Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абмежаваў кошты аўтамабіляў. Для чыноўнікаў


Лукашэнка выходзіць з машыны. Фота Антона Матолькі.
Лукашэнка выходзіць з машыны. Фота Антона Матолькі.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які абмяжоўвае кошт службовых аўтамабіляў, якія набываюць дзяржаўныя органы, 25 тысячамі эўра.

Як паведамляе БЕЛТА, «кошт службовага легкавога аўтамабіля, набытага дзяржаўнымі органамі, дзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі, гаспадарчымі таварыствамі, у статутных фондах якіх больш за 50% акцый (доляў) знаходзіцца ва ўласнасьці Рэспублікі Беларусь і (або) яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, а таксама сельскагаспадарчымі арганізацыямі з доляй дзяржавы ў статутным фондзе, не павінна перавышаць суму, эквівалентную 25 тысяч эўра з улікам мытных плацяжоў, калі іншае не ўстаноўлена прэзыдэнтам Беларусі».

У вызначаную суму, калі гаворка ідзе пра новыя аўтамабілі, укладаюцца аўтамабілі мадэляў, якія ня лічацца прэстыжнымі — такімі, як, напрыклад «Опэль» альбо «Рэно».

Некалькі гадоў таму для кіраўнікоў абласной і раённай «вэртыкалі» былі набытыя з дзяржаўнага бюджэту аўтамабілі маркі «Мэрсэдэс», кошт кожнага зь якіх перавышае эквівалент 25 тысячаў даляраў.

Паводле экспэртаў, кошт браніраванага «Мэрсэдэсу» самога Лукашэнкі можа быць некалькі сотняў тысяч эўра. Заўважаны ў картэжы кіраўніка Беларусі «Майбах» — адзін з найбольш дарагіх аўтамабіляў. Паводле Лукашэнкі, машыну яму падараваў на дзень народзінаў «адзін расеец», аднак кіраўнік Беларусі на ёй ня езьдзіць, каб «не выпячвацца». Каштуе «Майбах 57/62» ад 367 да 432 тысяч эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG