Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шпіёна» Гайдукова пакінулі пад сьледзтвам да 8 красавіка


Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Сьледзтва па справе арыштаванага па абвінавачаньні «за здраду дзяржаве шляхам агентурнай дзейнасьці» 23-гадовага апэратара наваполацкага «Нафтану» Андрэя Гайдукова працягнулі яшчэ на месяц. Андрэй Гайдукоў утрымлiваецца пад вартай у СІЗА КДБ.

Іншых падрабязнасьцяў гэтай справы дагэтуль ніхто ня ведае.

Маці наваполацкага актывіста Вольга Гайдукова апавяла праваабаронцам «Вясны», што 11 сакавіка атрымала апошні ліст ад сына:

«Там усё побытавае: што перадаць і што здароўе нармальнае. Але мне радасна, што даходзяць хоць гэтыя некалькі радкоў. Сьледзтва цягнецца ўжо пяты месяц, а яснасьці ніякай. Нават зразумець немагчыма, за што Андрэя вінавацяць: з усіх дапытаных і з адваката ўзялі падпіску аб неразгалошванні таямніцы сьледзтва. А ў гэтай справе — усё таямніца!»

Сваякі і знаёмыя перакананыя, што абвінавачаньне ў шпіянажы — абсурднае. І згадваюць, што ціск з боку КДБ 23-гадовы Андрэй Гайдукоў адчуваў ужо даўно: «людзі ў цывільным» ня раз праводзілі зь ім гутаркі, каб не займаўся грамадзкай дзейнасьцю. І якраз перад тым, як яго затрымалі летась 8 лістапада ў Віцебску нібыта «падчас закладкі тайніка» з шпіёнскімі зьвесткамі, Гайдукоў рыхтаваў дакумэнты на рэгістрацыю грамадзкага аб’яднаньня «Саюз маладых інтэлектуалаў».

Другі наваполацкі актывіст, Ільля Багданаў, мае статус падазраванага ў гэтай «шпіёнскай» справе і застаецца на волі.
XS
SM
MD
LG