Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежных узнагарод Аляксандра Лукашэнкі паболела. Прэзыдэнт Сэрбіі Томіслаў Нікаліч уручыў яму ордэн Рэспублікі Сэрбія.

Такім чынам, цяпер Лукашэнка мае шэсьць дзяржаўных узнагарод: дзьве — вэнэсуэльскія і па адной — лібійскай, кубінскай, расейскай і сэрбскай.

Томіслаў Нікаліч адзначыў Аляксандра Лукашэнку за разьвіцьцё і ўмацаваньне міралюбнага супрацоўніцтва і сяброўскіх дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі. Сэрбскі ордэн мае дзьве ступені. Першая ўручаецца выключна кіраўнікам сувэрэнных дзяржаваў. Ёю ўшанаваныя, напрыклад, Уладзімер Пуцін і Уга Чавэс (пасьмяротна). Ордэн другой ступені менш значны.

Ён распаўсюджваецца і на кіраўнікоў урадаў. Лідэру Беларусі дасталася менавіта гэтая адзнака.

Калі ж прасачыць храналёгію замежных дзяржаўных узнагарод Аляксандра Лукашэнкі, то яна выглядае так:

  • Ордэн Рэвалюцыі (Лібія, 2000 год)
  • Ордэн Хасэ Марці (Куба, 2000 год)
  • Ордэн «За заслугі перад Айчынай» другой ступені (Расея, 2 красавіка 2001 год)
  • Вялікі ланцуг ордэна Вызваліцеля (Вэнэсуэла, 2007 год)
  • Ордэн Франсыска Міранды першай клясы (Вэнэсуэла, 2007 год)
  • Стужка ордэну Рэспублікі Сэрбіі (Сэрбія, 2013 год)





Дацэнт, кандыдат філязофскіх навук Уладзімер Падгол называе гэтыя ўзнагароды «адзнакай за салідарнасьць»:

Уладзімер Падгол

Уладзімер Падгол

«Гэта ацэнка беларускага кіраўніка за яго падтрымку рэжымаў у пералічаных краінах. У іх як бы агульная плынь — падтрымліваць адзін аднаго, дзе гэта толькі магчыма. Таму за гэтымі ўзнагародамі стаяць Кадафі, Кастра, Пуцін, Чавэс. Сэрбскі лідэр тут, хутчэй, выключэньне. Яго ўсё ж абралі на дэмакратычных выбарах.

Гэтыя ўзнагароды нясуць адначасова дзьве функцыі. Першая — падзяка. І другая — аванс за будучую падтрымку. У кантэксьце сэрбскага ордэну гэта чытаецца так: вы нас падтрымліваеце з Косава, за што вам дзякуй. І другі пасыл — мы спадзяемся, што гэтая падтрымка не аслабне».

Пералічаныя ўзнагароды — замежныя. А ці мае Аляксандар Лукашэнка беларускія ўзнагароды? На гэтае пытаньне карэспандэнта «Свабоды» гісторык Ірына Колабава, чыя сфэра навуковых інтарэсаў ахоплівае ўзнагароды, адказвае так:

«Я шукала беларускія ўзнагароды Аляксандра Лукашэнкі. І ніводнай
ніхто ні разу не сказаў, што ён ведае пра беларускія ўзнагароды Лукашэнкі

не знайшла. Я вывучала адкрытыя ўказы. Але ёсьць і ўказы закрытыя. Яны мне недаступныя. Таму тэарэтычна можна меркаваць, што ўзнагароды ў кіраўніка дзяржавы ёсьць. Але найхутчэй — няма. Я шмат разоў бачыла Аляксандра Лукашэнку па тэлебачаньні на розных ганаровых імпрэзах. І ніколі ня бачыла ў яго нашых, беларускіх, узнагародаў.

Гэтую тэму мы абмяркоўвалі з калегамі. І ніхто ні разу не сказаў, што ён ведае пра беларускія ўзнагароды Лукашэнкі».

Акрамя замежных дзяржаўных узнагарод Аляксандар Лукашэнка мае канфэсійныя ўзнагароды. Ён таксама ганаровы грамадзянін Ерэвану і Каракасу.

А колькі ж дзяржаўных узнагарод маюць альбо ўжо мелі іншыя прэзыдэнты- доўгажыхары?

Фідэль Кастра

Фідэль Кастра

Фідэль Кастра (Куба) — 12 замежных дзяржаўных адзнакаў. Найчасьцей узнагароджваўся кіраўніцтвам былога СССР. Ён — Герой Савецкага Саюзу, мае тры ордэны Леніна і ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

Кубінскі лідэр мае таксама па дзьве дзяржаўныя ўзнагароды КНДР і Ўкраіны, па адной — Чэхаславакіі, Мэксыкі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

Муамар Кадафі

Муамар Кадафі

Цікавая гісторыя зьвязаная з узнагародамі былога лібійскага дыктатара Муамара Кадафі. Яшчэ ў 1978 годзе ён атрымаў Сафійскі мэдаль гонару Народнай Рэспублікі Баўгарыі. Але ў 2007 годзе на знак пратэсту супраць сьмяротнага прысуду, вынесенага пяці баўгарскім мэдсёстрам, Кадафі той узнагароды пазбавілі. Кадафі меў дзьве дзяржаўныя ўзнагароды Ўкраіны і адну — Вэнэсуэлы. Калі лічыць і скасаваны мэдаль, то ў Кадафі іх 4.

У Менску былога лібійскага кіраўніка спачатку зрабілі ганаровым доктарам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Аднак пасьля вядомых падзеяў выключылі са сьпісу ганаровых дактароў.

Кім Чэн Ір

Кім Чэн Ір

Былы кіраўнік КНДР Кім Чэн Ір — аж чатыры разы герой сваёй краіны. А вось замежных узнагарод у яго няшмат. З Масквы даслалі тры юбілейныя мэдалі за 50, 60 і 65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Нацыянальным ордэнам яго адзначыла Гвінэя.



Уга Чавэс

Уга Чавэс

Былы вэнэсуэльскі лідэр Уга Чавэс сярод сваіх замежных узнагарод меў і беларускі ордэн Дружбы народаў. Ім яго ўганаравалі ў 2008 годзе. Чавэс таксама мае дзяржаўныя ўзнагароды Ірану, Нікарагуа, Кубы (дзьве), Сырыі. Апошняя яго ўзнагарода пасьмяротная — ад Сэрбіі.


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

У прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ёсьць дзяржаўныя ўзнагароды з былой ГДР, Віетнаму, Казахстану, Францыі, Гішпаніі, Саудаўскай Арабіі, Таджыкістану, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Узбэкістану, Манголіі, Вэнэсуэлы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG