Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін: Сапраўдныя дэпутаты зьбяруцца ў Дзень Канстытуцыі


У дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, 15 сакавіка 2013 году, у Менску зьбяруцца дэпутаты Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, якія засталіся вернымі Канстытуцыі 1994 году і адмовіліся ўвайсьці ў «кішэнную» Палату прадстаўнікоў.

Пра гэта карэспандэнту «Свабоды» сёньня паведаміў сустаршыня працоўнай групы па правядзеньні дэпутацкай сустрэчы Сяргей Калякін:

«15 сакавіка мы спадзяемся, што частка сапраўдных дэпутатаў зьбярэцца разам, каб адрэагаваць на рызыкі і пагрозы эканамічнаму сувэрэнітэту Беларусі. Мы мяркуем з гэтай нагоды прыняць афіцыйную заяву. Пасьля будзем прапаноўваць падпісаць яе і грамадзянам нашай краіны, якія падзяляюць наша бачаньне сытуацыі».

У тым парлямэнце Сяргей Калякін ачольваў партыйную фракцыю камуністаў:

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«У 1996 годзе наш Вярхоўны Савет быў практычна разагнаны Аляксандрам Лукашэнкам. Тады каля 70 дэпутатаў спрабавалі абвясьціць імпічмэнт прэзыдэнту. Гэтыя людзі адмовіліся пісаць заявы аб пераходзе ў Палату прадстаўнікоў.

Наша фракцыя, а яна была самай вялікай у Вярхоўным Савеце, памятаю, раскалолася папалам. Лёс дэпутатаў пасьля склаўся па-рознаму. Дагэтуль верныя Канстытуцыі Алена Скрыган, Тамара Мінукова, Леанід Майструк, Мікалай Дзямідаў, Віктар Хоміч... Некаторых, як, напрыклад, Фёдара Рускевіча, ужо няма ў жывых.

А тыя, хто пайшоў да Лукашэнкі? З ідэалягічных пазыцый — хіба што адзін Анатоль Малафееў, былы першы сакратар ЦК КПБ. Пра астатніх я сказаў бы так: каго купілі, каго запалохалі».

Анатоль Лябедзька ў Вярхоўным Савеце 13 скліканьня ўваходзіў у фракцыю «Грамадзянскае дзеяньне»:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Лёс раскідаў маіх калегаў па фракцыі. Пра Генадзя Карпенку і Віктара Ганчара ведаюць усе. За межы Беларусі мусілі зьехаць Уладзімер Кудзінаў, ён цяпер ва Ўкраіне, Уладзімер Хадасевіч — у Расеі.

Разьлічваю, што бальшыня фракцыі прыйдзе на сход. А тыя, хто чамусьці ня зможа гэтага зрабіць, падпішуць нашу агульную заяву пасьля».

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў сказаў карэспандэнту «Свабоды» наконт пэрспэктываў такой сустрэчы:

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

«На мой погляд, гэта чарговая спроба апазыцыі зрабіць нешта ў сытуацыі, калі яна ня можа даць людзям сур’ёзныя прапановы для зьменаў у грамадзтве. Вярнуць да жыцьця той парлямэнт ужо немагчыма. Паўнамоцтвы яго скончыліся ў 2000-м годзе. І гэта не дае нават мінімальных падставаў, каб лічыць яго па-ранейшаму легітымным органам. Так, болей дэмакратычных выбараў у Беларусі не было. Аднак і гэтага недастаткова, каб захаваць за гэтым парлямэнтам ягоныя былыя паўнамоцтвы. Таму я разглядаю гэтую сустрэчу як трохі сымулятыўную дзейнасьць».

У Вярхоўным Савеце 13 скліканьня было 260 дэпутацкіх крэслаў. Пасьля выбараў (травень 1995 году) і давыбараў (лістапад 1995 году) у склад парлямэнту ўвайшлі 198 дэпутатаў. Вярхоўны Савет спыніў існаваньне пасьля так званага рэфэрэндуму, які адбыўся 24 лістапада 1996 году. Многія міжнародныя структуры, у тым ліку АБСЭ, Рада Эўропы і Эўрапарлямэнт, афіцыйна не прызналі вынікаў рэфэрэндуму і лічаць іх пазазаконнымі, бо ён прайшоў з сур’ёзнымі парушэньнямі заканадаўства.

Да выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2000-м годзе міжнародныя структуры прызнавалі афіцыйнай заканадаўчай уладай Беларусі Вярхоўны Савет 13 скліканьня, а дэпутаты, якія засталіся вернымі Асноўнаму Закону Рэспублікі Беларусь, спрабавалі больш-менш рэгулярна праводзіць рабочыя паседжаньні. У лепшыя часы ў іх удзельнічалі да 50 парлямэнтароў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG