Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вінаватая Канстытуцыя-1994, што ў Беларусі запанавала дыктатура?


Відэаперадача «Зона Свабоды». Удзельнічаюць Юры Дракахруст, Сяргей Навумчык і адзін з распрацоўшчыкаў Канстытуцыі 1994 году, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў. Вядучы: Аляксандар Лукашук.

Фрагмэнт перадачы:

Пастухоў: Я лічу, што гэтая Канстытуцыя заклала юрыдычныя падставы для аўтарытарнай улады. Абралі, можа быць, не таго прэзыдэнта, пад якога меркавалася гэтая пасада, але, тым ня менш, разьдзел «прэзыдэнцкая ўлада» быў самым спрэчным у Канстытуцыі, і вядома, як ён прымаўся: па ўскладненай працэдуры, калі галасавалі імяннымі бюлетэнямі на працягу доўгага часу.

Апазыцыя БНФ выступала катэгарычна супраць прэзыдэнцкай формы кіраваньня, і час паказаў, што сапраўды: у Беларусі прэзыдэнцтва прывяло да нэгатыўных наступстваў. Ідэальная форма кіраваньня, на мой погляд, гэта парлямэнцкая рэспубліка, якая ў найбольшай ступені ўлічвае волю народу і перадае ўладу прадстаўнікам, якія абіраюцца праз дэмакратычную працэдуру.

Лукашук: Значыць, вы лічыце, што рашэньне, якое было зафіксаванае на паперы ў 1994 годзе, мае непасрэднае дачыненьне да таго стану, у якім Беларусь знаходзіцца ўжо амаль 20 гадоў. Такая цана была таго галасаваньня?

Пастухоў: Так, лічу, што яна стварыла перадумовы для таго, што ўсталявалася ў апошні час. І можна было абраць іншую форму кіраваньня, іншыя мэханізмы зьдзяйсьненьня ўлады.

Лукашук: Сяргей, чаму выйшла менавіта так, нягледзячы на супраціў апазыцыі такому падыходу?

Навумчык: Апазыцыя БНФ не галасавала за гэтую Канстытуцыю. Я, як дэпутат, уваходзіў у склад канстытуцыйнай камісіі і ўжо на камісіі галасаваў супраць прэзыдэнцкага разьдзелу, але большасьць была «за».

Што адбылося далей. Раней нам, 30 дэпутатам апазыцыі БНФ удавалася блякаваць нейкія ініцыятывы Кебіча — напрыклад, у ліпені 1993 адстаўку Шушкевіча — тым, што мы ня ўдзельнічалі ў галасаваньні і проста зрывалі кворум у ВС. А ў сакавіку 1994 атрымалася інакш. Там ужо за прэзыдэнцкія разьдзелы галасавалі ня толькі дэпутаты з парлямэнцкай большасьці, якія былі падпарадкаваныя Кебічу — іх было больш за палову, але ня дзьве траціны — але за гэта ўжо галасавалі і агітавалі таксама «маладыя ваўкі» Ганчар, Булахаў, Шэйман, Лукашэнка, якія рабілі стаўку на Лукашэнку. За гэта выступаў, напрыклад, і Генадзь Карпенка, які ў сваёй фракцыі меў чалавек 10-15.

Мы ня бралі бюлетэні і блякавалі галасаваньне, тым ня менш нам не ўдалося гэтага зрабіць, таму што, як слушна сказаў Міхаіл Пастухоў, працэдура прымалася з парушэньнем рэглямэнту, галасавалі тры дні пайменнымі бюлетэнямі, звозілі дэпутатаў з усёй краіны, і яны гэтую Канстытуцыю прапхнулі.

Мала таго: калі ўжо прайшло рашэньне аб прэзыдэнцтве, мы сказалі: добра, давайце тады спачатку правядзем выбары ў парлямэнт, а потым будзем абіраць прэзыдэнта, каб быў спачатку дэмакратычна абраны парлямэнт, які б прадстаўляў народ. «Не, мы хочам спачатку прэзыдэнта!..»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG