Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд блогаў, камэнтароў, сацыяльных сетак і ўсяго на сьвеце пра ўсё на сьвеце.

Я смуткую, і вы смуткуйце


Конкурс прыгажосьці сярод навучэнак слонімскага мэдычнага каледжу ладзіцца ў вялікай залі раённага Дому культуры сёньня, у аўторак 12 сакавіка.

Падзея як падзея, калі б ня тая акалічнасьць, што мерапрыемства ў апошні момант адмянілі 6 сакавіка ў зьвязку з жалобай па Уга Чавэсу і перанесьлі на 12 сакавіка.

Публіка ў сацсетках нібы аджартавалася яшчэ на мінулым тыдні, а вось слонімскія дзяўчаты толькі даатрымліваюць свае восьмасакавіцкія радасьці.

— Вып’еш за ўпакой? — запыталася бармэнка 8 сакавіка ў наведніка ў адным зь менскіх бараў. Прысутныя засьмяяліся.

Зразумела, ніхто ня радаваўся чыёйсьці сьмерці, а пасьцябаліся з абсурднасьці жалобы ў Беларусі па кіраўніку далёкай і экзатычнай краіны. Вэнэсуэлу ня кожная дзяўчына са Слоніму, ды кожны іншы беларус, адразу знойдзе на мапе сьвету.

— Вы сабе не ўяўляеце, як рагаталі ўсе львавяне, якім мы сказалі, што ў нас жалоба з нагоды сьмерці Чавэса... — напісала ў сябе на старонцы ў фэйсбуку Alona Andrejeva.

— А мае сябры зь Северадзьвінску (Расея) наогул не паверылі... — адказалі ў камэнтах.

Фота Газэты Слонімскай

Фота Газэты Слонімскай



Жарты з абсурднага ўчынку Лукашэнкі аб’ядналі беларусаў незалежна ад палітычных поглядаў. Відаць таму яшчэ, што жалоба супала з усенародна любімым сьвятам жанчын.

У прынцыпе, як даўно ўжо ніхто не акцэнтуе ўвагі на фэміністычных і камуністычных аспэктах сьвята восьмага сакавіка, гэтак сама ў тых ці іншых учынках Лукашэнкі мала хто шукае лёгіку. Там жа ў камэнтах пытаюцца, а ў 1994-м не сьмяяліся? Проста раней Лукашэнка адорваў публіку абсурднымі выказваньнямі (праваслаўны атэіст, таварышч Сапега, вершы Быкава), а цяпер і справай: я смуткую, і вы смуткуйце.

Адзін смуткаваў, але астатнія балявалі: упершыню кіраўнік і электарат разышліся ва ўчынках на сто працэнтаў. Бяз гучных заяваў і пратэстаў зрабілі па-свойму.

Для пачатку трэба раскрыць псэўданім


Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

У допісах у Фэйсбуку намесьніцы кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяны Равякі і рэдактара Радыё Свабода Сяргея Навумчыка ці не ўпершыню прагучалі дзьве вельмі прынцыповыя рэчы, якія на першы погляд між сабою не зьвязаныя.

Сяргей Навумчык зазначае, што ня ведае якіх-кольвек міжнародных арганізацыяў, якія б паглядзелі на ўціск нацыянальных правоў беларусаў з пункту гледжаньня правоў чалавека.

Сяргей Навумчык

Сяргей Навумчык

Выглядае лягічна: напрыклад, немагчымасьць атрымліваць адукацыю на роднай мове ці ёсьць уціскам агульначалавечых правоў? Тэарэтычна можна было б пайсьці далей, і паглядзець на праблему нават з гледзішча правоў спажыўцоў. У блогу Сяргея Навумчыка дыскусія закруцілася толькі вакол правілаў ААН, таму пакуль пытаньне на адрас праваабаронцаў застаецца адкрытым.

Тацяна Равяка вельмі эмацыйна рэагуе на артыкулы на сайце «Народная перамога», дзе праваабарончы цэнтар «Вясна» выстаўляецца ў непрывабным выглядзе, ужываюцца такія словы і вобразы як «рыльца ў пушку», «подласьць», а кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі, цяпер палітычны вязень, параўноўваецца з махінатарам Карэйкам з сатырычнага раману «Залатое цяля».

Аўтар «Народнай перамогі» за псэўданімам Павел Гулевіч вінаваціць вясноўцаў у спрыяньні таму, што камітэт правоў чалавека ААН адмовіў актывісту Сяргею Каваленку ў прызнаньні фактаў парушэньня яго грамадзянскіх і палітычных правоў.

Сяргей Каваленка зрабіўся вядомым пасьля таго, як 7 студзеня 2010 сымбалічна адстойваў беларускія нацыянальныя правы: вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ялінцы ў цэнтры Віцебску.

Тацяна Равяка закранае тэму, якая збольшага замоўчваецца ў СМІ: разборкі ў незалежніцкім лягеры.

«Біць у сьпіну тых, хто ня можа адказаць, як у выпадку з Алесем Бяляцкім...» — піша Тацяна Равяка.

А як быць унутры незалежніцкага лягера, калі хтосьці б’е ў сьпіну? Падаваць у суд, які рэгулярна фабрыкуе сфальшаваныя палітычныя справы — толькі насьмяшыць публіку, і даць афіцыйнай прапагандзе тэмы для новых матэрыялаў.

У ідэале мусіла б быць публічная дыскусія. Але для гэтага трэба замяніць псэўданім на сапраўднае імя, і мець жаданьне дыскутаваць, то бок, імкнуцца да чагосьці супольнага.

У Dozari — толькі зь неабмежаванымі магчымасьцямі


Прадстаўнікі дзьвюх вядомых менскіх клюбаў і словам і справай робяць сэнсацыйныя ўчынкі: не пускаюць да сябе наведніка ў інвалідным вазку. Гэта ў клюбе «Тытан». А ў Dozari ідуць далей — дэкляруюць расавую сэгрэгацыю, амаль як у Паўднёвай Афрыцы часоў апартэіду:

— Ці пусьціце на вечарыну чалавека, які перамяшчаецца ў вазку? ― цікавіцца Эўрарадыё ў адміністратара моднага сёньня клюбу Dozari.

— Наўрад ці. Думаю, не. У нас строгі фэйс-кантроль, дрэс-код.

Эўрарадыё:

— А па якіх прынцыпах прапускаюць людзей?

Адміністратар з Dozari:

— Вопратка павінна быць неспартовая. Ахайны зьнешні выгляд. Эўрапейская зьнешнасць.

Эўрарадыё:

— То бок, калі інвалід акажацца кітайцам, то шанцаў зусім няма?

Адміністратар з Dozari:

— Хутчэй за ўсё, ня пусьцяць.

Калі расавую нецярпімасьць у канкрэтным клюбе можна праверыць толькі экспэрымэнтам, дык праблема вазочнікаў старая.

Людміла Ваўчок

Людміла Ваўчок

Ньюсмэйкерам сталася зорка параалімпійскага спорту Людміла Ваўчок. Яе хапіла на тое, каб зрабіць запіс у кнігу скаргаў. Хоць відавочна, што тут справа зьвязаная і з абразай гонару і годнасьці, і з парушэньнем элемэнтарных правоў грамадзяніна, ня кажучы ўжо пра фундамэнтальныя правы чалавека.

Ніхто з вазочнікаў у суды па свае правы актыўна не зьвяртаецца ў падобных сытуацыях. Прынамсі, гучных працэсаў не было. Мяркую, уладальнікі клюбаў таксама пра праблему інвалідаў, тым больш у кантэксьце судовай сыстэмы, ніколі ня думалі. Самі вырашылі што трэба, што ня трэба, ды й канец тэме.

Кітайцы разьбяруцца самі


А вось новае відэа з канфліктам у грамадзкім транспарце:



Многія камэнтатары на форумах СМІ, што апублікавалі ролік, схіляюцца да таго, што п’яны пасажыр атрымаў ад кіроўцы мала. Рэдка хто піша, што паводле закону трэба было б выклікаць міліцыю.

Гэта ня першы ролік, дзе ў розных варыянтах адбываецца канфлікт паміж пасажырамі і работнікамі транспартнай арганізацыі. Паўсюль абыходзіцца без прадстаўнікоў улады, незалежна ад таго, які з бакоў «пачаў першым».

З амэрыканскіх фільмаў ведаю, што паліцыя у свой час нават ня бралася за канфлікты ў чайна-таўнах: гэта праблемы кітайцаў, яны самі разьбяруцца. А кітайцы-імігранты і не зьвярталіся ў паліцыю, а сапраўды самі разьбіраліся.

Амэрыканская ўлада ізалявала імігрантаў ад удзелу ў жыцьці грамадзтва, адпаведна кітайцы, хацелі таго ці не, мусілі самаарганізоўвацца.

Які сэнс званіць у міліцыю ці пісаць заяву ў суд, калі ня верыш, што страчаныя час і нэрвы пойдуць на карысьць?

Гэта як з жалобай на восьмага сакавіка: навошта абурацца, калі можна паківаць галавой, і зрабіць, як лічыш патрэбным?

Усе разумеюць, што ў шэрыфа свае праблемы, а ў кітайцаў — свае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG