Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошні год ніякіх істотных зьменаў у беларускім заканадаўстве не адбылося. У Крымінальным кодэксе ёсьць 6 артыкулаў, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасьць за так званую дыфамацыю, то бок за абразу і паклёп. І беларускія ўлады іх выкарыстоўваюць — на гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута завялі ўжо дзьве крымінальныя справы. Дзейнічае і прэзыдэнцкі ўказ № 60, які стварае заканадаўчую базу для пільнага кантролю за абарачэньнем інфармацыі і свабодай слова ў інтэрнэце.

Экспэрт Цэнтру прававой транфармацыі (Lawtrend) Аляксей Панамароў лічыць, што трэба зразумець, якія крытэры ўлічваюць аўтары дакладу:

«Рэгуляваньне інтэрнэту не зьмянілася. Указ № 60, які быў прыняты ў 2011 годзе, дагэтуль дзейнічае. Нічога новага ў заканадаўстве цягам 2012 году не зьявілася. Калі яны ацэньваюць практыку і колькасьць парушэньняў у гэтай галіне — магчыма, так, „Рэпартэры бязь межаў“ палічылі, што колькасьць зьменшылася. Магчыма, нейкія іншыя краіны выйшлі ў лідэры і выцесьнілі Беларусь у гэтым рэйтынгу».

Заснавальнік парталу «Тут.бай» Юры Зісер прызнаецца, што ў сфэры інтэрнэту ў Беларусі ёсьць пэўныя абмежаваньні:

Юры Зісер

Юры Зісер

«Фармальна — гэта фільтрацыя некаторых сайтаў у дзяржаўных установах і арганізацыях адукацыі і культуры. У гэтым сэнсе цэнзура ёсьць. Зь іншага боку, тое, што ў нас адбываецца, непараўнальна па маштабах з тымі краінамі, якія прынята адносіць да ворагаў інтэрнэту, дзе фільтруюцца мільёны сайтаў. Я лічу, што наш інтэрнэт адносна вольны».

На думку Юрыя Зісера, калі выключаць «Хартыю» з «Партызанам» і яшчэ некалькі сайтаў з чорных сьпісаў, тады можна будзе казаць, што цэнзуры ў беларускім інтэрнэце няма.

Падчас так званых «маўклівых акцыяў» летам 2011 году ўлады пільна адсочвалі сацыяльныя сеткі, часта блякавалі асобныя суполкі, перасьледавалі актывістаў. Ці працягваецца гэта практыка цяпер? Дырэктар кампаніі «Акавіта» Фёдар Караленка выказаў такое меркаваньне:

Фёдар Караленка

Фёдар Караленка

«Афіцыйна вам такую інфармацыю ніхто не пацьвердзіць. Я ўпэўнены, што спэцслужбы нейкім чынам кантралююць тое, што пішуць людзі ў сацыяльных сетках. Гэта, напэўна, нармальна, бо ў любой краіне існуюць аддзелы, якія адсочваюць сацыяльную актыўнасьць людзей. Пісалі пра факты перасьледу актывістаў, якія стваралі групы ў сацыяльных сетках. Але гэта не падпадае пад цэнзуру, на мой погляд, таму што гэтая інфармацыя застаецца апублікаванай. Гэта, хутчэй, рэакцыя ўладаў ці спэцслужбаў на тое, што пішацца. Гэта не зусім цэнзура».

Супрацоўнік арганізацыі «Індэкс цэнзуры» (Index on Censorship) па Беларусі і рэгіёне АБСЭ Андрэй Аляксандраў перакананы, што і цэнзура ў беларускім сеціве ёсьць, і дзяржава пільна кантралюе дзейнасьць актывістаў сацыяльных сетак:

Андрэй Аляксандраў

Андрэй Аляксандраў

«Канечне, вялікая праблема — гэта тое, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць сучасныя тэхналёгіі, каб адсочваць дзейнасьць беларускіх карыстальнікаў у інтэрнэце. І могуць ісьці нейкія карныя захады, напрыклад, арышты мадэратараў сацыяльных сетак. І гэта небясьпечна. Таму што фактычна ніякім чынам немагчыма гэта кантраляваць і адсочваць. Інфармацыі адкрытай пра тое, якім чынам вядзецца гэтае адсочваньне, няма. І спэцслужбы фактычна адказныя наўпрост перад адным чалавекам — перад прэзыдэнтам краіны».

«Індэкс цэнзуры» лічыць, што неабходна, па-першае, разбурыць манаполію «Белтэлекаму» на вонкавы інтэрнэт-трафік. Па-другое, скасаваць шэсьць артыкулаў Крымінальнага кодэксу і найбольш адыёзныя пункты прэзыдэнцкага ўказу № 60.
XS
SM
MD
LG