Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне выйшла кніга з каляровымі фотаздымкамі, якім больш за 100 гадоў. На фатаграфіях Сяргея Пракудзіна-Горскага — Расейская імпэрыя пачатку 20 стагодзьдзя.

Каляровая стужка не была шырока распаўсюджаная да 1940 году. Аднак у 1909-1915 г.г. рускі хімік і фатограф Сяргей Пракудзін-Горскі (1863-1944) вынайшаў мэтад каляровай фатаграфіі з выкарыстаньнем колераадчувальных шкляных пласьцін і каляровых фільтраў, які даваў магчымасьць атрымаць супэр-насычаныя малюнкі.

Амаль 300 яго прац апублікаваныя ў кнізе «Настальгія. Руская Імпэрыя цара Мікалая II».

Выдавец кнігі Робэрт Клэнтан назваў у інтэрвію часопісу «Time» каляровыя фатаграфіі той эпохі «такой жа рэдкасьцю, як зубы курыцы».


«Гэта можна параўнаць з 3D-кіно»

«Сяргей Пракудзін-Горскі — гэта ледзь ня першы пачынальнік каляровага фота ў гісторыі, кажа беларускі фатограф Сяргей Гудзілін. — Да гэтага былі іншыя тэхналёгіі, якія грунтаваліся на размалёўцы. Гэты фатограф-вынаходнік рабіў свае фотаздымкі пад замову Мікалая ІІ, меў на гэта вельмі шмат рэсурсаў. Яму выдалі цэлы цягнік ад Міністэрства транспарту, каб ён мог вандраваць па Расейскай імпэрыі і рабіць сваю працу. Дык ён ледзь ня ўсю імпэрыю аб’езьдзіў. Тое, што ён зрабіў — гэта неацэнны набытак сусьветнай фатаграфіі. Гэтыя шкляныя пласьціны, якія ён выкарыстоўваў падчас здымкаў, захоўваюцца цяпер у Бібліятэцы Кангрэсу ЗША.

Тэхналёгія была даволі простая, і можна сказаць, што яна мае шмат агульнага з тымі тэхналёгіямі, якія разьвіваюцца цяпер. Пракудзін-Горскі разьбіваў каляровую карцінку на тры асноўныя колеры: чырвоны, зялёны і сіні. Гэта тое, што цяпер называюць rgb-сыстэмай. Ён здымаў статычныя кампазыцыі і рабіў вельмі хутка тры здымкі, па чарзе мяняючы фільтры трох колераў. Зрабіць гэта трэба было на працягу некалькіх сэкундаў, пакуль адчыненая сьветаадчувальная пласьціна, на якую адбіваецца выява. Такая тэхніка здымку нагадвае 3D-эфэкт. У прынцыпе можна параўнаць каляровае фота для пачатку 20-га стагодзьдзя і зьяўленьне 3D-фільмаў у наш час.

Сяргей Гудзілін

Сяргей Гудзілін

Стэрэаэфэкт на фотаздымках Пракудзін-Горскі атрымліваўся з-за невялікіх скажэньняў, непазьбежных і падчас зьмены фільтраў, і падчас накладаньня пасьля трох карцінак адна на адну. Бо яны ідэальна не маглі накладацца, былі мэханічныя скажэньні, за кошт якіх атрымліваліся супэр-насычаныя выявы з аб’ёмам. У гэтым каштоўнасьць гэтага мэтаду, які потым з часам, праўда, састарэў. Тэхнічная складанасьць такога мэтаду ў тым, што аб’ект павінен быць нерухомым, нельга было зьняць нешта ў дынаміцы. Таму ў гэтай падборцы толькі статычныя здымкі: партрэты, прырода, будынкі.

Сёньня няма аналяга таму, што рабіў Пракудзін-Горскі. Магчыма, нейкія сучасныя 3D-інсталяцыі маглі б быць пэўнай паралельлю.

Несумнеўна, што такія фотаздымкі маюць вялікая дакумэнтальная, гістарычная і культурная вартасьць. На іх мы бачым у колеры, як выглядала Расейская імпэрыя, як людзі апраналіся, якімі былі збудаваньні і прадметы быту. Таму сёньня Пракудзіна-Горскага не абмяркоўваюць як фотамастака, вялікая ўвага надаецца яго дакумэнталізму, таму, як ён фіксаваў рэчаіснасьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG