Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане дом музэем, ці пойдзе пад знос — вырашаюць грошы


Знос дамоў на вуліцы Барыкіна
Знос дамоў на вуліцы Барыкіна

У Гомелі зьнішчаюць унікальную драўляную забудову XIX — пачатку ХХ стагодзьдзя на вуліцы Валатаўскай. На яе месцы хочуць пабудаваць шматпавярховы дом.

Грамадзкія арганізацыі (ТБМ, «Талака») выступілі супраць зносу, падаўшы заяву ў Міністэрства культуры аб наданьні драўляным будынкам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі паведаміў карэспандэнту Свабоды, што заява з прапановаю да іх паступіла і цяпер разглядаецца, але якім будзе лёс гэтых будынкаў, ён сказаць ня можа.

Пакуль няма рашэньня па заяве, гэтыя дамы ўжо маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці без катэгорыі і фармальна ўжо знаходзяцца пад аховай дзяржавы, таму ўсе будаўнічыя працы там павінны быць прыпыненыя. Гэтага патрабуе закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Аднак на месцы зьнесеных дамоў ужо выкапаны катлаван для шматпавярховага будынка, ідзе далейшае разбурэньне драўляных будынкаў.

Наконт таго, што пакуль ідзе разгляд статусу гэтых дамоў у Мінкульце, драўляную забудову Гомеля проста разбураюць, спадар Чарняўскі сказаў:

«Трэба зьвяртацца ў Гомельскі гарвыканкам, таму што паводле пункту 2 артыкула 10-га закону за непасрэдны кантроль за станам, выкарыстаньнем, правядзеньнем работ адказвае мясцовы выканаўчы орган. Калі ня будуць працаваць структуры на месцах, то толку ня будзе ніякага».

вуліца Валтаўская
вуліца Валтаўская


Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч паведаміў карэспандэнту Свабоды, што некалькі дзён таму ён накіраваў зварот у Генэральную пракуратуру Беларусі з нагоды незаконнага разбурэньня забудовы на вуліцы Валатаўскай у Гомелі. Разам з тым ён перакананы, што прадпісаньне на спыненьне там будаўнічых працаў павінен быў выдаць Мінкульт.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч
«І калі Мінкульт да гэтага часу ня выдаў такога прадпісаньня да разгляду на навукова-мэтадычнай радзе, то тут наўпроставае парушэньне з боку ўправы Мінкульту і таго ж Чарняўскага».

Паводле спадара Астаповіча, дазвол на будаўнічыя працы на гэтым аб’екце дадзены з парушэньнем закону, пра што ён і напісаў у пракуратуру.

Але ў спадара Астаповіча няма аптымізму адносна захаваньня гэтых будынкаў:

«Я ня бачу магчымасьці гэтую забудову абараніць. Каб захаваць гэтую індывідуальную драўляную забудову, ёй трэба даць функцыю. Калі функцыя застанецца жылая, то мы ў 21-м стагодзьдзі людзей закансэрвуем ва ўмовах канца 19-га стагодзьдзя. Яны павінны будуць захоўваць усё ў тым стане, у якім яно зараз, не мяняць аб’ёмна-пляніровачную структуру, дэкор, не рабіць прыбудовы. Мы гэтых людзей закансэрвуем у пэўных умовах, непрымальных паводле сучасных стандартаў... Каб выходзіць з прапановамі па захаваньні драўлянай архітэктуры, трэба паралельна распрацоўваць вельмі абгрунтаваныя праекты рэгенэрацыі і прыстасаваньня гэтай забудовы — пад музэі, горад майстроў... Але зараз усё вырашаюць грошы, і калі прапанова будзе больш-менш прывабная з пункту гледжаньня інвэстыцый, магчыма, яна і пройдзе. Таму гэтую забудову, я ня ведаю, хутчэй за ўсё адстаяць ня ўдасца».

Марыя Тульжанкова
Марыя Тульжанкова
Намесьніца старшыні гомельскай арганізацыі «Талака» Марыя Тульжанкова паведаміла карэспандэнту Свабоды, што яе аб’яднаньне зьвярнулася да гарадзкіх уладаў з просьбай перадаць на балянс «Талакі» адзін з будынкаў, нумар 17, каб зрабіць там музэй, моладзевы культурны цэнтар і рамонтныя майстэрні. Арганізацыя знайшла інвэстара для рэалізацыі праекта.

«Пакуль адказу ад гарадзкіх уладаў няма. Мы чакаем. Але разумеем, што можна спадзявацца на захаваньне толькі двух будынкаў з шасьці, бо астатнія ў дрэнным тэхнічным стане».

вуліца Валтаўская, 17
вуліца Валтаўская, 17
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG