Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэхніку для разгону маніфэстацый пастаўляюць з усяго сьвету


Паліцыя ў Баку выкарыстала спэцсродкі, каб разагнаць недазволеную маніфэстацыю пратэсту супраць гвалту ў войску. Як стала вядома радыё Свабода, спэцродкі, якія былі ўжытыя супраць мірных дэманстрантаў — нямецкай, ізраільскай і ўкраінскай вытворчасьці.

Як высьветлілі журналісты радыё Свабода, спэцсродкі, якія выкарыстоўвае супраць маніфэстантаў азэрбайджанская паліцыя — замежнай вытворчасьці: вадамёты — нямецкія, сьлезацечны газ — ізраільскі, гумовыя кулі — украінскія. Падчас маніфэстацыі карэспандэнты азэрбайджанскай службы радыё заўважылі машыну з устаноўкай LRAD амэрыканскай вытворчасьці. Гэта фактычна баявая прылада, яна робіць моцны шумавы сыгнал, ад якога ў людзей, якія ня маюць навушнікаў, разрывае барабанныя перапонкі. Падчас учорашняй маніфэстацыі гэты спэцсродак не ўжываўся. Журналісты зараз высьвятляюць у адпаведных пасольствах юрыдычныя ўмовы паставак паліцэйскай спэцтэхнікі, ці прадугледжваюць яны ўжываньне гэтых сродкаў супраць мірных маніфэстантаў.

Паводле інфармацыі незалежнага Цэнтру вайсковых дасьледаваньняў, толькі летась у азэрбайджанскім войску загінула 97 жаўнераў.

У грамадзтве існуюць розныя тлумачэньні і чуткі наконт такой высокай сьмяротнасьці ў войску — ад «дзедаўшчыны» да стратаў ад патаемных дывэрсійных апэрацый супраць Армэніі і нават забойстваў дзеля продажу целаў салдат на органы.

10 сакавіка шэраг грамадзкіх арганізацый і палітычных партый, а таксама сваякі загіблых салдат зладзілі акцыю пратэсту ў Баку. Сталічныя ўлады не далі дазвол на яе правядзеньне. Некалькі соцень удзельнікаў акцыі на плошчы Фантанаў трымалі ў руках партрэты загіблых салдат і плякаты з лёзунгамі: «Не — салдацкім сьмерцяў!», скандзіравалі лёзунгі «Не — сьмерці ў войску» і «Не пераўтварайце войска ў морг!»



Паліцыя ўжыла супраць маніфэстантаў вадамёты, гумовыя кулі і сьлезацечны газ. Было затрымана каля 30 чалавек. Як стала вядома карэспандэнтам Свабоды ў Баку, некаторым затрыманым ужо ў аўтазаку стала дрэнна, хутчэй за ўсё, гэта было вынікам узьдзеяньня сьлезацечнага газу.

«Гэтая акцыя яшчэ раз паказала, што палітыка гвалтоўных дзеяньняў улады ня зможа спыніць грамадзянскую актыўнасьць у краіне, прымусіць замаўчаць грамадзтва. Народ, грамадзтва, моладзь здольныя дамагчыся карэнных дэмакратычных зьменаў у краіне,» — пракамэнтаваў вынікі акцыі лідэр апазыцыйнай партыі Мусават Іса Гамбар.

Паводле палітыка, мірная акцыя пратэсту прайшла на высокім узроўні, нягледзячы на папераджальныя захады ўладаў у выглядзе прэвэнтыўных арыштаў моладзевых актывістаў і прад’яўленьня ім цяжкіх абвінавачваньняў.

Намесьнік выканаўчага сакратара правячай у Азэрбайджане партыі Сіявуш Наўрузаў выказаў у інтэрвію Свабодзе ўпэўненасьць, што «арганізатары і ўдзельнікі гэтай акцыі зьяўляюцца блізкім асяродзьдзем кіраўнікоў шэрагу апазыцыйных партый». «Гэтыя палітычныя структуры пэрыядычна, у адпаведнасьці зь інструкцыямі сваіх замежных заступнікаў, спрабуюць парушыць грамадзкі парадак у Азэрбайджане. Гэта тычыцца і сёньняшняй спробы правядзеньня акцыі,» — сказаў Наўрузаў.

Па выніках учорашняй маніфэстацыі 3 чалавекі ўжо прысуджаныя да тыднёвага арышту, дзесяць прыгавораныя да штрафаў на сумы, эквівалентныя 600 эўра. Суды над удзельнікамі маніфэстацыі працягваюцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG