Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытаю ў «жывым журнале» аднаго нібыта пісьменьніка яхіднае: «Няўжо сапраўды ёсьць беларусы, якім ня ўсё адно, якога папу недзе выбралі? Сьвет квакнуўся на навінах… Дыягназ: гэта ня лечыцца».


Напэўна калегу па пяру мілейшыя іншыя «выбары»...

Увогуле, як можа быць нецікава пісьменьніку тое, што цікавіць вялікае мноства ягоных суайчыньнікаў? Іх у краіне, як лічыцца, пятнаццаць адсоткаў, каля паўтара мільёна чалавек. Пагатоў рэлігія сусьветная па-сапраўднаму, больш за мільярд вернікаў. Але нехта можа лічыць, што «гэта ня лечыцца». Ажыятаж вакол выбараў папы таксама зразумелы: тысячы акрэдытаваных журналістаў, безьліч газэт, радыё- і тэлестанцый хочуць мець навіны зь месца падзеі. Не для шуфляды, для чытачоў-слухачоў-гледачоў.

Толькі ня ў нашай правінцыі?


Дык адкуль такое яхідзтва? Ня будзем узгадваць «Правду», СССР... Дзяржаўныя СМІ РБ па традыцыі таксама вельмі ж недалюблівалі папу і Ватыкан. Да часу.


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Успамінаецца, як па суседняй Украіне з гораду ў горад пераяжджае папа рымскі. У гэты час па беларускіх гарадах езьдзяць Патрыярх Маскоўскі з прэзыдэнтам Лукашэнкам. Такі сабе контрудар на ідэалягічным фронце. Потым нейкая добрая душа патлумачыла, што прыезд Патрыярха Маскоўскага – гэта «мясцовая» навіна, а візыт папы рымскага — міжнародная. Пры ўсёй павазе да Патрыярха, ён накшталт «намесьніка па рэлігіі» прэзыдэнта РФ, а папа — галава хоць і невялікай, але ўплывовай краіны. Падкрэсьлім: не сусьветнага касьцёлу ёсьць Патрыярх Маскоўскі кіраўнік, а расейскай царквы, беларуская частка якой – яе правінцыя.

Памёр папа-паляк, выбралі немца, і нешта зрушылася. Але што? Была паездка «таты з хлопчыкам», буквар, хваля ў дзяржаўных СМІ. І ўсё. Каталікі Беларусі так і ня ўбачылі кіраўніка касьцёлу ў сябе.

А зараз я патлумачу, чаму беларусам важны касьцёл і разам ягоны кіраўнік. Ксяндзы сталі моцным падмуркам для беларускага адраджэньня. Прыклады — у энцыкляпэдыі. У міжваенны час ксяндзы былі наперадзе сярод тых, хто не баяўся адстойваць беларушчыну. За што выклікалі супраціў польскай улады. А ксяндзы-паэты? Яны таксама змагаліся і часам гінулі за нашу мову, за тое, каб мы былі беларусамі.

Вядома, што першай радыёперадачай на беларускай мове з-за мяжы стала праграма Ватыканскага радыё. Зірніце: колькі сёньня беларускай мовы ў касьцёле! Не хацелася б завастраць: але ці можна параўнаць з сытуацыяй у царкве? Калі кіраўнік касьцёлу ў Беларусі праводзіць сьвяточныя набажэнствы, якія перадаюцца тэлебачаньнем, ягоны голас трымціць ад хваляваньня. Чуецца ў гэтым гонар за беларускае гучаньне імшы.

Атрымаўшы беларускі падарунак – расейскі буквар, папа не перавёў касьцёл на расейскую. Беларускай стала толькі больш.

Дык з кім па важнасьці для беларушчыны можна параўнаць папу?

І калі нехта дэкляруе сваю абыякавасьць да таго, «якога папу недзе выбралі», дык я пакідаю за сабой не дыягназ, а спадзяваньне, што гэта ўсё ж – лечыцца.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG