Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Днямі ў Менску адкрыўся пяцідзённы літаратурны фэстываль «Шэнгенка», арганізаваны Лябараторыяй навуковага і мастацкага перакладу і культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі».

Пра фэстываль і прэзэнтаваную на ім сярэднеэўрапейскую літаратуру мы гутарым з кіраўніком лябараторыі філёзафам Паўлам Баркоўскім.

— Павал, шэнгенкай называюць візу ў краіны Шэнгенскай дамовы — гэта маль уся Эўропа. А чаму гэткім словам было вырашана назваць літаратурны фэстываль?

— Гэта быў піяр-крок з нашага боку, паколькі на фэстывалі прэзэнтуецца літаратура краінаў сярэдняй Эўропы, гэтак званай Вышаградзкай групы — Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Вугоршчыны. Усе гэтыя краіны зьяўляюцца часткай Эўразьвязу, таму мы мусім набываць шэнгенскую візу, каб туды патрапіць. А тут мы маем такую выдатную магчымасьць атрымаць мясцовы шэнген. Такім чынам, агульная канцэпцыя фэстывалю — культурны шэнген. Фэстываль пачаўся з імпрэзы, якую мы назвалі «Мультыкультурная віза», дзе былі прадстаўленыя аўтары з трох розных краінаў. Разынкаю «Шэнгенкі» могуць стацца чытаньні ўрыўкаў зь перакладзеных твораў. Чытаць іх будуць прафэсійныя акторы — Ганна Хітрык і Павал Харланчук, і ня проста чытаць, а выконваць у ролях. Вядоўцам імпрэзаў будзе Андрэй Хадановіч. На фэстывалі маюць прэзэнтавацца самі кніжкі, будуць адбывацца размовы вакол іх.

— Калі ўявіць сабе эўрапейскую літаратуру як адзіную энэргасыстэму, што адтуль можа атрымаць для сябе літаратура беларуская?

— Сярэднеэўрапейская літаратура для нас — вельмі цікавы досьвед, бо з аднаго боку яна паўстае ў кантэксьце супольнай эўрапейскай традыцыі, а з іншага боку зьяўляецца адметнай, стварае ўласную традыцыю. Я думаю, што літаратурныя знаходкі, вынайдзеныя аўтарамі сярэдняй Эўропы, могуць стацца творчым, энэргетычным пачаткам і для аўтараў беларускіх. Перадусім, кожны пераклад — гэта ўзбагачэньне і моўнага рэсурсу, і рэсурсу разуменьня. Мы перакладалі аўтараў, якія ёсьць сусьветнымі зоркамі, як, скажам, Багуміл Грабал. На жаль, яны пакуль што малавядомыя для нашага чытача. Я думаю, нам варта павучыцца ня толькі ў мэтраў, але і ў аўтараў, якія менш на слыху, але якія прапануюць добры гатунак новай літаратуры.

— Прэзэнтаваныя на «Шэнгенцы» замежныя пісьменьнікі падаюцца арганізатарамі, як творцы, якія «змаглі выйсьць за вузкія межы нацыянальнага і ўзьняцца да глябальнага сусьветнага». А хто зь беларускіх аўтараў, на вашу думку, змог пераадолець, вобразна кажучы, зону нацыянальнай гравітацыі?

— Ёсьць нямала выпадкаў, калі нашых аўтараў досыць плённа чытаюць ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Напрыклад, зусім нядаўна выйшла на нямецкай мове кніга Валянціна Акудовіча «Код адсутнасьці». Гэта значыць, што плён яго новага мысьленьня аказаўся значным ня толькі для нашага лякальнага нацыянальнага кантэксту, гэтая тэма аказалася цікавай і для нямецкіх чытачоў. Можна называць і другія імёны — Васіль Быкаў, Алесь Разанаў...

— Мне здаецца, што ўсе дыскусіі пра «ніжэйшае нацыянальнае» і «вышэйшае сусьветнае» даволі ўмоўныя. Згадайма быкаўскі «Знак бяды». Там уся дзея адбываецца на беларускім хутары, але гэта цікава ня толькі беларусам.

— Сапраўды, цяпер адбываюцца спрэчкі паміж глябалістамі і антыглябалістамі. Тымі, хто лічыць, што ўсе культуры, усе нацыі сыдуцца ў адну, і тымі, хто лічыць, што якраз супрацьлеглае павінна кіраваць сьветам. Мне падаецца, што рацыю тут маюць тыя, хто спрабуе сумяшчаць. І нацыянальнае, калі яно зроблена на якасным, прафэсійным узроўні, становіцца крыніцай натхненьня і значным фактарам ня толькі для лякальнай аўдыторыі, ня толькі для нас тут, але і для ўсяго сьвету. Так адбывалася заўжды з добрай літаратурай.

— У межах фэстывалю адбудзецца і «Праская вясна», калі будуць прэзэнтаваныя чатыры чэскія аўтары. Дзякуючы найперш Сяргею Сматрычэнку, які ўжо даўно складае сваю «Чэскую калекцыю». Гэта, скажам так, роля асобы ў гісторыі. На жаль, Беларусь ня мае за мяжой установаў накшталт нямецкага Інстытуту Гётэ. Наколькі гэта стрымлівае разьвіцьцё нашай літаратуры?

— Сапраўды, у нас амаль няма інстытуцый, якія прапагандуюць беларускую літаратуру за мяжой. Каб іх было больш, нашу літаратуру ведалі б у сьвеце нашмат шырэй, яна была б больш пазнавальнай, мела б большыя шанцы на сусьветных кніжных кірмашах. Але сёньня нам варта засяродзіцца над тым, каб вырабляць тут якасны ў культурным пляне прадукт. І гэта само па сабе дапаможа яго прасоўваньню за мяжой.

— На фэстывалі быў прэзэнтаваны і раман чэскай пісьменьніцы Ірэны Доўскавай «Моцны Жбуць», перакладзены Веранікай Бяльковіч. Я хацеў бы, каб да нашай размовы па тэлефоне далучылася перакладчыца і рэдактар згаданай кнігі Ганна Янкута. Ганна, чым гэты раман можа зацікавіць беларускага чытача?

Ганна Янкута

Ганна Янкута

Ганна Янкута: Беларусам будзе цікава прачытаць «Моцны Жбуць», бо гэта сатыра на савецкую эпоху, перададзеная праз успрыманьне дзяўчынкі. Там хапае і кранальных, і камічных, і чыста сатырычных момантаў. Фактычна, гэта адлюстраваньне чэскага мінулага, у якім беларусы могуць пазнаць мінулае ўласнае. Гэта ў нечым аддалена падобна на Мрыя, але напісана зусім у іншым ключы. І вось акурат такога асэнсаваньня камуністычнага мінулага ў нашай літаратуры пакуль няма. Мы бачым, як Ірэна Доўскава без аніякіх крыўдаў, без надрыву спрабуе зразумець, як жылі тады чэхі. Магчыма, прачытаўшы «Моцны Жбуць», мы таксама задумаемся і зразумеем, як жылі тады мы, беларусы, і як нам жыць цяпер.

— А вы, Ганна, як ацэньваеце сытуацыю зь перакладамі нашай літаратуры?

— Мяне радуе, што нейкім чынам беларуская літаратура перакладаецца ў Польшчы, у Нямеччыне, у Швэцыі. Прычым, ня клясыка, а менавіта сучасная літаратура. Гэта, на мой погляд, таксама зьвязана з асобамі. Скажам, у Польшчы актыўнай прапагандай беларускай літаратуры займаецца Адам Паморскі, які сам перакладае беларускую паэзію. І ў Швэцыі такія людзі ёсьць. Калі б існавалі спэцыяльныя ўстановы, перакладалася б больш, але — маем тое, што маем.

— Павал, грамадзянам Рэспублікі Беларусь сёньня даволі няпроста атрымаць шэнгенскую візу. Ці замінаюць сёньня палітычныя ўмовы ў атрыманьні такой візы нашай літаратуры? А можа — дапамагаюць? Вунь ва Ўладзімера Някляева за апошнія два гады за мяжой выйшла больш кніг, чым за ўсё ранейшае жыцьцё...

— Тут пытаньне насамрэч двухбаковае. З аднаго боку ёсьць пэўныя праблемы паміж уладай і пісьменьнікамі. Адбываецца палітызацыя вакол пісьменьніцкіх саюзаў, якіх у нас, як вядома, два. У той жа час нельга сказаць, што для творцаў гэтыя палітычныя варункі ствараюць нейкія непераадольныя, драматычныя перашкоды. З другога боку пэўныя палітычныя чыньнікі часам сапраўды прыцягваюць увагу да нашай краіны і да нашай літаратуры. Тады замежнікі пачынаюць больш друкаваць беларускіх аўтараў, больш цікавіцца нашай культурай увогуле. З аднаго боку — ёсьць шкода ад усёй гэтай сытуацыі, зь іншага боку — ёсьць і карысьць.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG