Лінкі ўнівэрсальнага доступу

95-я ўгодкі БНР: літоўскія ўлады спрыяюць, беларускія — замінаюць


Заяўнікаў вулічнага шэсьця ў Менску, прымеркаванага да 95-х угодкаў БНР, выклікаюць на размову ў Менгарвыканкам. Віцебскія арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі судзяцца з уладамі з-за перашкодаў у правядзеньні акцыі. Беларускія суполкі Вільні ладзяць «Беларускі тыдзень» з нагоды 25 сакавіка пры дапамозе гарадзкіх уладаў.

Сябры аргкамітэту падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне вулічнага шэсьця — ад Батанічнага саду да плошчы Бангалор — і мітынгу 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, які сёлета прыпаў на панядзелак. Днямі заяўнікаў выклікалі ў гарвыканкам, паведаміў сябра аргкамітэту Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Як было мне сказана падчас тэлефанаваньня, выклікаюць з нагоды пададзенай намі заяўкі. Мы спадзяемся атрымаць адказ, а які там адказ — па тэлефоне было сказана, што пазытыўны, а дэталі — падчас сустрэчы. Але, па вялікім рахунку, гэта нічым улады не абавязвае. Бывала і раней, калі па тэлефоне гаварылася адно, а падчас сустрэчы выяўлялася зусім іншае. І ўсё ж, калі будзе адбывацца карэкціроўка таго фармату, які мы замовілі, у тым ці іншым выглядзе імпрэза ўсё ж адбудзецца, і гэта можна лічыць пазытыўным адказам».

Аргкамітэт сьвяткаваньня плянаваў таксама правесьці 24 сакавіка ўрачысты сход у гонар юбілею БНР. Аднак адміністрацыя палаца культуры Трактарнага заводу адмовіла ў арэндзе залі, і вельмі праўдападобна, што сьвяточнага сходу не адбудзецца, паведаміў сябра аргкамітэту Юрась Губарэвіч:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
«Засталося ня дужа шмат часу, і можна прагназаваць, што ў іншых выпадках таксама будзе адмова. Таму аргкамітэт сканцэнтруецца на мерапрыемствах, закладзеных па-за ўрачыстым сходам, а менавіта — будзем больш увагі аддаваць масаваму вулічнаму мерапрыемству».

Сябры аргкамітэту паведамляюць, што з нагоды сьвяткаваньня 95-х угодкаў БНР рэгіянальныя арганізацыі шэрагу палітычных партыяў і рухаў таксама падалі заяўкі на правядзеньне вулічных акцыяў і творчых імпрэзаў у розных гарадах краіны. Ці будуць яны задаволеныя і ці пройдуць безь перашкодаў — у многіх выпадках застаецца пад пытаньнем. Да прыкладу, віцебскія актывісты судзяцца цяпер з гарадзкой паліклінікай, якая адмовілася падпісваць дамову на дзяжурства падчас правядзеньня пікету. А без такой дамовы гарвыканкам не дае дазволу на акцыю. Гэтая схема адмовы прыдуманая адмыслова, мяркуе адзін з заяўнікаў Хрыстафор Жаляпаў:

Хрыстафор Жаляпаў
Хрыстафор Жаляпаў
«Гарвыканкам калісьці прыняў рашэньне адмыслова такім чынам, каб можна было нам заўсёды адмаўляць у правядзеньні падобных акцыяў. Бо ў ніводным месцы ў Беларусі такіх рашэньняў няма, што, маўляў, разам з заявай падавайце і дамовы на абслугоўваньне. А цяпер яны могуць сказаць — мы б вам дазволілі, але ж бачыце — паліклініка адмаўляецца з вамі супрацоўнічаць, а што мы можам зрабіць?»

У адрозьненьне ад Беларусі, сьвяткаваньне 95-х угодкаў БНР у Літве будзе доўжыцца тыдзень — з 25 да 30 сакавіка. Шэраг беларускіх арганізацыяў Вільні арганізоўваюць у гэтыя дні ўскладаньне кветак на месцах пахаваньня падпісантаў Акту Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, прагляды кінафільмаў, канцэрты беларускіх забароненых музыкаў. У Сэйме Літвы пройдзе канфэрэнцыя з удзелам сваякоў беларускіх палітвязьняў. Падрыхтоўка да сьвята праходзіць з дапамогай літоўскіх дзяржаўных уладаў, кажа сябра аргкамітэту Кірыл Атаманчык:

Кірыл Атаманчык
Кірыл Атаманчык
«Віленскае гарадзкое самакіраваньне дало нам залю для правядзеньня нашых урачыстасьцяў. Літоўскі Сэйм таксама даў залю Канстытуцыі — гэта самая вялікая і ўрачыстая заля Сэйму. Словам, падтрымка, безумоўна, ёсьць. Больш за тое — летась мы нават ладзілі цэлую „Беларускую вясну“ ў Вільні. А сёлета вырашылі распачаць „Беларускі тыдзень“ і стварыць такую добрую традыцыю супольнага сьвяткаваньня беларусамі гэтай помнай даты».

У Менску да юбілею БНР таксама прымеркаваныя круглыя сталы, адзін зь якіх адбыўся ў рэдакцыі незалежнай газэты «Новы час». Наступны мае сабрацца ў рэдакцыі незалежнай газэты «Народная Воля» 15 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG