Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стануць беларусы ў чаргу па расейскія пашпарты


Расея зьбіраецца ўвесьці візавы рэжым з постсавецкімі краінамі Сярэдняй Азіі. Гэта робіцца дзеля таго, каб хутчэй дамагчыся бязьвізавага рэжыму з Эўразьвязам.

Калі гэта адбудзецца, то ці не з’явіцца ў многіх беларусаў спакуса зьмяніць беларускае грамадзянства на расейскае? Што ў гэтай сувязі прадпрымаюць беларускія ўлады.

Расея настойліва дамагаецца ад кіраўніцтва Эўразьвязу бязвізавага ўезду сваіх грамадзянаў у Эўропу. Дзеля гэтага Масква гатовая гарантаваць сваім партнэрам па Эўрапейскаму Зьвязу бясьпеку іх дзяржаўных межаў ад патоку мігрантаў з краін Сярэдняй Азіі. Пра гэта заявіў расейскі амбасадар па асобых даручэньнях Анвар Азімаў. Ён сказаў, што прэзыдэнт Пуцін хоча ўвесьці візавы рэжым з постсавецкімі краінамі Сярэдняй Азіі літаральна праз год-два. Гэта робіцца, каб супакоіць Брусэль. Там баяцца, што, калі Эўропа пагодзіцца на бязвізавы рэжым для расейцаў, выхадцы з Сярэдняй Азіі, асабліва тыя, хто працуюць у Расеі, патокам хлынуць у Эўразьвяз.

Адначасова Расея зараз рыхтуе закон аб спрошчаным набыцьці расейскага грамадзянства. І гэта, кажа аналітык BISS Андрэй Елісееў, можа падштурхнуць вялікую частку беларусаў для атрыманьня расейскага грамадзянства:

Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў
«Для беларускіх уладаў можа паўстаць непрыемная сытуацыя. Калі расейцы і ўкраінцы будуць без візы рухацца ў краіны Эўразьвязу. то ўзьнікне моцны зарад незадаволеньня з боку беларусаў. Па-першае, чаму беларускія ўлады так мала прасунуліся ў перамовах з Эўразьвязам. А па-другое, калі Расея зьменіць свой закон аб грамадзянстве (а зараз гэта разглядаецца), і стане шмат прасьцей атрымліваць расейскае грамадзянства, у тым ліку і для беларусаў, то беларусы могуць масава атрымліваць расейскія пашпарты. Нават для таго, каб спрасьціць сабе жыцьцё, і ехаць у Эўразьвяз без шэнгенскай візы».

Новыя заявы з Масквы патрабуюць дэталёвага вывучэньня, кажа прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
«Усе гэтыя пытаньні будуць уважліва прааналізаваныя. І будзе выпрацаванае рашэньне, якое ў максымальнай ступені будзе ўлічваць інтарэсы беларускага боку. Гэта — новая тэма. Яна выказаная ў якасьці ідэі з вельмі высокага роўню. Бясспрэчна яна патрабуе вывучэньня, аналізу».

Расея актыўна вядзе перамовы аб бязвізавым рэжыме. Эўразьвяз неаднойчы прапаноўваў і беларускім уладам падобны дыялёг. Аднак тут пакуль нічога не атрымліваецца.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі тлумачыць гэта так:

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі
«Сёньня Пуцін уязны ў Эўропу, а Лукашэнка — не. Да таго ж лабіруе працэс бязвізавага рэжыму для расейцаў найперш Нямеччына. І зразумела, чаму. Тут прысутнічае пах расейскага газу».

Гэтае становішча магла б скарыстаць на сваю карысьць беларуская палітычная апазыцыя, лічаць аналітыкі. Калі б яна дамаглася зьмяншэньня коштаў шэнгенскай візы для беларусаў, якія сёньня плацяць за яе ўдвая болей за расейцаў і ўкраінцаў. Не кажучы ўжо пра адмену візы наагул.


Старшыня АГП Анатоль Лябедзька кажа, што гэта тэма актуальная для апазыцыі:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Заяўляю аргумэнтавана і адназначна: ні адны больш-менш сур’ёзныя перамовы, сустрэчы, мерапрыемствы на міжнародным роўні не абыходзяцца, каб мы не ўздымалі гэтыя пытаньні. Гэта надзвычай актуальнае пытаньне. Яно тычыцца ня толькі правоў нашых грамадзян, яно адкрывае новыя магчымасьці для прыхільнікаў пераменаў у Беларусі. Таму што гэта не проста мажлівасьць выезду для падарожжа, вучобы ці бізнэсу. Гэта азначае, што людзі інтэгруюцца ў эўрапейскія каштоўнасьці, эўрапейскія стандарты.

У красавіку плянуецца адно мерапрыемства, дзе можна будзе камунікаваць з эўракамісарам Фюле, з міністрам замежных спраў Польшчы Сікорскім. І ў тэзах майго выступу гэта тэма ёсьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG