Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Litesound хацелі зьняць кліп ля рэзыдэнцыі Лукашэнкі. Трапілі ў пастарунак


Litesound на леташнім Эўрабачаньні ў Азэрбайджане

Litesound на леташнім Эўрабачаньні ў Азэрбайджане

У раёне Заслаўскага вадасховішча вечарам 12 сакавіка былі затрыманыя ўдзельнікі «Эўрабачаньня-2012» — браты Ўладзімер і Дзьмітрый Каракіны (гурт Litesound).

Як паведаміў Радыё Свабода бацька братоў і дырэктар гурту Юры Каракін, музыкі шукалі ў лесе месца для здымак новага кліпу. Нечакана зьявіліся супрацоўнікі міліцыі і затрымалі артыстаў. Спачаіку іх трымалі ў машыне ў лесе, а потым даставілі ў Ждановіцкі райаддзел міліцыі.

Юрый Каракін паведаміў, што музыкі зьбіраліся зьняць навагодні кліп:

«У нас паводле пляну былі здымкі кліпу. Выпаў сьнег, а мы здымалі навагодні кліп. І яны шукалі добрае месца для здымак на фоне засьнежанага лесу. Знайшлі дарогу, на якой мала аўто, яна пачышчана.

Аказалася, што гэта дарога знаходзіцца ў нейкім незразумелым месцы, у нейкай забароненай зоне без усялякіх указальнікаў.

Нібыта яны праехалі на нейкі знак. Але ў гэтым павінна разьбірацца ДАІ, калі там было нешта парушана. Але іх звычайныя супрацоўнікі міліцыі каля гадзіны трымалі ў машыне ў лесе. Тэлефоны ў іх адключылі. Калі мы з жонкай іх знайшлі, міліцыянты нам не змаглі патлумачыць прычыны затрыманьня. Хлопцаў адвезьлі ў Ждановіцкі РУУС. А мы паўтара кілямэтра па сьнезе пешшу вярнуліся да сваёй машыны».

Месца аказалася непадалёк ад рэзыдэнцыі прэзыдэнта, таму ў пастарунак для разьбіральніцтва чакалі нейкага прадстаўніка прэзыдэнцкай аховы, сказаў спадар Каракін:
Ужо каля трох гадзін яны сядзяць у пастарунку без тлумачэньня прычынаў

«Гэта побач з калючым дротам каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта, каля Менскага мора. Магчыма, у іх там нейкае мерапрыемства. Ня важна. Самае галоўнае, як гэта ўсё робіцца: што чалавек, як сьвіньня, яго проста засадзілі ў машыну. І ўжо каля трох гадзін яны сядзяць у пастарунку без тлумачэньня прычынаў».

Карэспандэнт: А яны выпадкова апынуліся каля рэзыдэнцыі?

Каракін: «Канечне, выпадкова. Яны ж займаліся здымкамі кліпу. Мы там недалёка жывём на Менскім моры. Яны шукалі добрае месца для здымак і выпадкова там апынуліся».

Карэспандэнт: «Як вы пракамэнтуеце ўсё гэта?

Каракін: «Гэтае затрыманьне я расцэньваю як працяг зьнішчэньня групы Litesound. Вы ведаеце, каму яна моцна перашкодзіла, былі пагрозы на наш адрас. Таму гэта дзеяньні хутчэй палітычнага характару. Бо іх выкінулі з усіх канцэртаў. Ім здалося гэтага мала — і вырашылі прышыць яшчэ якую-небудзь справу».


Дзьмітрый Каракін: «Гэта ўсё выглядала як бандыцкі налёт»


Музыка з групы Litesound Дзьмітрый Каракін апавёў карэспандэнту «Свабоды» з пастарунку, што ім яшчэ не патлумачылі прычыны затрыманьня:

«Яны спрабуюць давесьці, што мы нібыта праехалі на знак „рух забаронены“. Мы нібыта выходзілі занадта блізка да нейкага аб’екту. Але там жа не было напісана, што за аб’ект. Мы нават яшчэ не пачалі здымкі кліпу, а проста аглядалі месца для здымкаў.
Там насамрэч быў гэты знак. Але трымаць з-за гэтага пяць гадзін у міліцыі — гэта ўжо занадта

Там насамрэч быў гэты знак. Але трымаць з-за гэтага пяць гадзін у міліцыі, арыштоўваць на месцы, забіраць тэлефон, абшукваць аўто, глядзець рэжымы тэлефона і фотаапарата — гэта ўжо занадта.

Міліцыя дзейнічала па загадзе службы бясьпекі прэзыдэнта. Чалавек ў цывільным пачаў абшукваць аўто. Насамрэч гэта было страшна, бо адбывалася пасярод лесу, ніхто нічога не тлумачыў. І гэта ўсё выглядала як бандыцкі налёт. Мы доўга, каля гадзіны, сядзелі ў машыне, замерзьлі. Усё гэта было жахліва. У нас былі з сабой дакумэнты, але гэта не дапамагло, нас адвезьлі ў пастарунак. Толькі нядаўна ў пастарунку нам аддалі тэлефоны».


Пад 22-ю гадзіну музыкаў адпусьцілі з пастарунку. Ім сказалі, што адбылася памылка. Ніякіх пратаколаў не складалі, паведаміў Юрый Каракін. Ля пастарунку сабраліся журналісты.



Дзе лепш не гуляць на Менскім моры

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG