Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое 8 сакавіка – саўковае сьвята, сямейнае сьвята, дзень барацьбы за правы жанчын? Ці варта жанчынам «ня шастаць па плошчах, а варыць боршч» паводле рэцэпту Ярмошынай? Як ставяцца беларусы да магчымасьці зьяўленьня лідэра-жанчыны?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць карэспандэнтка БелаПАН у Гомельскай вобласьці Алёна Германовіч, каардынатарка цэнтру гендэрных дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Яўгенія Іванова і палітоляг Віктар Марціновіч.

Дзіўныя эвалюцыі жаночага дня


Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Ці варта сьвяткаваць 8 сакавіка? Савецкае, саўковае сьвята – такую ацэнку часам можна пачуць ад «прасунутых» мужчын і жанчын, маладых і ня надта. Але варта сказаць, што гэтае сьвята на працягу сваёй гісторыі перажыло дзіўную эвалюцыю. Яно зьявілася як дзень сацыяльнага вызваленьня жанчыны, дзень барацьбы з разнастайнай дыскрымінацыяй – ад няроўнай аплаты працы да абмежаваньня жыцьцёвага гарызонту жанчыны знакамітай трыядай кіндэр кюхе кірхе – дзеці кухня царква. І хаця прапанавала яго сацыял-дэмакратка Клара Цэткін, гэта не было чыста сацыял-дэмакратычным, і нават чыста левым сьвятам, яно было ў рэчышчы шэрагу іншых рухаў за эмансыпацыю жанчын кшталту суфражыстак.

Потым яго ўзяла на ўзбраеньне савецкая ўлада. Але ўжо недзе пасьля вайны ці нават раней сьвята 8 сакавіка ў СССР няўлоўна згубіла якія б то ні было рысы ідэалягічнасьці і наагул барацьбы, яно стала проста сьвятам жанчын, сьвятам сямейным – кветкі, падарункі, сьвяточная вячэра, п'янка на працы. Калі Брэжнеў, масьляна ўсьміхаючыся, віншаваў «нашых дарагіх жэншчын», у гэтым было ўсё што заўгодна, акрамя перамогі ідэяў камунізму і нават жаночай эмансыпацыі.

Нарэшце, у апошнія постсавецкія гады сэнс сьвята, прынамсі ў пэўных асяродках, ізноў зьмяніўся, зрабіўшы пэўную гістарычную пятлю – вярнуўшыся да свайго першапачатковага зьместу – сьвята барацьбы за вызваленьне жанчын.

Дык што гэтае сьвята цяпер для вас і для беларусаў наагул – спадчына саўка, проста сямейнае сьвята, нагода павіншаваць маці, жонку, сябровак, сясьцёр ці дзень барацьбы за вызваленьне жанчын?

Віктар Марціновіч

Віктар Марціновіч

Марціновіч: Для мяне гэтае сьвята, відавочна – нагода дарыць кветкі тым жанчынам, якія іх прымаюць у гэты дзень. Цюльпаны ці, як у Булгакава – мімозы. Ну і паразмаўляць пра правы жанчын і гендэрнае раўнапраўе з тымі жанчынамі, якія лічаць гэтае сьвята прыніжальным. Гэтае сьвята вельмі амбівалентнае. Калі ты не павіншуеш з гэтым сьвятам тых, хто яго сьвяткуе, ты будзеш казлом, і калі павіншуеш тых, хто яго не сьвяткуе, то таксама будзеш казлом. Таму гэта вельмі складаны і напружаны дзень для мужчын, бо трэба памятаць, хто з твайго кола, з кім ты падтрымліваеш зносіны, фэміністка, а хто не. Я гэты дзень праводжу вось у такіх роздумах.

Дракахруст: Віктар, хіба гэта асаблівасьць толькі 8 сакавіка? Мне здаецца, што так звычайна ў жыцьці, што ні зробіш жанчынам – усё роўна будзеш казлом.

Марціновіч: Вось словы мудрага чалавека. Калі казаць сур'ёзна, то мне здаецца, што вясна – гэта пэрыяд, калі чалавеку хочацца сьвяткаваць. У асноўных рэлігіях рэгіёну зараз няма асаблівых нагодаў і магчымасьцяў сьвяткаваць нешта, напрыклад, у каталікоў зараз Вялікі пост. Але мы бачым, што прырода ажывае, на чым і грунтуецца такі настрой – сьвяткаваць нешта. У нашым выпадку – гэта 8 сакавіка, якое прапанавалі яшчэ ў савецкі час. Таму, як і заўсёды, сацыяльнае кола драбіцца на дзьве групы: тых, хто сьвяткуе, і тых, хто не.

Дракахруст: Алёна, як вы ставіцеся да гэтага сьвята: гэта сямейнае сьвята, ці спадчына саўка, альбо дзень барацьбы за правы жанчын? Вось Віктар сказаў пра падзел на дзьве часткі, але ў адной палове ёсьць свае часткі: з аднаго боку гэтае сьвята сьвяткуюць нашчадкі Клары Цэткін – сучасныя прасунутыя фэміністкі, а з другога боку – звычайныя беларускія людзі.

Алёна Германовіч

Алёна Германовіч

Германовіч: Я не сьвяткую гэтае сьвята толькі таму, што гэта мой асабісты выбар, але я ня супраць яго. Проста яно мне не падабаецца сваёй масавасьцю, апантанасьцю і нейкімі такімі другаснымі полавымі прыкметамі. Усе жанчыны атрымліваюць звычайна ў гэты дзень у падарунак касмэтычныя наборы, нейкія рондалі, патэльні, а жанчыны чакаюць нейкіх цудаў. Мне гэта непрыемна, бо гэта намёк на тое, што тваё месца на кухні. Сёньня была ў краме і бачыла, каля якіх аддзелаў былі натоўпы людзей. Гэта ўсё неяк банальна. У нашай сям'і ўжо даўно склалася, што мы з мужам не сьвяткуем, таму што ён рыцар, я так лічу, і можа ў звычайны дзень прыгатаваць сьняданак, зрабіць мне прыемнае, арганізаваць нейкае спантаннае сьвята. А потым у беларускай мове сьвята сугучна са словам сьвятое. Для мяне сьвята – гэта нешта сакральнае, сьвятое, чаго я ня бачу ў гэтым сьвяце.

Дракахруст: Яўгенія, як вы ставіцеся да гэтага сьвята? Вы сьвяткуеце яго?

Яўгенія Іванова

Яўгенія Іванова

Іванова: Для мяне 8 сакавіка – гэта несумненна дзень барацьбы за правы жанчын. Я не сьвяткую яго, а адзначаю. Як правільна вы заўважылі, у гэтага сьвята ёсьць гісторыя. У царскай Расеі першы раз, калі сьвяткаваньне гэтага дня адбывалася, яно было выкарыстана як падстава для акцыі, якая называлася «Хлеба і міру». Усё пачалося ў Нью-Ёрку яшчэ ў 1909 годзе. Заўсёды гэта быў мэханізм прыцягненьня ўвагі да нейкіх сур'ёзным глябальных праблемаў, напрыклад, да праблем міру і вайны. І жанчыны актыўна ў гэта ўключаліся. На жаль, зараз мала кажуць пра тое, які ўнёсак у гэтую барацьбу ўнесьлі амэрыканскія і эўрапейскія жанчыны. Для мяне гэта ня толькі сувязь з правамі, для мяне гэта кантрольная кропка, як сьвяткаваньне Новага году, калі можна падвесьці вынік зробленага за год, прызнаць нейкія памылкі і падумаць, што яшчэ можна зрабіць. Вядома, гэтае сьвята ператварылася ў такое «за цудоўных дам і якія вы ў нас усе выдатныя, заставайцеся такімі, ўседаравальнымі і пакорлівымі», бо нам, мужчынам, ад гэтага толькі лепш.

Дракахруст: А жанчынам хіба ад гэтага горш?

Іванова: Думаю і так і не. Вось вы казалі пра зьніклую подбіўку гэтага сьвята. Мне здаецца, што яна ня зьнікла, а проста зьмянілася. Бо трэба ж неяк пазначыць месца жанчыны ў сучасным грамадзтве і паказаць, чаго ад яе чакаюць у гэтым грамадзтве. Гэта вельмі зручная нагода сказаць нам, што вось мы ставім вас на п'едэстал, таму ня ўмешвайцеся ў пытаньні палітыкі, а варыце боршч. Гэтае сьвята і засталося ідэалягічным, таму тое, што адзначыў Віктар, як складана мужчынам разабрацца, каго віншаваць, а каго не, то, на мой погляд, і жанчынам таксама складана разабрацца. Проста гэта паказчык тых рознагалосьсяў, якія існуюць у грамадзтве.

Роўнасьць адзін дзень на год?


Дракахруст: У мяне ў свой час узьнікла аналёгія сьвята 8 сакавіка са сьвятам, якое было ў старажытным Рыме. Яно называлася Сатурналіі. І ў гэтае сьвята як бы раб і яго гаспадар рабіліся роўнымі. Яны там абдымаліся, цалаваліся, але гэта быў адзін дзень на год. Толькі адзін дзень на год раб быў роўны гаспадару. Магчыма, гэтае ўяўнае, сьвяточнае адхіленьне ад нормы толькі падкрэсьлівала непахіснасьць нормы – што ўсе астатнія 365 дзён яны ня роўныя. Можа быць, і з 8 сакавіка так атрымалася, што культура яго перамалола, што гэтае сьвята, прапанаванае Кларай Цэткін, як сьвята раўнапраўя, ператварылася ў такія своеасаблівыя Сатурналіі. Вось, дарагія жанчыны, у гэтае сьвята вы роўныя, а ўсе астатнія дні – як звычайна.

Іванова: Я думаю, што гэта тонкая аналёгія. Вы добра гэта адзначылі. Але тут я, мабыць, пагаджуся з Алёнай, якая казала, што адбываецца разрыў паміж тым, што адбываецца ў асабістым жыцьці, і тым, што адбываецца на дзяржаўным узроўні. На дзяржаўным ўзроўні адбываецца напампоўваньне пэўнай ідэалёгіяй і мадэльлю, як гэта павінна сьвяткавацца. Але калі гэта ўсё ж такі кантрольная кропка, то мы ў гэты дзень глядзім на тое, што адбылося за год ці не адбылося. Праблема ў тым, што нічога не мяняецца.

Дракахруст: Алёна, вось у вашым тлумачэньні прасочвалася тая аналёгія, што ў такой галянтнасьці мужчын да жанчын 8 сакавіка і падкрэсьліваецца няроўнасьць у іншыя дні.

Германовіч: Я жыву асабістым жыцьцём і сваёй асабістай сям'ёй. Я ня маю нагоды сьвяткаваць гэты дзень таму, што мой муж усе астатнія 364 дні дапамагае мне, нешта гатуе, прыбірае. Хаця ў краіне вельмі шмат гендэрных праблемаў. Самое грамадзтва аграрна-патрыярхальнае. Яшчэ з часоў вёскі пайшло тое, што жанчына павінна рабіць тое, тое і тое. Ключавое слова – павінна. З аднаго боку – гэта кепска, але з другога боку – не, бо гэта зьяўляецца выклікам, прымушае чалавека разьвівацца і напэўна такім чынам мацуе яго.

Шчыраваньні Ярмошынай пра боршч – vox populi?


Дракахруст: Усім памятны знакаміты сьпіч старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пра боршч. Кажучы пра ўдзел жанчын у падзеях на плошчы 19 сьнежня 2010 году, яна выдала: «Вы ведаеце, гэтым жанчынам рабіць няма чаго. Сядзелі б дома, боршч варылі, а не па плошчах шасталі. Мне ў галаву гэта ня прыйдзе. Гэта ганьба для жанчыны – удзельнічаць у падобных мерапрыемствах. Я яшчэ разумею, калі яна дзяўчына дурная, маладая. А калі жанчына ва ўзросьце ідзе, значыць, у яе, прабачце, штосьці з інтэлектам не ў парадку».

Многія накінуліся на Ярмошыну за гэтыя словы. Пікантнасьць сытуацыі палягала ў тым, што падобную сэнтэнцыю выдала жанчына, якая сама зусім не абмяжоўваецца ў жыцьці прыгатаваньнем баршчу, яна відавочна адна з самых вядомых жанчын і наагул адна з самых вядомых асобаў у беларускай палітычнай прасторы. Але можа і дарма на яе накідваліся – яна па сутнасьці проста пратрансьлявала народнае, масавае, даміноўнае ўяўленьне беларускага грамадзтва пра ролю жанчыны ў грамадзкім і, у прыватнасьці, палітычным жыцьці, прычым уяўленьне, уласьцівае ня толькі прыхільнікам, але і праціўнікам прэзыдэнта, і ня толькі мужчынам, але і жанчынам. На люстэрка што ж абурацца?

Марціновіч: А вось і не, не пагаджуся. Насамрэч выказваньне Ярмошынай, здаецца, рэтрансьліравала не пазыцыю і ролю жанчыны ў палітыцы, ці, як вы выказаліся, ў грамадзка-палітычным жыцьці. Ярмошына выказалася пра ролю жанчыны ў пратэсьце. Таму што насамрэч роля жанчыны ў грамадзка-палітычным жыцьці вельмі вялікая ў Беларусі. Фактычна ў Беларусі сыстэма, якая пабудаваная на жанчынах. Як вы, Юры, нагадалі, сама пэрсона Лідзіі Ярмошынай і сьцьвярджае гэта. Калі мы паглядзім на дэмаграфію палаты прадстаўнікоў, то ўбачым, як шмат там жанчын. Так, у выканаўчай уладзе жанчын няшмат, аднак, калі разабрацца, што робіць беларуская выканаўчая ўлада? Яна проста выконвае. Насамрэч вельмі прынцыпова, як гэтая ўлада пераабіраецца. Таму, калі мы зьвяртаем увагу на пераабраньне ўлады, на гэты ключавы складнік беларускай стабільнасьці, то мы бачым, што беларускія выбары робяць жанчыны. Такім чынам, мы маем у Беларусі сыстэму, якая цалкам грунтуецца на жанчынах. Гэта матрыярхат: законы пішуцца і прымаюцца жанчынамі і гэтак далей. Вось таму словы Ярмошынай трэба разумець выключна як прапанаванае бачаньне жанчыны ў пратэсьце. Жанчыне разам з баршчом таксама прапануецца пасада дэпутата ў парлямэнце і пасада кіроўцы выбараў.

Дракахруст: Алёна, вы згодны зь Віктарам, што тут ідзе размова пра пратэст і толькі?

Германовіч: Не, я не пагаджуся, Віктар, з тэзай, што жанчыны стваралі гэтыя выбары. Таму што хаця сапраўды 80% у камісіях – гэта жанчыны, але ўсё ж (я вывучала хаду леташніх выбараў) старшыні камісій, напрыклад, у нас у Гомельскай вобласьці, амаль выключана мужчыны. А жанчыны проста выконваюць яго загады. Таксама калі ўзяць парлямэнт ці міністэрства, то ключавыя пасады займаюць мужчыны, а не жанчыны, таму што жанчын няма на пасадах ня толькі прэм'ера і віцэ-прэм'ераў, іх няма на пасадах колькі-небудзь значных міністэрстваў. Ёсьць міністар працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Але гэта таксама паказьнік – ты жанчына, вось і займайся сацыяльнай абаронай. І не прэтэндуй на тыя пасады, якія адыгрываюць значную ролю ў грамадзтве.

Дракахруст: Алёна, я крыху пра іншае. Тое, пра што вы сказалі – гэта, у значнай ступені, воля ўлады. Захацеў Лукашэнка прызначыць толькі Шчоткіну міністрам, ну і прызначыў – гэта яго справа. Загадаў, каб было 25% жанчын у парлямэнце, калі ласка, будзе 25%. Я пра тое, што ёсьць нейкія масавыя ўяўленьні ці масавы погляд, у тым ліку і жанчын саміх, на сваю ролю, і, магчыма, ён проста грунтуецца на гэтым? І тая ж Ярмошына проста трансьліруе тое, што думае шмат беларусаў і шмат беларусак.

Германовіч: Дакладна, так яно і ёсьць. Я нядаўна была на сустрэчы са сьвятаром і ён казаў, што жанчына з тэлефонам – гэта як малпа з гранатай, ці нешта такое. І што цікава – гэты жарт вельмі спадабаўся жанчынам, яны неяк прынялі яго, хіхікалі, сьмяяліся, у іх гарэлі вочы. Але мяне гэта абурыла, я сказала, што можа і ня трэба гэты «жарт» паўтараць. Але многім жанчынам ён спадабаўся, яны згаджаюцца з такой роляй.

Дракахруст: Яўгенія, а вось на ваш погляд, што рабіць у гэтай сытуацыі, калі, насамрэч, Ярмошына агучыла ня столькі сваё асабістае ўяўленьне, якое ў пэўным сэнсе супярэчыць яе ўласнаму лёсу, а масавае ўяўленьне, прычым я падкрэсьліваю, і ўяўленьне жанчын таксама, пра сваю ролю, што іх месца там, дзе яно ёсьць? Як з гэтым змагацца і ці варта змагацца? Можа сьвет так збудаваны?

Іванова: Я думаю, што яна выказала не сваё асабістае меркаваньне, а тое меркаваньне, якое павінна была выказаць улада. Тое, што гэта прагучала з вуснаў жанчыны – нічога тут дзіўнага няма, таму што дастаткова вядомы фэномэн, калі тыя рэдкія жанчыны, якія прысутнічаюць у вельмі сур'ёзнай мужчынскай атмасфэры, дзе жанчын вельмі мала, павінны аддзяліцца ад іншых жанчын і паказаць, што яны на самой справе іншыя і зь імі можна лічыцца, яны прафэсіяналы ў гэтым сэнсе. Гэта досыць нармальна – адсутнасьць жаночай салідарнасьці.

Тое, што Віктар сказаў, што жанчыны робяць выбар, таму што іх шмат, напрыклад, у парлямэнце, дык гэта спрэчна. Іх наяўнасьць у парлямэнце не азначае, што яны сапраўды пішуць законы. Я згодная цалкам з Алёнай: трэба глядзець на тыя функцыі, якія яны выконваюць, і тую ступень рэальнай улады, якая ў іх ёсьць. А што тычыцца дылемы, якую вы агучылі, то жанчыны розныя – адны выходзяць на плошчу, а іншыя не выходзяць з розных прычынаў. Адначасова з гэтым, калі ты нешта робіш, то многія лічаць не зусім нармальным, то даводзіцца гэта неяк тлумачыць ці спасылацца на нейкія асаблівыя абставіны. У гэтым сэнсе ў жанчын выпрацоўваецца ня тое, каб падвойны стандарт, але такая здаровая шызафрэнія, што, з аднаго боку, я асабіста хачу і выйду на плошчу, а з другога боку я разумею, што асноўнае прызначэньне жанчыны – нараджаць. Гэта можа суіснаваць, таму што адзін ўзровень – гэта ўзровень асабісты, асабістага шляху, асабісты жыцьцёвы праект, а іншы ўзровень – як ты ўяўляеш, як грамадзтва ў цэлым успрымае цябе, твае паводзіны. Вось мы зараз ўчатырох сядзім і размаўляем пра тое, як беларусы думаюць, але мы ж гэтага ня ведаем і гэта неяк канструюем. Так, напэўна, кожны чалавек і робіць.

Ці гатовыя беларусы да жанчыны-лідэра?


Дракахруст: Ну і напрыканцы – пра палітычнае лідэрства. І пра ўяўленьні грамадзтва, пра якія казала Яўгенія. Хіба не на кожных прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі гучаць уздыхі – а вось каб вылучылася жанчына, дык... І ніводнага разу нават не вылучаецца. Акрамя выключнага выпадку Натальлі Машэравай у 2001 годзе. Ну, з аднаго боку, палітык, як вядома, у нас наагул адзін. Але калі паглядзець зь іншага боку, і паразважаць наконт гэтага «дык», то вось дадзеныя аднаго нядаўняга апытаньня ў Беларусі. Там задавалася пытаньне – За кандыдата якога полу Вы б аддалі перавагу галасаваць на наступных прэзыдэнцкіх выбарах? За мужчыну – 48%, за жанчыну – 5%, пол ня мае значэньня – 42%. Але для паловы, як бачым, мае, і перавага мужчын адназначная. Ясна, можна казаць – а вось у Літве Грыбаўскайтэ, а ва Ўкраіне Цімашэнка, але Беларусь – не Літва і не Ўкраіна. Ну не жаночая гэта справа – дзяржавай кіраваць, мяркуюць многія беларусы (і беларускі, дарэчы). А можа і праўда?

Германовіч: Тое, пра што мы зараз кажам – гэта сфэра фантазіі. Бо ў рэчаіснасьці я ня памятаю дыктатараў-жанчын. Дыктарам павінен быць мужчына. Вось мы і маем мужчыну. А наконт таго, што жанчына ў Беларусі не магла б... Каб былі свабодныя выбары, мы б і паглядзелі. Але мы ўсе ведаем, што свабодных выбараў няма, і з гэтага трэба пачынаць. А што наконт вылучэньня, то жанчыны, можа, на самой справе больш прагматычныя і разумеюць, што наўрад ці можна перамагчы ў тых палітычных умовах, якія ёсьць сёньня ў Беларусі.

Дракахруст: Яўгенія, як вы лічыце, ці ёсьць шанец у жанчыны ў Беларусі ў палітыцы калі не перамагчы, то прынамсі замуціць ваду? Алёна сказала пра дэмакратыю, але ёсьць прыклады, скажам, Карасон Акіна, якая ўзначальвала барацьбу з дыктатарскім рэжымам Маркаса на Філіпінах і перамагла. Зараз Віктар прыехаў зь Бірмы, дзе «твар» супраціву – жанчына Аун Сан Су Чжы. Прычым, Бірма – краіна зусім не эўрапейская, і патрыярхальная, я думаю, значна больш, чым Беларусь. А можа Беларусь – выключэньне, і лідэраў, падобных Карасон Акіна і Аўн Сан Су Чжы, тут ніколі ня будзе?

Іванова: Я ня думаю, што Беларусь выключэньне, я думаю, што шанец, вядома, ёсьць заўсёды, каб жанчына нешта замуціла. Я думаю, у нас ёсьць кандыдаткі на гэтую ролю. Зразумела, жанчыне складаней стаць лідэрам, гэта зьвязана з доступам да рэсурсаў і, вядома, культурнымі ўяўленьнямі пра ролю жанчын. Але мы самі ствараем вельмі шмат мітаў пра тое, якое наша грамадзтва, і часам драматызуем сытуацыю. Мне здаецца, што наша грамадзтва вельмі разнастайнае. Пытаньне ў тым, як карта ляжа. Але я думаю, што шанец ёсьць. Я не пэсымістка ў гэтым.

Марціновіч: Мне цікава было б даведацца пра ўяўленьні людзей да вылучэньня Аун Сан Су Чжы і пасьля таго, як яна зрабілася нобэлеўскім ляўрэатам і лідэрам фактычна бірманскай рэвалюцыі палітычнай. Мне здаецца, што як толькі сацыялёгія нешта падказвае наконт беларускай сытуацыі, то гэта дакладна ня спраўджваецца. На мой погляд, трэба ісьці наперадзе сацыялёгіі, каб рабіць тыя крокі, пра якія сацыёлягі і палітолягі, аналітыкі і спэцслужбы ня могуць здагадацца. І тут, канечне, прыклад бірманскі шмат чаго скажа.

Хацеў бы агучыць тры тэзы. Першае - можна бараніць правы жанчын, але нельга абараніць правы жанчын. На жаль, у гэтым хіба дыскурсу, які нешта абараняе. Тут канчатковага пункту быць ня можа. Другая тэза, на мой погляд, вынік сацыялягічнага апытаньня залежыць ад таго, як мы фармулюем пытаньне. Апытаньні не фіксуюць новую беларускую гендэрную рэчаіснасьць, якая палягае ў тым, што шмат у якіх сем'ях, шмат у якіх гаспадарках лідэрам робіцца жанчына. Апошнія 10 гадоў жанчына стала лідэрам сярод панылых, зьмізарнелых жанчынападобных мужчынаў. Здаецца, што такая ж трансфармацыя гендэрных роляў адбылася па ўсім сьвеце. Аднак і ў Беларусі яна таксама адбылася. І гэта выглядае тым ярчэй, бо ў астатнім Беларусь не адпавядае сусьветнаму вопыту. Я ведаю вельмі шмат жанчын, якія зьяўляюцца пасьпяховымі бізнэсвумэн, ці лідэрамі буйных арганізацыяў, менавіта таму, што яны жанчыны, менавіта з-за таго, што яны ўжо больш моцныя, чым тыя мужчыны, што іх атачаюць. Мужык у Беларусі каля 40 гадаў садзіцца на стакан і паступова пераўтвараецца зь лідэра сям'і ў амёбу, казяўку, якую жанчына, як сапраўдны лідэр сям'і, пачынае карміць. Такіх прыкладаў шмат.

Што тычыцца палітычнага лідэрства, то, на мой погляд, згаданы вамі, Юры, прыклад Натальлі Машэравай – прыклад жанчыны-лідэра, якога ўсе вельмі баяцца. Натальля Машэрава зьяўляецца ў пэўным сэнсе копіяй Аун Сан Су Чжы, якая – дачка бірманскага генэрала, аднаго зь лідэраў барацьбы за незалежнасьць. Яе бацьку стаяць помнікі ва ўсіх буйных гарадах Бірмы. І вось тут дачка ўзначаліла барацьбу. Тут ёсьць пэўныя паралелі. Натальля Машэрава таксама дачка чалавека, які ўвайшоў у гісторыю нашай краіны. Яго сапраўдная роля вельмі цьмяная і спрэчная, аднак большасьць грамадзтва ўспрымае постаць Машэрава як героя. Што тычыцца наступных выбараў, то, на мой погляд, калі б ў 2010 годзе вылучаўся не Андрэй Саньнікаў, а Ірына Халіп, то вынік мог быць непрадказальна добрым, таму што жанчыну нельга біць і нельга прэсінгаваць, бо ўсе адразу пачынаюць спачуваць. Таму, здаецца, якраз жанчына-палітычны лідэр – гэта адзін з магчымых адказаў на пытаньні, якія ўсе зараз ведаюць, і адказы на якія прадказаць ніхто ня можа – ні сацыёлягі, ні аналітыкі.

Як доўга яшчэ захаваецца сьвята 8 сакавіка?


Дракахруст: Яўгенія, як вы думаеце, сьвята 8 сакавіка ў Беларусі захаваецца шмат гадоў наперад, ці неяк сыдзе?

Іванова: Я не люблю рабіць прадказаньні такога роду. Я ня ведаю. Гэта, напэўна, кароткі адказ. А доўгі адказ – я ня думаю, таму што, як адзначылі і Алёна, і Віктар , ёсьць групы людзей, для якіх гэты дзень важны з розных прычын. Абедзьве гэтыя прычыны, нягледзячы на іх адрозьненьне, вельмі-вельмі важныя і для мужчын, і для жанчын. Я ня думаю, што гэтае сьвята зусім зьнікне, магчыма, яно страціць масавы характар і, магчыма, ад гэтага толькі выйграе.

Дракахруст: Алёна, вы распавялі, што прыйшлі ў краму, а там натоўп народу стаіць. Але зь іншага боку, на нашай памяці, прынамсі, на памяці майго пакаленьня было сьвята 7 лістапада. Усе сьвяткавалі. А як дзяржава перастала падтрымліваць, палітычны стрыжань выцягнулі, і зараз нікому ня прыйдзе ў галаву сьвяткаваць гэтае сьвята, хаця прайшло толькі 20 гадоў. А вось 8 сакавіка сьвяткуюць. І Новы год сьвяткуюць, які ні ў ВКЛ, ні ў Рэчы Паспалітай, ні ў Расейскай імпэрыі не сьвяткавалі.

Германовіч: Я думаю, што яно захаваецца яшчэ нейкі час, але не магу сказаць, як доўга. У Беларусі таксама вельмі мала сьвятаў і вельмі мала нагодаў нешта адзначаць, мала перамогаў. Ня думаю, што гэтае сьвята хутка зьнікне.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG