Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: Ні ў парлямэнце, ні ў саўгасе Лукашэнку не прадстаўляў


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адказвае наведвальніку сайту Свабоды.

Пад артыкул «Сход сапраўдных дэпутатаў» Свабода атрымала камэнтар: «Вядома, што Лябедзька быў у выбарчай камандзе Лукашэнкі а пасьля спэцпрадстаўніком Лукашэнкі ў парлямэнце. Да гэтага часу Лябедзька не расказвае пра некаторыя пікантныя дэталі прыходу Лукашэнкі да ўлады, у прыватнасьці пра „лёзненскі стрэл“. У сувязі з чым узьнікаюць падазрэньні ў няшчырысьці Лябедзькі, вядзеньні ім двайной гульні».

Адказ Анатоля Лябедзькі: «Па-першае, пра «лёзьненскі стрэл» я ведаю, відаць, столькі ж, колькі і чалавек, які задаў пытаньне. Я там не прысутнічаў, чуў пра яго толькі са сродкаў масавай інфармацыі.

Па-другое, ніякім спэцпрадстаўніком Аляксандра Лукашэнкі ні ў парлямэнце, ні ў саўгасе «Новая Зара» я ніколі ня быў.

Увесь час працаваў у парлямэнце і ў Вярхоўным савеце спачатку 12-га скліканьня, затым — 13-га скліканьня. Гэта можа камусьці падабацца ці не падабацца, але гэта ёсьць факт, які вельмі лёгка правяраецца. Таму што калі чалавек знаходзіцца на нейкай пасадзе, гэта абавязкова праходзіць праз пэўныя дакумэнты, напрыклад, указ аб прызначэньні на пасаду, ведамасьці атрыманьня заробку.

Але гэта ня мае ніякага дачыненьня да сходу дэпутатаў Вярхоўнага савету 13-га скліканьня, які мае адбыцца сёньня.

Вельмі добра, што знайшліся ў Беларусі людзі, якія, робячы выбар паміж Канстытуцыяй і асабістым дабрабытам, кар’ернай пэрспэктывай, выбралі першае.

І такіх было ў 1996 годзе больш за 70 чалавек. Сёньня, у Дзень Канстытуцыі, якая растоптваецца не апазыцыяй, не дэпутатамі Вярхоўнага савету 13-га скліканьня, а сёньняшняй уладай, гэтыя мужныя людзі зьбіраюцца, каб зрабіць гістарычнае рашэньне, якое тычыцца лёсу беларускай уласнасьці, эканамічнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь, мяне асабіста, маіх дзяцей і таго, хто задаваў гэтае пытаньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG