Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо выходныя, 16-17 сакавіка: Масьленіца і Дзень Сьв. Патрыка; народзіны Анемпадыстава


Дзень Сьвятога Патрыка ў Менску, 2010
Дзень Сьвятога Патрыка ў Менску, 2010

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

16 сакавіка

Маладая хрысьціянская дэмакратыя запрашае на вечар «Мы не забудзем!», прысьвечаны памяці зьніклых палітыкаў і журналістаў. Офіс Партыі БНФ у Менску, пачатак а 16.00.

17 сакавіка

Масьленіца ў Беларусі.

У сталічным заапарку пройдзе «Сьвята бліноў». На цэнтральнай пляцоўцы разгорнецца тэатралізаванае відовішча з удзелам асілкаў і ліцадзеяў. Наведнікі заапарку змогуць прыняць удзел у зімовых забавах і гульнях, конкурсах і карагодах, а таксама пакатацца на конях. Будуць гарачыя бліны. Фіналам сьвята стане рытуальнае спаленьне пудзіла Зімы. На канцэртнай пляцоўцы заплянаваныя выступленьні творчых калектываў. Пачатак а 12.00. Для дзяцей да 5 гадоў уваход бясплатны.
Масьленіца ў Менску, 2010
Масьленіца ў Менску, 2010

Дзень сьвятога Патрыка ў Ірляндыі, які адначасова зьяўляецца Днём незалежнасьці гэтай краіны. Сьвяты Патрык жыў у пятым стагодзьдзі нашай эры; нарадзіўся ў Брытаніі, якая ў той час была рымскай правінцыяй; калі яму было 16 гадоў, яго выкралі ірляндзкія рабаўнікі-рэйдэры і забралі як нявольніка ў Ірляндыю; яму ўдалося ўцячы зь няволі і вярнуцца ў Брытанію, дзе ён вывучыўся на сьвятара; у 432 годзе ён вярнуўся ў Ірляндыю, ужо як біскуп, каб павярнуць ірляндцаў-паганцаў тварам да сьвятла хрысьціянства.

У ГЭТЫЯ ДНІ:

16 сакавіка:

1707 – шляхам узьяднаньня каралеўстваў Англіі і Шатляндыі было ўтворанае Каралеўства Вялікабрытанія.

1964 – нарадзіўся Міхал Анемпадыстаў, беларускі дызайнэр, графік, фатограф, паэт, перакладчык і публіцыст.

2000 – памёр Павал Пруднікаў, беларускі пісьменьнік, які зьведаў савецкія рэпрэсіі 1930-х гадоў і адлюстраваў іх у сваіх творах «Яжовыя рукавіцы» і «Пекла».

17 сакавіка:

1861 – расейскі цар Аляксандар ІІ адмяніў прыгоннае права.

1922 – нарадзіўся Лявон Луцкевіч, грамадзка-палітычны і культурны дзяяч, вязень савецкіх канцлягераў.

1948 – Бэльгія, Вялікабрытанія, Люксэмбург, Нідэрлянды i Францыя падпісалі Брусэльскі пакт, ствараючы абарончы Заходнеэўрапейскі саюз, які паклаў пачатак НАТО.

1992 – У Паўднёваафрыканскай рэспубліцы прайшоў рэфэрэндум, у якім 69% выбаршчыкаў выказаліся за адмену палітыкі апартэіду.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Я люблю, калі сьвеціць сонца
Рана ранкам празь фіранкі
Я люблю пах сьвежае кавы
Я люблю смак смажанай бульбы
Мне падабаецца водар парфумы
Мне падабаецца дым цыгарэтаў
Я люблю халодныя блюзы
Я люблю свае джынсы старыя
Я жыву ў гэтай краіне
Мая краіна пад белым сьнегам
Мая краіна пад белым сьцягам
Пад белым сьцягам з чырвонай стужкай.

Міхал Анемпадыстаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG