь некалькі гадоў людзі даведваюцца, што тыя невінаватыя, разумееш, што ў такіх умовах сьмяротнае пакараньне — гэта лятарэя. Зь вялікай доляй імавернасьці тут пад кулю могуць трапіць зусім невінаватыя.

Тым ня менш я — за гуманнае стаўленьне да тых, хто асуджаны на сьмерць. Людзі, якія прадстаўляюць нашу пэнітэнцыярную сыстэму, не павінны ператвараць вязьня ў грушу для зьбіцьця, аб’ект прыніжэньняў, жывёлу для зьдзеклівых досьледаў. Тым больш што гэта могуць быць невінаватыя людзі. Чым тады адрозьніваюцца праваахоўнікі ад тых жа бандытаў?»


«Асабіста я б прыйшла падтрымаць свайго блізкага ў апошнія хвіліны»


Фрагмэнт з кінафільму «Мярцьвяк ідзе» (Dead Man Walking, 1995)

Каля 20 гадоў таму рэжысэр Цім Робэнс зьняў фільм «Мярцьвяк ідзе» пра амэрыканскага вязьня з камэры сьмяротнікаў. Галоўная ўвага ў карціне сканцэнтраваная на тым, што мусяць перажыць асуджаны і яго маці, а не ахвяры і іх блізкія. Карціна прымушае задумацца пра сутнасьць злачынства і пакараньня. Фінал фільму — само сьмяротнае пакараньне, калі галоўны герой кладзецца на ложак, дзе робіцца сьмяротная іньекцыя. На пакараньні прысутнічаюць блізкія забойцы і блізкія ахвяры. У апошнія хвіліны сьмяротнік зьвяртаецца да родных ахвяры і просіць у іх прабачэньня.

Як ставіцца да такога разьвітаньня з тымі, каго чакае сьмяротнае пакараньне, мая суразмоўца Алена Красоўская-Касьпяровіч?

Красоўская-Касьпяровіч: «Амэрыканскае правасудзьдзе дае чалавеку выбар. Ён можа прысутнічаць на кары, а можа і не прысутнічаць. Я думаю, што чалавеку, які сыходзіць, важна бачыць сваіх блізкіх. Што да адчуваньняў сваякоў, то ня ведаю. Калі казаць пра мяне, то я б прыйшла падтрымаць свайго блізкага. Хоць бачыць усё гэта мне было б вельмі цяжка, нягледзячы на тое, што чалавека караюць за злачынства. Але, у любым выпадку, гэта гуманна і цывілізавана. Гэта правільна. Калі так, як гэта робіцца ў нашай краіне, то мы ня можам даць гарантыі, што гэта сапраўды толькі стрэл».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG