Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрбскі прэзыдэнт Томіслаў Нікаліч прыбыў з двухдзённым афіцыйным візытам у Беларусь. На чым грунтавалася сяброўства Беларусі і Сэрбіі ў часы Слабадана Мілошавіча? Чаму гэтае сяброўства спынілася пры новай сэрбскай уладзе? Якія могуць быць наступствы візыту прэзыдэнта Сэрбіі ў Менск?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і аналітык зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў.

Cяброўства Беларусі і Сэрбіі ў часы Слабадана Мілошавіча


Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч: «Афіцыйны візыт у Беларусь кіраўніка эўрапейскай дзяржавы — гэта рэдкая зьява. З апошніх такіх візытаў можна ўзгадаць прыезд прэм’ера Італіі Бэрлюсконі ў 2009 годзе ды візыт прэзыдэнта Літвы Грыбаўскайце ў 2010 годзе.

Хоць у канцы 1990-х паміж Беларусьсю і Сэрбіяй — дакладней, Югаславіяй — было вельмі шчыльнае сяброўства. Ва ўсялякім разе, палітычнае і ідэалягічнае. Лукашэнка лётаў у Бялград падчас вайны Югаславіі з НАТО ў 1999 годзе. Тады Югаславія нават выказвала намер уступіць у Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. На чым грунтавалася тое сяброўства?»

Андрэй Фёдараў: «У тыя часы была вялікая ідэйная блізкасьць двух аўтарытарных лідэраў. Яны займалі рэзка антызаходнюю пазыцыю. Тады Сэрбія вяла войны зь іншымі рэспублікамі былой Югаславіі, у якіх загінулі сотні тысяч чалавек. І гэта выклікала нэгатыўную рэакцыю Захаду. Таксама і Беларусь апынулася ў палітычным канфлікце з Захадам пасьля рэфэрэндуму 1996 году. Гэта падштурхнула Лукашэнку і Мілошавіча адзін да аднаго.

Лукашэнка ў 1998 і 1999 гадах наведваў Бялград. Ён актыўна падтрымліваў Мілошавіча і пасьля ягонага арышту і суду над ім у Гаагскім трыбунале.

Сапраўды, тады Югаславія нават выказвала намер уступіць у Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. Менск гэта актыўна падтрымліваў. Зразумела, з гэтага нічога ня выйшла».

Карбалевіч: «Важным чыньнікам таго беларуска-сэрбскага сяброўства быў расейскі. Справа ў тым, што вайна НАТО супраць Югаславіі выклікала вялікае абурэньне ў расейскім грамадзтве. А Лукашэнка тады марыў стаць кіраўніком аб’яднанай беларуска-расейскай дзяржавы і таму імкнуўся патрапіць у настроі расейскіх грамадзян».


Беларуска-сэрбскія адносіны пасьля югаслаўскай рэвалюцыі


Карбалевіч: «Як разьвіваліся беларуска-сэрбскія адносіны пасьля югаслаўскай рэвалюцыі, якая ліквідавала рэжым Мілошавіча? Здаецца, яны амаль спыніліся. Афіцыйны Менск абвінавачваў новыя сэрбскія ўлады ў тым, што яны заходнія найміты».

Фёдараў: «Так, першыя гады пасьля краху рэжыму Мілошавіча ніякага ўзаемадзеяньня паміж кіраўніцтвам Беларусі і Сэрбіі не адбывалася. Пэўныя зрухі пачаліся ў 2009 годзе. Тады Лукашэнка ўзяў удзел у эканамічным форуме, які праходзіў на сэрбскім горналыжным курорце. Там ён сустрэўся з тагачасным прэм’ер-міністрам Югаславіі. Праз 2–3 тыдні пасьля вяртаньня Лукашэнкі дадому Менск наведаў віцэ-прэм’ер, міністар эканомікі Югаславіі. Мінулым годам аб’ём двухбаковага гандлю склаў 150 млн даляраў. Гэта ня многа, але і ня мала».

Андрэй Елісееў: «На мой погляд, гэтыя перамовы 2009 году прывялі да значных вынікаў. Была падпісаная дамова аб стварэньні зоны свабоднага гандлю паміж Беларусьсю і Сэрбіяй».


Сэнс візыту прэзыдэнта Сэрбіі


Карбалевіч: «Што здарылася цяпер? Югаславія падтрымлівае санкцыі ЭЗ адносна афіцыйнага Менску. Што азначае гэты візыт?»

Елісееў: «Ня згодзен з тымі меркаваньнямі, што гэтым візытам у Менск Томіслаў Нікаліч парушыў абавязаньні Сэрбіі перад ЭЗ адносна санкцыяў да беларускага кіраўніцтва. Бо візавыя санкцыі азначаюць, што вышэйшым чыноўнікам Беларусі забаронены ўезд на тэрыторыю краін ЭЗ і краін, якія далучыліся да санкцыяў Эўразьвязу. Але ў гэтых дакумэнтах Эўрапейскага Зьвязу няма забароны на візыты ў Беларусь вышэйшых асобаў гэтых краін.

Томіслаў Нікаліч — даволі супярэчлівы палітык. З пачатку 1990-х гадоў і да 2008 году ён падтрымліваў ідэю стварэньня „Вялікай Сэрбіі“, быў віцэ-старшынём Сэрбскай радыкальнай партыі, якая выступала за прарасейскі курс. У 2008 годзе Нікаліч стварае ўласную Сэрбскую прагрэсіўную партыю, якая летась дамаглася перамогі на парлямэнцкіх выбарах, а сам ён абіраецца на прэзыдэнта.
Ягоны кансэрватыўны электарат будзе вітаць такія крокі Нікаліча на ўсход

Піетэт да постсавецкіх краін у яго захоўваецца. Нядаўна ён узнагародзіў Пуціна, Лукашэнку і яшчэ некаторых лідэраў постсавецкіх краін Ордэнам сяброўства. Першы ягоны візыт (праўда, яшчэ да інаўгурацыі) быў у Маскву, а другі візыт пасьля інаўгурацыі — у Брусэль. Ягоны кансэрватыўны электарат будзе вітаць такія крокі Нікаліча на ўсход.

Аднак малаверагодна, што Сэрбія адмовіцца ад эўрапейскага шляху. Мінулым годам Сэрбія атрымала статус кандыдата на ўступленьне ў ЭЗ. Менавіта Эўразьвяз застаецца галоўным фінансавым донарам Сэрбіі. І эканамічнае становішча Сэрбіі кепскае. Таму пераарыентацыя краіны з ЭЗ на Расею была б нявыгадная сэрбскаму кіраўніцтву з гледзішча палітычнага прагматызму».


Дзіўныя моманты


Фёдараў: «У цяперашнім візыце ёсьць дзіўныя моманты. Найперш, чамусьці гэты візыт захоўваўся ў таямніцы. Пра яго паведамілі толькі тады, калі ён пачаўся. Наўрад ці гэта хавалася ад беларускага ці сэрбскага грамадзтва. Магчыма, напярэдадні візыт хавалі ад ЭЗ.

Ня думаю, што гэты візыт паўплывае на дачыненьні Беларусі і ЭЗ у горшы ці лепшы бок. Можна меркаваць, што менавіта з ініцыятывы сэрбскага боку дасюль візыт трымалі ў таямніцы.
Гэты візыт наўрад ці сапсуе адносіны Сэрбіі з ЭЗ, аднак нейкі цень на іх кінуць можа

Другі момант. Калі адбываецца такі візыт, то ў канцы госьць звычайна запрашае гаспадара зрабіць візыт у адказ. Але ж Сэрбія далучылася да візавых санкцыяў ЭЗ.

Беларусь заўсёды моцна падтрымлівала пазыцыю Сэрбіі ў пытаньні Косава. Магчыма, гэты прыезд сэрбскага прэзыдэнта ў Менск ёсьць знак удзячнасьці Беларусі за цьвёрдую пазыцыю. Гэты візыт наўрад ці сапсуе адносіны Сэрбіі з ЭЗ, аднак нейкі цень на іх кінуць можа. А афіцыйны Менск атрымае ад гэтага візыту палітычныя дывідэнды. Бо ён дэманструе, што поўнай ізаляцыі Беларусі ад Эўропы няма».

Елісееў: «Наўрад ці гэты візыт значна павялічыць гандаль паміж дзьвюма краінамі, хоць станоўчая дынаміка захаваецца. Па-за краінамі СНД Сэрбія — найбуйнейшы пакупнік беларускіх трактароў.

Што тычыцца косаўскага пытаньня. Беларусь будзе працягваць падтрымліваць Бялград у гэтым пытаньні. У верасьні 2012 году эўракамісар Штэфан Фюле заявіў, што ЭЗ ня будзе дамагацца ад Сэрбіі прызнаньня незалежнасьці Косава ў абмен на сяброўства ў ЭЗ».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG