Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта скажаць факты, таварыш генэрал?


Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык
У публікацыі пра прыняцьце Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 году на Эўрарадыё прыведзены расповед тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба. Вось урывак тэксту:

«Падчас абмеркаваньня праектаў Канстытуцыі зьяўлялася шмат спрэчных момантаў. Большасьць зь іх датычыла прэзыдэнцкай пасады. Частка дэпутатаў была супраць яе ўвядзеньня. Беларусь мела шанец стаць парлямэнцкай рэспублікай. Аднак большасьць адкінула гэтую ідэю. Тады амаль ніхто не сумняваўся, што пасаду прэзыдэнта зойме кіраўнік урада Вячаслаў Кебіч. Атрымалася іначай.

Мала хто ведае, што дзейсны прэзыдэнт Беларусі паводле першых варыянтаў Канстытуцыі ўвогуле ня меў права балятавацца. Справа ва ўзроставым бар’еры. Хто ведае, як бы склалася наша гісторыя, каб яго тады ня знізілі з 45 да 35 гадоў. Лукашэнку тады было толькі 38.

Была прапанова 45. А потым — 40. А потым група маладых дэпутатаў — Булахаў, Ганчар, Лукашэнка, пры падтрымцы ўсёй фракцыі БНФ унеслі прапанову паменшыць узрост да 35 гадоў».

На жаль, з тэксту незразумела, у якой ступені дакладна журналіст пераказаў словы Грыба пра тое што частка дэпутатаў была супраць увядзеньня пасады прэзыдэнта, ці казаў гэта Грыб ўвогуле, альбо журналіст карыстаўся іншымі крыніцамі. Цытуюцца толькі словы Грыба пра ўзроставы цэнз.

У кожным разе, з тэксту вынікае, што нейкія невядомыя дэпутаты прадбачліва выступалі супраць увядзеньня прэзыдэнцтва, але іх не падтрымала большасьць. А ў дадатак прыхільнікі Лукашэнкі пры падтрымцы фракцыі БНФ (прычым «усёй», у поўным складзе — значыць, прынцыпова гэта было для БНФ!) — ня проста падтрымалі прэзыдэнцтва, але і зьнізілі ўзроставы цэнз адмыслова для Лукашэнкі (між іншым, яму было тады не 38, а 39 гадоў).

Вось так — падсунуў БНФ прэзыдэнцтва, ды яшчэ з Лукашэнкам!

У мяне няма пад рукой стэнаграмаў сэсіі ВС з абмеркаваньнем Канстытуцыі, але факт застаецца фактам: апазыцыя БНФ ніколі не падтрымлівала ўвядзеньне прэзыдэнцтва — колькі б гадоў прэзыдэнту не было. Мы ўвогуле не галасавалі па гэтых "прэзыдэнцкіх" разьдзелах.

На ўсіх этапах працы над праектам Канстытуцыі (сьцьвярджаю гэта як член Канстытуцыйнай Камісіі ВС) дэпутаты апазыцыі БНФ выказваліся супраць увядзеньня пасады прэзыдэнта.

Да пэўнага часу (да пачатку 1993 году ) у гэтым нас падтрымліваў Шушкевіч, які ўзначальваў Канстытуцыйную Камісію. Але потым ён зьмяніў сваю пазыцыю, і на разгляд ВС быў вынесены праект з прэзыдэнцтвам. У студзені 1994-га падкантрольная Кебічу парлямэнцкая большасьць адправіла Шушкевіча ў адстаўку, старшынём ВС абрала Мечыслава Грыба, генэрал-лейтэнанта міліцыі, старшыню камісіі ВС па бясьпецы, які адыграў ключавую ролю ва ўцягваньні Беларусі ў сыстэму калектыўнай бясьпекі СНД — сыстэму, якая кантралявалася маскоўскім генштабам. Пачалося фарсіраваньне ўвядзеньня прэзыдэнцтва.

У адным толькі сакавіку 1994-га Апазыцыя БНФ прыняла тры заявы, у якіх папярэджвала, што беларускае грамадзтва не гатовае для прэзыдэнцкай формы кіраваньня, што вынікам увядзеньня прэзыдэнцтва непазьбежна будзе дыктатура.

Мы адмовіліся галасаваць па «прэзыдэнцкіх» разьдзелах, а потым, калі іх усё ж прынялі, адмовіліся галасаваць за саму Канстытуцыю. У выніку, яна не набірала неабходных двух трацінаў галасоў.

І тады старшыня ВС Грыб (з падачы Булахава і Ганчара) пайшоў на беспрэцэдэнтны крок: правёў галасаваньне пайменнымі бюлетэнямі на працягу трох дзён, што было наўпроставым парушэньнем Рэглямэнту ВС. У Дом ураду прывозілі дэпутатаў нават у машынах «хуткай дапамогі». Прывозілі такіх дэпутатаў, якіх мы ніколі ня бачылі ў Авальнай залі.

Мы, натуральна, ня ўдзельнічалі ў гэтым галасаваньні і заявілі пра парушэньне рэглямэнту — але нашай колькасьці (30 дэпутатаў) не хапіла, каб заблякаваць прыняцьце Канстытуцыі.

У сваім інтэрвію Мечыслаў Іванавіч таксама гаворыць, што варта было б першага прэзыдэнта абіраць на сэсіі ВС — «Але гэтага пытаньня не ўзьнікала ні ў каго. Нават думкі такой не было».

Гэтае «пытаньне» ўзьнікала ў парлямэнцкай большасьці пастаянна — першы раз у траўні 1991-га, калі камуністы спрабавалі менавіта праз выбары Вярхоўным Саветам прасунуць на пасаду прэзыдэнта 1-га сакратара ЦК КПБ Малафеева. Але тады нам удалося супрацьстаяць гэтаму.

Між іншым, калі ўжо была прынятая Канстытуцыя, Апазыцыя БНФ прапанавала Вярхоўнаму Савету спачатку правесьці выбары ў парлямэнт, і толькі пасьля — прэзыдэнцкія выбары.

Але Грыб, Прэзыдыюм ВС і парлямэнцкая большасьць адкінулі нашу прапанову.

Тады Апазыцыя БНФ прапанавала не сьпяшацца з прэзыдэнцкімі выбарамі і правесьці іх праз паўгода — каб насельніцтва мела магчымасьць больш дэталёва пазнаёміцца з кандыдатамі, іх палітычнымі ды эканамічнымі праграмамі; мы ведалі, што ў Лукашэнкі няма ніякай праграмы, і ягоны папулізм «раскусяць».

Не, — сказалі нам, — толькі цяпер! Празь месяц пачынаем вылучэньне і збор подпісаў!

Вынік — вядомы.

Паўтару тое, што сказаў 19 гадоў таму і што цяпер паўтарыў у перадачы «Зона Свабоды» на Белсаце (і што падзяляе іншы ўдзельнік перадачы — доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў): менавіта ў Канстытуцыі 1994 г., праз прэзыдэнцкую форму кіраваньня, было закладзенае тое, што неўзабаве вылілася ў «белыя плямы» у СМІ, палітычныя забойствы і тысячы палітычных вязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG