Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сям’я загінулага школьніка патрабуе кампэнсацыі маральнай шкоды


Сям’я загінулага пад коламі «Поршэ-Каена» дзіцяці запатрабавала кампэнсацыю за маральную шкоду.

Тры грамадзянскія пазовы аб кампэнсацыі маральнай шкоды накіравала сям’я загінулага пад коламі «Поршэ Каена» менскага школьніка Ўладзіслава Грудзьева.

Гэтыя пазовы ў суд Фрунзенскага раёна Менску накіравалі пацярпелыя па справе: маці загінулага хлопчыка, бабуля і дзядуля.

Адвакат Ксеньня Кобаса, якая прадстаўляе інтарэсы пацярпелага боку, адмовілася назваць Інтэрфаксу сумы заяўленых грамадзянскіх пазоваў.

Паводле парталу auto.tut.by, маці патрабуе кампэнсацыі ў 200 мільёнаў рублёў, дзядуля і бабуля па 100 мільёнаў рублёў.

15 лютага суд Фрунзенскага раёна Менску прызнаў кіроўцу «Поршэ Каена» Андрэя Забабуру вінаватым у парушэньні правілаў дарожнага руху і сьмерці празь неасьцярожнасьць школьніка Ўлада Грудзьева. Кіроўцу прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі-пасяленьні. Падчас судовых слуханьняў было абвешчана, што Забабура выплаціў сям’і загінулага школьніка 200 мільёнаў рублёў.

Маці, бабуля і дзядуля Ўлада Грудзьева свае патрабаваньні адносна меры пакараньня абвінавачванаму і кампэнсацыі ім маральнай шкоды падчас суду не заяўлялі. Аднак у выпадку, калі кіроўца не прызна+е сваёй віны, яны меркавалі такія пазовы падаць.

Андрэй Забабура на пачатку працэсу і ў апошнім слове не прызнаў сябе вінаватым, але пры гэтым папрасіў прабачэньня ў пацярпелых і сказаў пра маральную адказнасьць за сьмерць хлопчыка.

Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў, бо быў абскарджаны абвінавачаным у Менскі гарадзкі суд.

Дарожна-транспартнае здарэньне адбылося 13 лістапада 2012 году каля 19 гадзін на тэрыторыі агульнаадукацыйнай школы № 23 па вуліцы Панчанкі ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG