Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія геі цяпер змагаюцца і за разводы


Пасьля таго як у некаторых штатах ЗША былі прынятыя законы, якія дазваляюць рэгістраваць аднаполыя шлюбы, прадстаўнікі сэкс-меншасьцяў пачалі змагацца за права афіцыйна скасаваць шлюб. Гэтае пытаньне паўстала бы ў любым выпадку, піша газэта La Repubblica.

Па словах аднаго з найлепшых адвакатаў па разводах сярод аднаполых пар Шэры Данаван, «разводаў становіцца ўсё больш. У апошнія месяцы мы сталі сьведкамі самага сапраўднага буму, статыстыка пакуль не адлюстроўвае рэальнага маштабу таго, што адбываецца. Законы ў некаторых штатах легалізавалі аднаполыя шлюбы. Але цяпер, па заканчэньні пэўнага пэрыяду часу, непазьбежна надыдзе час разводаў».


У ЗША каля 50 тысяч аднаполых пар (а па некаторых дадзеных — 70 тысяч) аформілі шлюб. Працэнт разводаў сярод іх вагаецца паміж 1,1-1,7. На думку Шэры Данаван, менавіта легалізаваныя разводы паміж аднаполымі мужам і жонкай могуць пракласьці шлях да правоў, якіх геі былі пазбаўленыя раней.

Пытаньне аднаполых разводаў пакуль стварае шмат юрыдычных і эканамічных цяжкасьцяў. Напрыклад, 26 і 27 сакавіка Вярхоўнаму суду ЗША прыйдзецца прыняць няпростыя рашэньні: скасаваць «прапазыцыя 8», згодна зь якой у Каліфорніі накладзеная забарона на аднаполыя саюзы, і, самае галоўнае, адмяніць Defense of Marriage Act, фэдэральны закон, прыняты ў 1996 годзе, у адпаведнасьці зь якім шлюб зьяўляецца саюзам выключна паміж мужчынам і жанчынай.

Гэтыя рашэньні могуць істотна зьмяніць судовую практыку, спрасьціць шэраг юрыдычных пытаньняў. Прэзыдэнт ЗША Барак Абама выказаў сваю згоду: «Гэты закон павінен быць ануляваны». Таксама Біл Клінтан, у пэрыяд прэзыдэнцтва якога і быў прыняты гэты закон, выказаў сваё меркаваньне: «Мы зрабілі гэта, каб пазьбегнуць больш сур’ёзных праблемаў, але цяпер закон варта зьмяніць».

«Калі звычайныя пары жэняцца і разводзяцца 6-7 разоў, чаму мы ня маем права на памылку? — Задае пытаньне вядомы пісьменьнік і блогер Рэндзі Скот Хайд. — Пасьля права на ўступленьне ў шлюб трэба і права на развод». Аднак у сеціве зьедліва пажартавалі на гэтую тэму: з легалізацыяй разводаў у рэальным выйгрышы апынуцца адвакаты.
XS
SM
MD
LG