Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У недзяржаўных мэдыях актыўна працягваецца дыскусія пра тое, што рабіць на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году, каб дамагчыся зьменаў.

Вось на арэну выйшаў адзін з слынных вэтэранаў беларускай дэмакратыі Валер Костка. Свой артыкул «Аб выбарах, байкоце, плошчы, «адзіным» і «непераможным» ён надрукаваў спачатку на сайце «Беларускі партызан», а потым у газэце «Народная воля» (05.03.2013 г.).

Валер Костка выступае за байкот і, у адрозьненьне ад шмат якіх прыхільнікаў гэтай тактыкі, паспрабаваў абгрунтаваць сваё гледзішча. Іншая справа, што з гэтага атрымалася.

У банальныя разважаньні пра адсутнасьць выбараў, пра тое, што апазыцыя ні на што ня вартая, уплятаюцца меркаваньні, вельмі папулярныя ў каляпалітычнай тусоўцы, але ніколі і нічым не пацьверджаныя, акрамя ўласнай упэўненасьці. А менавіта: народ ведае, што выбараў у нас няма; народ на выбары ня ходзіць (спасылка на леташнюю парлямэнцкую кампанію).

Насамрэч байкот для рэжыму непрыемны. Але ня больш за тое. Калі байкоту не спадарожнічаюць масавыя акцыі пратэсту, то ўлады ніяк не спужаюцца.

Але нават калі згаданыя тэзісы і сапраўды слушныя, адпавядаюць рэальнасьці (што ніяк не даказана), то гэта яшчэ не азначае, што насельніцтва ня прыйдзе на выбарчыя ўчасткі падчас прэзыдэнцкіх выбараў. З розных прычын. Будуць уплываць і сіла традыцыі, і фактар страху, і тое, што на прэзыдэнцкіх выбарах, у адрозьненьне ад парлямэнцкіх, легітымуецца рэальная ўлада. І таму, што нават калі ўся апазыцыя дамовіцца і арганізуе байкот (у што цяжка верыцца), у любым выпадку ў выбарчай кампаніі, акрамя Лукашэнкі, будуць удзельнічаць і іншыя пэрсоны: дзяжурны Гайдукевіч, розныя дзівакі, якім улада дапаможа зьбіраць подпісы, і інш.

Але на гэтай хісткай з гледзішча доказнасьці канструкцыі будуюцца ўсе далейшыя высновы. Вось, напрыклад, такая:

«Такім чынам, з аднаго боку, палітычная эліта (улада і апазыцыя) губляюць давер народа, з другога боку, адбываецца зрошчваньне ўлады і „апазыцыі“. Народ не задаволены дзейнасьцю палітычнай эліты і ўсё ў большай ступені ўсьведамляе сябе першакрыніцай улады, рыхтуецца да палітычнай рэформы ўлады па правілах, якія ўсталяваў у сваёй асноўнай грамадзкай дамове — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Мусіць, у гэтым і ёсьць перавага сапраўдных народных прадстаўнікоў, якім прэзэнтуе сябе В.Костка, што яны дакладна ведаюць, да чаго рыхтуецца народ. Я па наіўнасьці думаў, што народ рыхтуецца да дэвальвацыі, росту цэнаў, думае пра тое, як выжыць, захаваць свае даходы. А насамрэч ён «рыхтуецца да палітычнай рэформы ўлады», добра ведае Канстытуцыю, якую ўсьведамляе як грамадзкую дамову. Мусіць, перачытваючы перад сном Русо.

Але галоўны сэнс артыкула В.Косткі ў іншым. Ён знайшоў цудадзейны сродак, як перамагчы рэжым. І далёка шукаць не давялося, ён на паверхні, даўно абмяркоўваецца. Але цяпер аўтар падвёў пад гэтую ідэю тэарэтычнае абгрунтаваньне. Вось яно.

«Адзіная праблема, якую ня можа абыйсьці дыктатура, — гэта праблема ўдзелу ці няўдзелу выбарцаў у спэктаклі пад назвай „выбары“... А як быць, калі народ не падыдзе да скрыняў? Тады ўлада страціць уладныя паўнамоцтвы.... Байкот — гэта адзіны канстытуцыйны спосаб, да таго ж мірны спосаб, прымусіць уладу вярнуцца ў канстытуцыйнае поле і даць права першакрыніцы ўлады — НАРОДУ — выбраць сабе ўладу ў адкрытых, сумленных, празрыстых выбарах... Таму для палітыкаў, якія прытрымліваюцца апазыцыйных поглядаў, і для народа настаў спрыяльны час (улічваючы байкот парлямэнцкіх выбараў) абвясьціць уладзе ўльтыматум — ці новае заканадаўства па выбарах, якое гарантуе поўны кантроль і празрыстасьць выбараў, альбо байкот „выбараў“ па правілах дыктатуры... Пры ажыцьцяўленьні байкоту паўстане сытуацыя нулявога варыянту, калі ўсе зацікаўленыя палітычныя сілы сядаюць за стол перамоваў і прымаюць новую рэдакцыю выбарчага заканадаўства, якое гарантуе канстытуцыйныя прынцыпы выбараў. Паводле якіх народ і абярэ сабе дэмакратычную ўладу... Губляецца сэнс вызначэньня „адзінага“ для барацьбы паводле дзейных „выбарчых“ правілаў. Неабходна дамагчыся ў першую чаргу зьменаў у выбарчым заканадаўстве, якія гарантуюць сумленнасьць, адкрытасьць і празрыстасьць саміх выбараў».

Галоўная хіба гэтых разважаньняў палягае ў тым, што ўлады, паводле іх, панічна баяцца байкоту. І як толькі апазыцыя запужае іх тым, што будзе байкатаваць выбары, вылучыць ультыматум, улады тут жа адступяць, пагодзяцца на перамовы, памяняюць заканадаўства і правядуць справядлівыя і дэмакратычныя выбары.

Насамрэч байкот для рэжыму непрыемны. Але ня больш за тое. Калі байкоту не спадарожнічаюць масавыя акцыі пратэсту, то ўлады ніяк не спужаюцца. Яны ўжо прызвычаіліся праводзіць выбары пры любой колькасьці галасуючых. Гэта меншае зло. Калі выбіраць паміж невялікім удзелам у галасаваньні і дэмакратычнымі выбарамі, падчас якіх можна рэальна страціць уладу, рэжым несумненна выбера першае.

Калі выходзіш на поле і гуляеш, то ёсьць шанец перамагчы нават моцнага праціўніка. А калі загадзя адмаўляесься выходзіць на поле, то шанцаў ніякіх.

Калі паспрабаваць зразумець, што насамрэч стаіць за такімі разважаньнямі, то міжвольна прыходзіш да сумных высноваў. Людзі проста імкнуцца схавацца ад суровай рэальнасьці за частаколам ілюзій. А змрочная рэальнасьць палягае ў тым, што пры Лукашэнку ніякіх лепшых умоваў правядзеньня выбараў ня будзе. Ён не самагубца, каб дапамагаць сваім канкурэнтам. Таму даўно трэба прызвычаіцца да думкі, што за свабоду змагацца давядзецца менавіта пры гэтых, а магчыма, і яшчэ горшых умовах. І ўсе разважаньні пра байкот прэзыдэнцкіх выбараў — гэта, можа, не да канца ўсьвядомленая спроба ўхіліцца ад барацьбы, чыста па-беларуску схавацца ў бульбу. Гэта палітычнае дэзэрцірства. Беларусы — халяўшчыкі. Яны ўсё яшчэ разьлічваюць на нейкі цуд. А раптам нехта, ці то з Усходу, ці з Захаду, як «бог з машыны», прыйдзе і прымусіць Лукашэнку праводзіць дэмакратычныя выбары.

Калі б слынны беларускі ваявода Кастусь Астроскі падчас знакамітай бітвы пад Воршай так разважаў: ня буду я біцца з маскалямі, бо іх нашмат больш, вось калі сілы будуць роўныя, толькі тады я згодзен ваяваць, — што б было? Беларусь на тры вякі раней апынулася б пад Расеяй і сёньня была б Заходняй фэдэральнай акругай РФ.

Калі выходзіш на поле і гуляеш, то ёсьць шанец перамагчы нават моцнага праціўніка. Як гэта калісьці зрабіла зборная Беларусі па хакеі ў знакамітым матчы з Швэцыяй. Ці футбольная зборная ў матчы з Францыяй. Ці як БАТЭ перамог «Баварыю» мінулай восеньню. А калі загадзя адмаўляесься выходзіць на поле, то шанцаў ніякіх.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG