Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску разбураецца найстарэйшы будынак гораду


Старажытны бабруйскі касьцёл — на мяжы зьнікненьня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:40 0:00
Наўпроставы лінк

Найстарэйшы будынак Бабруйску, былы касьцёл мясцовай езуіцкай рэзыдэнцыі, пасьля некалькіх пажараў — на мяжы разбурэньня.

Каб уратаваць помнік архітэктуры першай паловы 18 стагодзьдзя, трэба яго сама меней закансэрваваць. Для аднаўленьня ж патрабуюцца вялізарныя фінансавыя ўкладаньні. Пакуль тое, занядбаны будынак ізалявалі ад наведнікаў.

Былая бажніца, схаваная за цаглянай агароджай з калючым дротам, — на тэрыторыі Бабруйскай крэпасьці. Непадалёк ад вайсковага шпіталя і лядовага палаца. За савецкім часам, калі ў крэпасьці месьціліся вайсковыя часткі, сьвятыню выкарыстоўвалі як гаўптвахту. На ахоўнай шыльдзе так і пазначана — «Гаўптвахта». Прыкметы салдацкай вязьніцы захаваліся ў будынку дагэтуль: арыштанцкія камэры, дзьверы з «ваўчком», закратаваныя вокны бяз шыбаў, нават шафа для зброі. Нутро паловы будынка амаль цалкам выгарала. Пажарам зьнішчана алтарная частка былога касьцёла. Пашкоджаны дах. Бабруйскі краязнаўца Ігар Ткачоў зазначае, што ў даху пасьля пажараў утварыліся вялізныя дзіры, празь якія будынак засыпае сьнегам:

«Калі вада адтае, а потым зноў замярзае — касьцёл разбураецца. Вароты пазаварвалі і дзьверы, але ж тут галоўнае — дах. Тут невялікія грошы патрэбныя, каб яго адрамантаваць. Касьцёл знаходзіцца пад аховай дзяржавы, але дзяржава нічога ня робіць, каб яго ахоўваць. Пакуль адзіная пэрспэктыва — зрабіць кансэрвацыю. Яго трэба зьберагчы. Гэта найстарэйшы будынак Бабруйску, гэта наша мінулае, якое было да крэпасьці. Тут можна зрабіць музэй».



У езуітаў сьвятыню адабралі расейцы пры канцы 18 стагодзьдзя. Нягледзячы на шматлікія вонкавыя перабудовы, касьцёл у ёй пазнаецца дагэтуль. Цяпер усярэдзіне паўсюль прыкметы таго, што камяніцу выкарыстоўваюць для п’янак і іншых падобных забаваў. Некалькі месяцаў таму ў алтарнай частцы знайшлі графіці з абразамі на адрас каталіцкага сьвятарства. Супрацоўніца бабруйскага раённага гісторыка-краязнаўчага музэю Марына Маўчанава згадвае адметнасьці апаганенага цяпер касьцёла:

«Ён быў узьведзены ў стылі віленскага барока ў комплексе зь іншымі будынкамі езуіцкай рэзыдэнцыі, але яны былі цалкам зьнішчаныя падчас будаўніцтва крэпасьці».

Паводле суразмоўніцы, турыстычным дэлегацыям, якія наведваюцца паглядзець на тое, што засталося ад крэпасьці, камяніцу былога касьцёла не паказваюць.

«Гэта пляма на нашым дабрабыце. Так, на ім вісіць шыльда, што гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць, якая ахоўваецца дзяржавай, а падыдзеш, паглядзіш — і адразу зразумела, якая ў нас ахова з боку дзяржавы. Каму патрэбна, каб гэта бачылі?»


Старшыня прэзыдыюму рэспубліканскай рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, агледзеўшы занядбаны стары будынак, зьвярнуўся ў пракуратуру. Ён запатрабаваў, каб яму далі дакумэнтацыю пра тое, ці ёсьць плян дзеяньняў, як ратаваць помнік архітэктуры.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч
«Па-другое, каб прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці ўладальнікаў гэтага будынка, а гэта бабруйская жыльлёва-камунальная гаспадарка, за невыкананьне ахоўных абавязкаў. Выратаваць будынак можна, але гэта сапраўды трэба мець мінімальную праграму ды прыняць рашэньне пра кансэрвацыю касьцёла».

Антон Астаповіч, аднак, сумняваецца, што плян ратаваньня былога касьцёла і самой крэпасьці ва ўлады ёсьць.

Тэрыторыя навокал старога будынка бязьлюдная. Насупраць узводзіцца праваслаўны храм. Перад будоўляй — крыж. Ён глядзіць акурат на панявечаны будынак былога касьцёла.

Тут жа аўтобусны прыпынак. Рэдкія тутэйшыя мінакі са зьдзіўленьнем даведваліся, што за агароджай — найстарэйшы будынак гораду, ды яшчэ й касьцельны.

«Тут „губа“ некалі была. Тут асуджаныя сядзелі. Яна ж зачыненая даўно. А пра касьцёл ніводнага разу ніхто не казаў. У нас жа грошай на ўсё не хапае, таму ўсё ў нас занядбана», — мяркуе адзін зь мінакоў.

У каталіцкай грамадзе Бабруйску лічаць, што будынак былога езуіцкага касьцёла неабходна захаваць, аднак прызнаюць, што знайсьці сродкі на яго адбудову амаль нерэальна. Называецца сума ў мільён даляраў. Спадзяваньняў на дзяржаўную дапамогу ў мясцовых каталікоў няшмат.

Даведацца пра тое, як улада зьбіраецца ратаваць найстарэйшы будынак гораду, не ўдалося. Вядома, аднак, іншае: на адбудову рэштак крэпасьці, дзеля якой на пачатку 19 стагодзьдзя зьнішчылі старажытны Бабруйск, сама дзяржава шукае ахвяраваньні. Адкрыты дабрачынны рахунак.

Засьнежаныя бастыёны тым часам разбураюцца гэтаксама, як і былы езуіцкі касьцёл. Разбураюцца і кінутыя два дзясяткі гадоў таму вайскоўцамі казармы. Сёлета ў кастрычніку зьбіраюцца зачыняць і вайсковы шпіталь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG