Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачобут: Мэтай крымінальнай справы было выпіхнуць мяне зь Беларусі


Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут

Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут даведаўся з паведамленьня Інтэрфаксу аб рашэньні спыніць крымінальную справу, якую завялі супраць яго. Карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej» вінавацілі ў паклёпе на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку.

Пра гэта ён распавёў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды.

Пачобут: Стала ўжо традыцыяй, што я даведваюся такую інфармацыю зь дзяржаўных мэдыяў. Я адразу ж патэлефанаваў адвакату і папрасіў, каб ён спраўдзіў у сьледчага. Той пацьвердзіў, што сёньня насамрэч прынятае рашэньне аб спыненьні крымінальнай справы. І дакумэнты аб гэтым рашэньні я атрымаю поштай. На наступным тыдні я змагу забраць свае тры кампутары, якія ў мяне забралі падчас ператрусу.

Карэспандэнт: А што тычыцца меры стрыманьня, вы цяпер можаце выяжджаць?

Пачобут: Адменена падпіска аб нявыезьдзе. Я цягам апошніх недзе дзевяці месяцаў ад моманту пачатку крымінальнай справы ня меў права пакідаць Горадню. Ну а цяпер я змагу езьдзіць унутры Беларусі. Бо прысуд па папярэдняй крымінальнай справе застаецца актуальным, таму за мяжу я выяжджаць не магу. Але ўнутры Беларусі я магу езьдзіць і гэта мяне, безумоўна, цешыць, бо гэтае абмежаваньне істотна перашкаджала журналісцкай працы.

Карэспандэнт: А чаму ўлады ўсё ж спынілі гэтую справу?

Пачобут: Мне ад самага пачатку здавалася, што мэтай гэтай крымінальнай справы было выпіхнуць мяне зь Беларусі. Калі я яшчэ быў падазраваным, мяне ўжо зьмясьцілі ў турму. А звычайна практыка такая, што чалавек, якому не прад'явілі абвінавачаньня, застаецца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Мяне ж зьмясьцілі ў турму, пасьля азнаёмілі з матэрыяламі экспэртызаў, зь якіх вынікала,што я ня толькі ўчыніў паклёп на прэзыдэнта, а таксама яго зьнявагу і дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. То бок учыніў тры злачынствы гэтымі тэкстамі на сайце «Хартыі» і на «Беларускім партызане». А пасьля мяне вызвалілі і аддалі пашпарт. У мяне было такое адчуваньне, што калі б я паехаў у бок расейскай мяжы, то яшчэ выставілі б міліцэйскія машыны з сырэнамі, каб мяне ніхто не зачапіў. Каб толькі я зьехаў. Такое ў мяне было адчуваньне ад гэтай крымінальнай справы. Разам з тым я ніякага злачынства не зьдзяйсьняў, ні тады, калі справа тычылася публікацый у газэце, ні тады, калі яна тычылася публікацый у інтэрнэце. Я буду працягваць пісаць і працаваць журналістам, нягледзячы на такія палітычныя рашэньні Сьледчага камітэту ці КДБ. Вельмі хацелася б напісаць, што ў Беларусі няма палітвязьняў. Але ці буду я мець такую магчымасьць – залежыць ад Аляксандра Лукашэнкі.

Карэспандэнт: Але ж, калі б улады хацелі, то давялі б гэтую справу да пэўнага завяршэньня як і папярэднюю…

Пачобут: Канечне,там усё сабрана. Па гэтай справе можна выносіць рашэньне на ўзроўні папярэдняй крымінальнай справы. Адкрыты працэс нельга зрабіць, бо гэта вельмі сьмешна было б, вельмі зьневажальна для ўлады. Бо тут татальная адсутнасьць доказаў, прыцягнутыя за вушы экспэрты, якія робяць абсалютна фантастычныя высновы з гэтых тэкстаў. Калі б улады мелі на мэце скончыць гэтую справу прысудам, яны б яе скончылі. Бо якое рашэньне запатрабуе ўлада, такое выдасьць суд. Спыненьне крымінальнай справы, відавочна, гэта таксама палітычнае рашэньне ўладаў. Яно выкліканае тым, што ёсьць мэта палепшыць дачыненьні з Захадам.

* * *

У 2011 годзе Ленінскі суд Горадні прысудзіў Андрэю Пачобуту тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады. У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста: восем з «Газэты выборчай» і дзьве з інтэрнэту — зь «Беларускага партызана» і «Жывога часопісу». Андрэю Пачобуту прад’яўлена абвінавачаньне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ — 368 (частка І) — «абраза» і 367 (частка І) — «паклёп» у адносінах да прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG