Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗ перайшоў на 4-дзённы працоўны тыдзень


Прэсавая сакратарка МАЗу Юлія Катыш паведаміла Інтэрфаксу, што да канца сакавіка прадпрыемства будзе працаваць 4 дні на тыдзень, але дадатковыя выходныя будуць адпрацаваныя восеньню.

Перанос працоўных дзён зьвязаны са зьніжэньнем попыту на аўтатэхніку МАЗу і неабходнасьцю ўдакладненьня вытворчых плянаў прадпрыемства.

Былы дарадца генэральнага дырэктара МАЗу, а цяпер кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан у сувязі з гэтым заявіў, што скарачэньне працоўнага часу на МАЗе — зьява заканамерная:

«Нічога дзіўнага няма ў тым, што МАЗ скарачае працоўны тыдзень. Бо расейскі рынак ад пачатку году таксама скарачаецца. Якія таму прычыны — гэта тэма асобнай гаворкі, але гэта ўжо рыначны факт. Да прыкладу, асноўны канкурэнт МАЗу на расейскім рынку — КамАЗ — у студзені і лютым таксама працаваў паводле скарочанага тыдня. Бо нельга ж прадукцыю ставіць на склад і ня ведаць, калі яна будзе прадавацца».

Скарачэньне паставак аўтамабіляў МАЗ у Расею на пачатку году паўтараецца пэрыядычна. Адна з прычынаў — вялікая колькасьць выходных дзён у суседняй краіне падчас навагодне-калядных сьвятаў. Уплываюць на гэта і пытаньні расейскай бюджэтна-фінансавай палітыкі. Але ўсё больш пачынаюць заяўляць пра сябе новыя аспэкты рынку, кажа Валянцін Лопан:

«Зьявіўся новы працэс — гэта канкурэнцыя, нармальная рынкавая канкурэнцыя. Вытворцы з краінаў Эўропы амаль што ўсе адкрылі ў Расеі свае вытворчасьці альбо імпарт. І іх доля на расейскім рынку расьце значна хутчэй, чым доля айчынных вытворцаў. Гэта азначае, што доля сваіх прадпрыемстваў скарачаецца, а замежных — нарастае. Гэта канкурэнцыя паводле тэхнічных, якасных паказчыкаў і гэтак далей. Гэтая тэндэнцыя вельмі яскрава праглядаецца: у тых сэгмэнтах грузавой тэхнікі, дзе КамАЗ і МАЗ здалі свае пазыцыі, замежныя вытворцы павялічылі. Лічбы самі сабой сьведчаць пра гэтую тэндэнцыю. У гэтай сувязі неабходна прымаць нейкія стратэгічныя рашэньні, але ад МАЗу гэтага пакуль што не чуваць і не відаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG