Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН прысвоіў Беларусі высокі рэйтынг на падставе дадзеных Белстату


Бяздомны ў Менску

Бяздомны ў Менску

«Урад ставіў нам задачу — увайсьці ў першую паўсотню, і гэтая задача выканана», — прадстаўнік МЗС Беларусі.

Паводле сёлетняй справаздачы ААН па Індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу Беларусь апынулася на 50-м месцы са 189, апярэдзіўшы ўсе краіны СНД. Расея на 55 месцы, Украіна на 78.

У той жа час тры заходнія суседкі Беларусі трапілі ў групу краінаў зь вельмі высокім індэксам разьвіцьця чалавечага патэнцыялу — Польшча на 39 месцы, Літва на 41 месцы, Латвія на 44.

Што азначае гэты параўнальна высокі паказьнік?

Індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу складаецца з трох раўназначных кампанэнтаў: чаканай працягласьці жыцьця; адукацыі, што вызначаецца паказчыкамі пісьменнасьці і гадамі, затрачанымі на навучаньне; узроўнем жыцьця, ацэненым праз ўнутраны нацыянальны даход на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасьці ў далярах ЗША.

Эканаміст Міхал Залескі

Эканаміст Міхал Залескі

Эканаміст Міхаіл Залескі лічыць месца Беларусі ў гэтым рэйтынгу спрэчным:

«У Беларусі фонды грамадзкага спажываньня захаваліся ў вялікіх памерах. А экпэрты не разглядаюць структуру спажываньня ў гэтых фондах. Наша вышэйшае чынавенства, якое належыць да першай групы па дабрабыце, яно і спажывае працэнтаў 50 — 80 гэтых фондаў. Адсюль па парытэце пакупніцкай здольнасьці атрымліваецца высокі прыбытак у насельніцтва. То бок доступ да сацыяльных дабротаў па ўмаўчаньні атрымліваецца раўнамоцны. Яны забываюцца там, у Вене, што ў нас захаваўся СССР».

Старэйшы дарадца Упраўленьня шматбаковай дыпляматыі МЗС Беларусі Ўладзімер Малевіч, які зьяўляецца куратарам праекту з афіцыйнага боку, месцам Беларусі ў рэйтынгу задаволены;

«Урад ставіў нам задачу — увайсьці ў першую паўсотню, і гэтая задача выканана. У 2011 годзе мы былі на 68 месцы. У 2012 годзе справаздача не выпускалася. Дадзеныя могуць выкарыстоўвацца за папярэднія гады, яны бяруцца заўсёды са спазьненьнем. Але сам факт тэндэнцыю паказвае. Так што трэба ганарыцца».

Каардынатар інфармацыйнай дзейнасьці ПРААН у Беларусі Уладзіслаў Хількевіч патлумачыў, што рэйтынг краінаў вызначаюць міжнародныя экспэрты на падставе тых дадзеных, якія прадастаўляюцца краінай: Белстатам, Нацбанкам, а таксама Венскім міжнародным інстытутам эканамічных параўнаньняў. Але гэты рэйтынг насамрэч крыху састарэлы:

«Каб акумуляваць усё тое, што прадастаўляецца рознымі краінамі, патрэбны час. І тое, што мы бачым у табліцы — гэта адлюстраваньне дадзеных, якія былі сабраныя ў краіне ў 2010 годзе. Гэта насамрэч „гуляе“ на ўладу беларускую, і ўсе ў краіне мусяць быць задаволеныя гэтай пазыцыяй. Але пытаньне спрэчнае».

Індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу многія экспэрты крытыкуюць: маўляў, у ім не бяруцца да ўвагі экалягічныя фактары, не разглядаецца духоўнае і маральнае разьвіцьцё чалавека.

Так што зьбядненьне насельніцтва Беларусі падчас крызісу 2011 года магло быць у справаздачы не заўважанае. На думку эканаміста Міхала Залескага, які сам некалькі разоў удзельнічаў у якасьці экспэрта пры складаньні такіх рэйтынгаў, Беларусь трэба параўноўваць з бліжэйшымі суседзямі — Літвой, Латвіяй, Польшчай, Расеяй і Украінай, а не з краінамі трэцяга сьвету:

«Трэба ўлічваць, што ў ім мы выступаем на фоне такіх дзяржаваў, як які-небудзь Нігер, Самалі, Этыёпія, Буркіна Фасо. Канечне, на іхнім фоне мы лепей. А мы яшчэ пакуль належым да так званага „залатога мільярду“. Дык вось калі ў межах „залатога мільярду“ ацэньваць, то мы апошнія. Гэты індэкс — ён такі стымулюючы для краінаў перадавых трэцяга сьвету: для Беларусі, для Сальвадору, для Бірмы... Гэта для нас такі пернічак, каб мы бачылі, як добра мы жывем, і як яшчэ лепей мы можам жыць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG