Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьце на Дзень Волі дазволілі, але без сымболікі


Дзень Волі ў 2010 годзе

Дзень Волі ў 2010 годзе

Менгарвыканкам даў дазвол на правядзеньне мітынгу і шэсьця да Дня Волі 24 сакавіка, але зьмяніў месца збору на пляцоўку перад кінатэатрам «Кастрычнік».

Заяўнікі акцыі на Дзень Волі Юрась Губарэвіч (рух «За свабоду»), Уладзімер Раманоўскі (АГП) і Аляксей Янукевіч (БНФ) атрымалі дазвол Менгарвыканкаму на правядзеньне ў Менску акцыі 24 сакавіка. Аднак месца збору ўдзельнікаў гарвыканкам вызначыў іншае: пляцоўку каля кінатэатра Кастрычнік. Раней меркавалася зьбіраць людзей каля Батанічнага саду.

Таксама забаронена карыстацца гістарычнай сымболікай.

Юрась Губарэвіч: «Я лічу, што Менгарвыканкам ня мог прыняць іншага рашэньня. Гэта залежыць перадусім ад палітычнай сытуацыі ў Беларусі. І ў прыватнасьці ад спробаў кіраўніцтва Беларусі выйсьці на кантакт з эўрапейскімі краінамі. Забарона мерапрыемства тут выглядала б недарэчна.

Аднак, менскія ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб абцяжарыць людзям сьвяткаваньне. Па-першае, зьмянілі месца збору. Гэта значыць, нам трэба будзе яшчэ дадаткова людзям тлумачыць, дзе зьбірацца. Забаранілі таксама выкарыстаньне банэраў, транспарантаў, што таксама заўжды было прыкметай сьвята. Я думаю, што гэта выкліча нэгатыўную рэакцыю з боку ўдзельнікаў. А таксама можа стаць фармальнай падставай для затрыманьня і наступных адміністрацыйных працэсаў адносна ўдзельнікаў і арганізатараў мерапрыемства».

Аляксей Янукевіч лічыць, што рашэньне Менгарвыканкаму трэба ўспрымаць пазытыўна. А аргкамітэт знойдзе магчымасьць упрыгожыць шэсьце так, каб з боку органаў міліцыі не было прэтэнзій:

«У мяне ўражаньне пазытыўнае. Дазволенае месца збору – кінатэатар «Кастрычнік» – гэта ў цэнтры, гэта зручна. Я расцэньваю гэта як пазытыўны знак. Спадзяюся, што прадстаўнікі ўлады ня будуць рабіць перашкодаў падчас мерапрыемства. Лічу, што ёсьць усе падставы ў жыхароў Менску і ўсёй Беларусі не зважаць на нейкія магчымыя правакацыі, перашкоды. Акцыя будзе мірнай, і я заклікаю прыняць у ёй удзел».

Уладзімер Раманоўскі лічыць, што выканкам проста вынес ім «вэрдыкт». Такі спосаб камунікацыі можна ахарактарызаваць як грамадзянскую вайну паміж уладай і грамадзтвам.

Паводле рашэньня Менгарвыканкаму шэсьце на Дзень Волі мусіць адбыцца 24 сакавіка, у нядзелю. Збор адбываецца на пляцоўцы перад будынкам кінатэатра «Кастрычнік» (пр. Незалежнасьці, 73). Пасьля людзі будуць рухацца па праспэкце да вуліцы Сурганава, а па ёй да парку Дружбы народаў. Там з 14 да 15.00 адбудзецца мітынг.

Гарвыканкам таксама папярэдзіў заяўнікаў акцыі, што вулічнае шэсьце не прадугледжвае выкарыстаньне плякатаў, транспарантаў, банэраў і іншых сродкаў, што «зьяўляецца прыкметай іншага масавага мерапрыемства -- дэманстрацыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG