Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 сакавіка ўкраінская апазыцыя пачынае акцыю «Уставай, Украіна!» з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта Віктара Януковіча.

Пра гэта паведаміў старшыня парлямэнцкай фракцыі «Бацькаўшчына» Арсеній Яцанюк. Украінская апазыцыя кліча народ да паўстаньня на працягу бліжэйшых двух месяцаў.

Цягам двух месяцаў маршы і мітынгі ў рамках акцыі пройдуць ва ўсіх абласных цэнтрах. Акцыя «Уставай, Украіна!» пачнецца 14 сакавіка ў Віньніцы, а завершыцца Усеўкраінскім маршам у Кіеве на Дзень Эўропы — 18 траўня, заявіў Арсеній Яцанюк:

«Мы як апазыцыя прынялі рашэньне аб тым, што трэба ісьці ў народ. Мы паедзем праводзіць народныя вечы, мы паедзем падымаць людзей».

Яцанюк адзначыў, што палітычная мэта гэтай акцыі — адстаўка прэзыдэнта Януковіча:

«Палітычная зіма Януковіча завяршылася. Цяпер пачынаецца апазыцыйная вясна. З гэтым прэзыдэнтам і з гэтым рэжымам у краіне не будзе ніякіх зьменаў, а ўлада павінна баяцца людзей».

Сябра кіроўнай Партыі рэгіёнаў Іна Багаслоўская сказала ў інтэрвію Радыё Свабода, што мудры палітык так, як Яцанюк, не зрабіў бы:

«Ён падбухторвае грамадзтва на паўстаньне, пры тым, што перадумоў для паўстаньня няма. І ўсё сацыялягічныя дасьледаваньні кажуць, што грамадзтва не зьяўляецца цяпер разагрэтым. А гэта значыць, што ён можа заклікаць толькі, як гэта было ў многіх краінах, нявопытную моладзь, якую могуць кінуць на тое, як яна біла вітрыны або разьбірала брук. І гэта ўсё скончыцца скалечанымі лёсамі гэтых маладых людзей».

Дэпутат ад Партыі Віталя Клічко «УДАР» Ірына Герашчанка заявіла , што «ЎДАР» падтрымлівае любыя меры, накіраваныя на зьмену ўлады, каардынуючы свае дзеяньні з калегамі па апазыцыі:

«Сёньня галоўная задача апазыцыі — пашырыць як мага больш падтрымку апазыцыйных сілаў і, вядома, што ў гэтых пытаньнях мы каардынуем нашы дзеяньні з партнэрамі з апазыцыйным лягеры».

Лідэр іншай апазыцыйнай сілы — Партыі «Свабода» Алег Цягнібок таксама заявіў, што апазыцыя сёньня адзіная і гатовая да барацьбы і ў Вярхоўнай Радзе, і на вуліцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG