Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз не хвалюецца наконт візыту прэзыдэнта Сэрбіі ў Беларусь


Таміслаў Мікаліч і Кэтрын Эштан

Таміслаў Мікаліч і Кэтрын Эштан

Мая Кацыянчыч, прэсавая сакратарка эўракамісара па зьнешніх сувязях Кэтрын Эштан, ня бачыць у візыце ў Беларусь прэзыдэнта Сэрбіі нечага надзвычайнага.

Некаторыя СМІ адзначалі, што сваім візытам Таміслаў Ніколіч парушыў санкцыі супраць Беларусі, да якіх летась далучылася Сэрбія, кандыдат у сябры Эўразьвязу.

«У мяне няма асобнага камэнтару адносна візыту лідэра трэцяй краіны ў Беларусь, — сказала Свабодзе Мая Кацыянчыч, прэсавая сакратарка эўракамісара па зьнешніх сувязях Кэтрын Эштан. — А палітыка Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі вядомая: гэта палітыка крытычнага ўзаемадзеяньня, санкцыяў супраць адказных за парушэньне правоў чалавека і, у той жа час, адкрытасьці да дыялёгу — пры ўмове вызваленьня палітвязьняў. У кантэксьце абмежавальных захадаў не зьдзяйсьняюцца і візыты на вышэйшым узроўні кіраўнікоў краінаў ЭЗ у Беларусь. Адносна Сэрбіі магу сказаць, што яна прывяла сваю палітыку ў адпаведнасьць з прынцыпамі зьнешняй палітыкі ЭЗ, уключна з абмежавальнымі захадамі», — зазначыла Кацыянчыч.

Прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Нікаліч, знаходзячыся ў Менску, параіў кіраўніцтву Беларусі не хвалявацца з нагоды уведзеных Эўрапейскім зьвязам візавых абмежаваньняў.
Ён патлумачыў, што калі Эўразьвяз стварыў сьпіс грамадзян Беларусі, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ, Сэрбія далучылася да гэтых санкцыяў, «таму што калісьці Сэрбія падпісала пагадненьне, па якім заўсёды павінна далучацца да рашэньняў Эўрапейскага зьвязу». Так падае Інтэрфакс словы сэрбскага прэзыдэнта, сказаныя ім старшыні Савету рэспублікі Анатолю Рубінаву.

Мая Кацыянчыч нагадала ў інтэрвію Свабодзе, што ЭЗ у кантакце зь беларускімі ўладамі, мае сваіх прадстаўнікоў у Менску, якія супрацоўнічаюць з афіцыйнымі асобамі «ў кантэксьце эўрапейскай палітыкі крытычнага ўзаемадзеяньня. Мы зрабілі канкрэтныя прапановы ў напрамку палягчэньня візавага рэжыму, вядзем дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю, працягваючы ў той жа час патрабаваць ад уладаў вызваленьня палітвязьняў і паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека,» — нагадала прэс-сакратар эўракамісара па зьнешніх сувязях.

Разважаючы над тым, ці будзе нехта з афіцыйных асобаў Беларусі запрошаны ў лістападзе ў Вільню на саміт Усходняга партнэрства, Мая Кацыянчыч зазначыла, што гэта цалкам магчыма, але пакуль рана казаць, якога кшталту ўдзел будзе прадугледжаны. Яна нагадала, што і раней, нягледзячы на палітыку санкцыяў, прадстаўнікі Беларусі запрашаліся на мерапрыемствы ўсходняга партнэрства.
XS
SM
MD
LG