Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пасьля «Хавэру»


На наземны грамадзкі транспарт разьлічваць ня варта. Выяжджаць за горад рызыкоўна. У дварах машыны замеценыя па шыбы. Шмат каму давялося начаваць на трасах.

Магутны цыклён «Хавэр», які абрынуўся на Беларусь 15 сакавіка, паступова страчвае сілу. Тым часам ратавальныя службы палічваюць урон, нанесены прыроднай стыхіяй.

Паводле апэратыўных дадзеных Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, у выніку выпадзеньня ападкаў быў ускладнены ці цалкам спаралізаваны рух на 30 участках аўтамабільных дарог. Больш чым у 200 выпадках падразьдзяленьнямі МНС аказвалася дапамога па выцягваньні са сьнежных заносаў легкавых і грузавых машынаў, аўтобусаў. У асаблівых выпадках экстрана арганізоўваліся пункты абагрэву, куды найперш адвозілі дзяцей.

Агулам уратаваныя са сьнежнага палону звыш 1100 чалавек, але пасьпець да ўсіх не хапала сілаў фізычна. Так, пасажыры міжнароднага аўтобуснага рэйсу Вільня-Менск расказалі, што ўсю ноч праседзелі ў заторы за 50 кілямэтраў да Менска.

Амаль суткі правёў у дарозе з Гомелю да Менску расейскі актор Іван Ахлабысьцін. На 15 сакавіка ў яго была заплянаваная творчая сустрэча ў Менску, аднак самалёт з-за непагадзі мусіў прызямліцца ў Гомелі.

Забуксавала на паўдарозе да Менску й футбольная каманда «Гомель».

На шэрагу ўчасткаў складанасьці з рухам застаюцца дагэтуль. Гэта тычыцца найперш асобных участкаў на трасе Р1 Менск — Дзяржынск, М1 Берасьце — Менск, М4 Менск — Магілёў.

Толькі раніцай 16 сакавіка пачаў прымаць першыя самалёты Нацыянальны аэрапорт «Менск» — ад сярэдзіны ўчорашняга дня лётнішча не працавала.

Не абышлося без абрушэньняў канструкцый. У двары гатэлю «Менск» пад сьнежным цяжарам абваліўся навес аўтастаянкі, пашкоджаныя 22 аўтамабілі. Ад парываў ветру пашкоджаныя дзьве сельскагаспадарчыя пабудовы на Гарадзеншчыне.

Згодна з дадзенымі прадпрыемства «Белэнэрга», на тэрыторыі краіны абясточаныя 1688 населеных пунктаў.

Раніцай у бальшыні двароў Менску назіралася карціна «масавага яднаньня»: узброеныя рыдлёўкамі мужчыны дружна варочалі сьнег. За ўчорашні дзень унутраныя тэрыторыі аказаліся цалкам блякаванымі. Адна са слухачак Свабоды налічыла ў сябе пад вокнамі 56 чалавек, якія дапамагалі дворнікам.
Перакрыты рух у бок Шабаноў на Партызанкім праспэкце. Кіроўцы спрачаюцца зь міліцыянтамі

Перакрыты рух у бок Шабаноў на Партызанкім праспэкце. Кіроўцы спрачаюцца зь міліцыянтамі


Паводле зьвестак Дзяржаўтаінспэкцыі, на ўсіх напрамках абмежаваны выезд прыватнага аўтатранспарту зь Менску. Як удакладняецца, «да поўнай стабілізацыі дарожнай абстаноўкі». Колькі будзе дзейнічаць гэтая мера — ня ведаюць нават у ДАІ: маўляў, усё будзе залежаць ад выніковасьці працы ачышчальнай тэхнікі. Пры гэтым паступаюць зьвесткі пра праявы рэзкай незадаволенасьці кіроўцаў, якім з розных прычынаў трэба тэрмінова трапіць за межы сталіцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG