Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі авіядэбашыр хаваўся ў Беларусі больш за месяц


Ён прыбыў з тэрыторыі Украіны і хаваўся ў Беларусі ад крымінальнага перасьледу.

Расейскага дэбашыра арыштавалі супрацоўнікі міліцыі на аўтатрасе Менск — Горадня 7 сакавіка. Гэта адбылося пасьля таго, як пракурор Гарадзенскага раёну выдаў адпаведную санкцыю, паведаміў кіраўнік Управы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Канстанцін Шалькевіч:

«Да нас ён прыбыў з тэрыторыі Ўкраіны пры канцы студзеня. Паводле папярэдняй інфармацыі, нейкіх супрацьпраўных дзеяньняў на тэрыторыі Беларусі Сяргей Кабалаў не ўчыняў. Падчас затрыманьня ехаў у аўтамабілі як пасажыр. Пры праверцы дакумэнтаў прад’явіў расейскі пашпарт. На допыце ён прызнаўся, што прымаў меры для таго, каб яго ня выявілі праваахоўныя органы. У прыватнасьці, уключаў тэлефон на непрацяглы час, выкарыстоўваў СІМ-карты розных апэратараў».

Саратаўскі бізнэсовец Сяргей Кабалаў быў абвешчаны ў міжнародны вышук пасьля таго, як 11 студзеня ўчыніў бойку ў самалёце Масква — Хургада. Супраць яго былі распачатыя дзьве крымінальныя справы паводле артыкулаў аб зьбіцьці і аб спробах угону самалёта. Пасьля адпачынку ў Эгіпце расейскі дэбашыр на радзіму не вярнуўся, а накіраваўся ў Беларусь. Чаму яго не затрымалі беларускія памежнікі, тлумачыць кіраўнік прэсавай службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка:

«Уяжджаў ён як звычайны грамадзянін. Але як толькі супраць яго распачалі працэсуальныя дзеяньні, як толькі паступілі адпаведныя дакумэнты, то пасьля гэтага ён і трапіў пад кантроль праваахоўнікаў».

Паводле Канстанціна Шалькевіча, сёньня Сяргея Кабалава перавядуць з ізалятара часовага ўтрыманьня ў СІЗА Горадні, а пасьля завяршэньня ўсіх дакумэнтальных працэдур перададуць Расеі. Як хутка гэта можа адбыцца і ці абавяжуць расейца аплаціць сваё ўтрыманьне за кратамі ў Беларусі, Канстанцін Шалькевіч не ўдакладніў.

Экстрадыцыя расейскага дэбашыра будзе адбывацца паводле міжнароднага пагадненьня аб супрацоўніцтве ў раскрыцьці крымінальных злачынстваў.

Сяргей Кабалаў — не адзіны крымінальны злачынец з Расеі, які хаваецца ад пакараньня на тэрыторыі Беларусі. Гэтую сытуацыю камэнтуе юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч:
Гэтыя выпадкі былі, ёсьць і будуць да таго часу, пакуль у нас ня будзе створаная нармальная мяжа

«Калі казаць пра тэндэнцыю таго, што на тэрыторыі Беларусі неаднойчы атабарваліся асобы, якія знаходзіліся ў тым ці іншым вышуку ў Расейскай Фэдэрацыі, — гэта зразумелая сытуацыя. Бо калі адсутнічае мяжа, то гэтыя грамадзяне могуць заставацца па-за кантролем сваіх праваахоўных органаў і адначасна бесьперашкодна прыяжджаць у Расейскую Фэдэрацыю. Таму я думаю, што гэтыя выпадкі былі, ёсьць і будуць да таго часу, пакуль у нас ня будзе створаная нармальная мяжа. Але гэтае пытаньне абсалютна палітычнае, і тут не выпадае разважаць, калі і як гэта можа здарыцца. Але, бадай што, не пры сёньняшняй уладзе».

У праваахоўных органах Беларусі таксама не ўдакладняюць, ці зьбіраўся Сяргей Кабалаў трапіць у Заходнюю Эўропу, ці надалей заставацца на тэрыторыі Беларусі.
XS
SM
MD
LG