Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра палітвязьняў пачулі ўпершыню


На Гарадзеншчыне сябры БХД праводзяць «Хвалю салідарнасьці з палітвязьнямі». Падчас акцыі высьвятляецца: многія жыхары вобласьці ня ведаюць, што ў Беларусі ёсьць палітзьняволеныя.

У Горадні быў затрыманы актывіст БХД Сяргей Верамеенка. У яго сканфіскавалі ўлёткі ў падтрымку палітвязьняў і склалі пратакол. Яго вінавацяць у распаўсюдзе ўлётак. Ён чакае, што хутка прызначаць суд. Адзін зь міліцыянтаў запытаўся: навошта вы праводзіце такую акцыю, калі ўся інфармацыя ёсьць у інтэрнэце?

Верамеенка: «Я мяркую, што ў нас яшчэ досыць шмат людзей, у якіх няма магчымасьці карыстацца інтэрнэтам, што многім трэба дапамагчы ў атрыманьні інфармацыі. А таму трэба рабіць усё, каб людзі мелі магчымасьць атрымліваць яе ня толькі праз інтэрнэт».

У Лідзе і Мастах шмат у якіх людных месцах, на дамах і дошках аб’яваў, рэклямных тумбах можна пабачыць наклееныя ўлёткі са здымкамі палітзьняволеных і кароткай інфармацыяй пра іх. Актывістаў БХД найбольш зьдзівіла тое, як шмат людзей, асабліва сталага веку, прызнаваліся, што ніколі ня чулі пра палітвязьняў.

Актывіст БХД з Мастоў Зьміцер Кухлей: «Плён гэтае акцыі ў тым, што людзі даведваюцца пра палітвязьняў, некаторыя ўпершыню чуюць пра гэта. Многія ўспрымаюць інфармацыю са зьдзіўленьнем і нэгатыўна выказваюцца пра ўлады».

Сьвіслацкія актывісты пачалі рассылаць палітвязьням паштоўкі і лісты да Дня Волі. Прычым робіцца гэта ў адмысловых імянных капэртах, на кожнай — выява канкрэтнага палітвязьня.

Праз інтэрнэт яны атрымалі шмат водгукаў з ухваленьнем такой ідэі, бо такую капэрту можа зрабіць кожны ў сябе дома, а каб адправіць, трэба толькі наклеіць адпаведную марку. Актывіст Юры Глебік кажа, што «Хвалю салідарнасьці» трэба ўздымаць у розных формах па ўсёй краіне, і толькі тады яна будзе мець сэнс:
Наша бяда ў тым, што кожны думае, нібыта нехта павінен рабіць, а ня я

«Усё залежыць ад нас саміх, вядома. Мы ўсё ж гаспадары на гэтай зямлі, а нашы людзі сядзяць у вязьніцах ні за што. Але чамусьці ніяк не ўдаецца падняць гэтую „хвалю“, каб яна была пачутая ўсімі. Наша бяда ў тым, што кожны думае, нібыта нехта павінен рабіць, а ня я. А павінна быць наадварот: калі ня я, то хто?»

Гэтымі днямі ў Горадні распачаўся адміністрацыйны працэс над актывісткай БХД Галінай Котавай. Яе вінавацяць у правядзеньні несанкцыянаванага пікета з мэтай інфармаваньня грамадзян пра сытуацыю з рэалізацыяй Дамовы аб малым памежным руху паміж Беларусьсю і Польшчай.

Ніякіх пісьмовых забаронаў на пікет яна не атрымала, а міліцыянт, які прыяжджаў да яе дадому, выразна не патлумачыў, што пікет забаронены. Сталага веку жанчына вырашыла, што пікет дазволены, і вывела сваіх прыхільнікаў у бязьлюднае месца. Пасьля папярэджаньня міліцыянтаў пікетоўцы адразу разышліся. Суд над Котавай перанесены на 25 сакавіка.

Котава: «Тады да мяне адразу падышоў міліцыянт і папярэдзіў, што калі гэта ня выйдзе ў інтэрнэт, то ніякіх пакараньняў ня будзе. Вось за гэта яны і распачалі адміністрацыйную справу. Там у справе аж 38 старонак. Божа, божа, што ж там можна было ўжо напісаць на 38 старонках пра тое, якая я злачынка?».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG