Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
19 сакавіка 721 году да нашай эры жыхары гораду Бабілёну, шчасьлівыя падданыя Мардука-апла-ідына ІІ, на свае вочы пабачылі, чым займаюцца іхныя багі, калі яны маюць вольную хвілінку і трохі срэбра ў кішэні. У высокім і бязьлітасным небе над Бабілёніяй нечакана здарылася сонечнае зацьменьне, ад якога адны грамадзяне падалі ніцма, іншыя з румзаньнем і малітвамі поўзалі на каленях, трэція гублялі прытомнасьць, чацьвертыя прадказвалі неўраджаі, а пятыя, наадварот, зьмены да лепшага, лібэралізацыю і стабілізацыю бабілёнскай валюты — і толькі жрацы, па сумяшчальніцтве вучоныя і астролягі, спакойна ўзялі і напісалі пра гэта на гліняных таблічках, у сваіх верных нататніках, якія, як высьветлілася, могуць быць значна больш даўгавечнымі за паперу.

А, можа, і не 19 сакавіка 721 году, а, можа, ня сонечнае, а месяцовае... А можа, і не Мардука-апла-ідына, а можа, і ня падалі, а можа, не такія ўжо і шчасьлівыя... Усё гэта ўмоўна, хістка і было так даўно, што праўду даўно пахавалі тыя самыя пяскі, пад якімі дваццаць стагодзьдзяў спаў у руінах самы знакаміты і магутны з старажытных гарадоў Міжрэчча. Горад, муры якога былі такія высокія, што іхную рэканструкцыю пачынаў адзін уладар, а сканчаў ягоны ўнук. Горад, які існаваў толькі дзякуючы інжынэрам, якія здолелі пабудаваць аазіс там, дзе не было ні лясоў, ні рэсурсаў, ні Расеі пад бокам, толькі шырокая рака і бязрадасная, выпаленая сонцам, хаця і ўрадлівая раўніна. Горад тысячаў умела пракапаных у гліністай глебе каналаў і жудасных каляровых зікуратаў. Важна тое, што бабілёнскае сонечнае зацьменьне — першае зь вядомых задакумэнтаваных. Пабачыць яго можа кожны гопнік, а вось апісаць — адно горды, цывілізаваны і барадаты грамадзянін.

І непазьбежна ўяўляецца наступнае: у нейкім 721 годзе пасьля нашай эры, неўзабаве пасьля таго, як абрынецца нашая Самая Разумная Сыстэма, і калі праміне дастаткова часу, каб канчаткова пра яе забыць, аўтар зусім іншага календара напіша, што 1 жніўня 2008 году да нашай эры жыхары гораду Менску, шчасьлівыя падданыя квітнеючай Дзяржавы, назіралі сонечнае зацьменьне і пілі піва на лавачках каля плошчы Перамогі. І абавязкова дадасьць, што, можа, і ня першага жніўня, а «перваго августа», што, можа, ня Менску, а города-героя Минска, што, можа, не такія ўжо і шчасьлівыя, што, можа, не такой ужо й квітнеючай, і што, цалкам магчыма, ня піва, а гарэлку з кока-колай. Усё гэта ўмоўна, хістка і было так даўно, што праўду пра той горад-герой на дваццаць стагодзьдзяў пахавалі пяскі, прынесеныя ветрам са сьпякотнай Антарктыды. Але зацьменьне было — факт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG