Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 14 па 25 сакавіка ў Беларусі будзе працаваць чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду.

Як паведамілі ў беларускім прадстаўніцтве МВФ, місію ўзначальвае Дэвід Хофман. Экспэрты фонду правядуць чацьвёрты постпраграмны маніторынг беларускай эканомікі пасьля ажыцьцяўленьня праграмы stand-by. Гэтая праграма была рэалізаваная ў пэрыяд са студзеня 2009 года па красавік 2010 года і падтрыманая крэдытам МВФ на суму 3,5 мільярда даляраў.

У праграму місіі ўваходзяць кансультацыі экспэртаў фонду з урадам і Нацбанкам Беларусі па пытаньнях макраэканамічнай, бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкі ўладаў, а таксама па пэрспэктывах разьвіцьця беларускай эканомікі.

Дзейнасьць МВФ у Беларусі накіраваная на супрацоўніцтва з урадам і Нацыянальным банкам пры падрыхтоўцы праграм эканамічнай палітыкі з акцэнтам на падаткова-бюджэтную і грашова-крэдытную палітыку, абменны курс і гандлёвую палітыку з мэтай дасягненьня значнага эканамічнага росту, нізкай інфляцыі і ўстойлівасьці плацежнага балянсу.

Па выніках місіі спадар Хофман зьбіраецца правесьці прэсавую канфэрэнцыю 25 сакавіка, а пакуль ад нейкіх камэнтароў у офісе МВФ устрымліваюцца.


Беларусь і МВФ: гісторыя крэдытаў і стасункаў

Пасьля звароту беларускіх уладаў Рада выканаўчых дырэктараў МВФ 12 студзеня 2009 году ўхваліла праграму тэрмінам на 15 месяцаў і выдзяленьне Беларусі фінансавых рэсурсаў у аб’ёме каля $2,46 млрд. Пазьней на просьбу беларускага боку МВФ павялічыў агульны аб’ём фінансаваньня да $3,46 млрд. За час з 1992 па 2008 год Беларусь двойчы скарыстала фінансавыя рэсурсы МВФ: па лініі фонду сыстэмных трансфармацыяў — $217,2 млн, і паводле мэханізму стэнд-бай — $77,4 млн. Абодва гэтыя крэдыты Беларусь цалкам пагасіла ў лютым 2005 году. Беларусь — сябра МВФ з 1992 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG