Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь для папы — краіна немагістральная


Якіх зьменаў у каталіцкім касьцёле ад новага пантыфіка чакаюць беларускія герархі, сьвятары і вернікі.

Падчас вячэрняй сэсіі канкляву кардыналаў 13 сакавіка новым папам абраны Хорхэ Марыё Бэргольё з Аргентыны. Ён стаў 266 рымскім біскупам і абраў сабе імя Францішак. Якіх зьменаў у каталіцкім касьцёле ад новага пантыфіка чакаюць беларускія герархі, сьвятары і вернікі.

У 21 гадзіну 6 хвілін па беларускім часе з коміну Сыкстынскай капэлы пайшоў белы дым і зазванілі званы, што азначала — новы папа абраны. Імя новага пантыфіка — Францішак — зьвязана з асобай сьвятога Францішка Асізскага, які вылучаўся пабожнасьцю, сьціпласьцю, адкрытасьцю на патрэбы іншых людзей. Гэта невыпадковы выбар, які зьяўляецца характарыстыкай і новаабранаму рымскаму біскупу, кажа прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, ксёндз Юры Санько:

а. Юры Санько

а. Юры Санько

«Адны зь першых словаў, зь якімі папа зьвярнуўся да людзей — памаліцеся за мяне. І схіліўшыся перад людзьмі, якія стаялі на пляцы, ён прасіў у іх малітвы. Ведаеце, гэта такі знак адкрытасьці папы, ягонай глыбокай духоўнасьці. А вядома, што беларусы, як і ўсе каталікі ў сьвеце, таксама вельмі моцна чакалі гэтай падзеі. Бо гэта наш айцец тут, на зямлі. Таму, калі толькі белы дым з коміну пайшоў, то ў нашай катэдры таксама званы званілі».
Папа Францішак — першы з 266 пантыфікаў, які належыць да манаскага ордэна езуітаў.


Гісторыя езуіцкага ордэну ў Беларусі паходзіць ад XVІ стагодзьдзя, калі быў закладзены Віленскі езуіцкі калегіум, пераўтвораны пазьней ва ўнівэрсытэт. Таксама езуіты мелі калегіумы ў Полацку, Нясьвіжы, а да сярэдзіны XVІІ стагодзьдзя на тэрыторыі ВКЛ стварылі шырокую сетку навучальных устаноў і амаль цалкам сканцэнтавалі ў сябе сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Сёньня ў Беларусі працуе адзіны прадстаўнік ордэну езуітаў — ксёндз Казімір Жыліс з Гародні, які абраньне на пасаду пантыфіка свайго брата ў ордэне ўспрыняў гэтак:

«Гэта была вельмі вялікая нечаканасьць, але для мяне гэта вельмі прыемна. І што ўразіла, глядзіце: ён як паказаўся — без чырвонай пэлерыны і крыж — просьценькі, просьценькі. Паглядзіце на іншых кардыналаў — гэта вельмі вялікая розьніца. Гэта паказвае, што вельмі сьціплы чалавек. Ён і вельмі адукаваны, валодае некалькімі мовамі, а як ён павядзе касьцёл — гэта ўжо залежыць ад яго».
Ці будзе вялікая дэмакратыя, ці ён будзе трымацца традыцый — гэтага я вам сёньня не магу сказаць

З прыходам новага папы беларускія вернікі-каталікі чакаюць новых ініцыятываў у касьцёле і перадусім зьмены могуць быць адчувальнымі для грэка-каталікоў альбо ўніятаў, мяркуе каталік і журналіст Кастусь Шыталь:

Кастусь Шыталь

Кастусь Шыталь

«У Аргентыне кардынал Бэргольё апекаваўся каталікамі ўсходняга абраду. Я таксама чытаў успаміны аднаго ўкраінскага сьвятара, які кажа, што падчас сваёй вучобы ў Рыме Бэргольё ўдзельнічаў у грэка-каталіцкіх службах. Не хацелася б рабіць нейкіх катэгарычных высноваў, але, магчыма, будуць нейкія лепшыя зьмены для беларускіх грэка-каталікоў. А яны спадзяюцца, што калісьці будзе прызначаны біскуп і для іх».

Папа Францішак мае італьянскія карані, але паходзіць з Аргентыны. Як зазначыў пантыфік падчас сваёй першай прамовы, «браты кардыналы выбралі папу з краю сьвету». Ці будзе мець значэньне гэтая акалічнасьць для далейшага разьвіцьця касьцёлу і ў Беларусі ў прыватнасьці гаворыць доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая:
Ірына Дубянецкая

Ірына Дубянецкая

«Тое, што папа паходзіць з Аргентыны і ці будзе гэта неяк зьвязана зь Беларусьсю — цяжка сказаць. У Аргентыне па вайне была досыць вялікая беларуская супольнасьць, адтуль у Беларусь прыехаў і Карлас Шэрман. Але ці мае нейкае ўяўленьне пра Беларусь новы папа, мы ня ведаем. Таму якія ён будзе мець наўпроставыя адносіны зь Беларусьсю, залежыць ад нас, а не ад яго. Зразумела, што ён будзе зацікаўлены падняцьцем інтарэсу да немагістральных — традыцыйна магістральных асноўных каталіцкіх краін — і ў гэтым сэнсе ў Беларусі якраз ёсьць пэрспэктывы. Тое, што ён належыць да ордэну езуітаў, таксама дадае надзею. Бо ордэн езуітаў — гэта ордэн самы інтэлектуальны, самы адукаваны: шмат езуітаў былі матэматыкамі, фізыкамі, ня кажучы пра гуманітарныя навукі. Ордэн езуітаў таксама ад заснаваньня быў арыентаваны на адукацыю іншых. Вядома, што папа Францішак — ён і філёляг, і філёзаф, і багаслоў. Для царквы гэта вельмі важна: спалучэньне вялікай адукацыі і інтэлекту з адначасным імкненьнем да сацыяльнай справядлівасьці і асабістай простасьцю, стварае пакуль што надзвычай добрае ўражаньне пра новаабранага папу».

Сёньня ў менскім архікатэдральным касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі адбудзецца Імша, падчас якой беларускія каталіцкія герархі, сьвятары і вернікі будуць дзякаваць Богу за абраньне новага папы.
XS
SM
MD
LG