Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумна, крыўдна і несправядліва, амаль да сьлёзаў, але гэта сапраўды быў fin... Зь якога, тым ня менш, атрымаўся не абы які бэнэфіс. 16 сакавіка 1967 году на экраны Францыі выйшаў апошні фільм Андрэ Юнбэля з цыклю пра Фантамаса.

Гэтым разам галоўны ліхадзей і нелюдзь 60-х, розум, гонар і сумленьне злачыннага сьвету супрацьстаіць ня толькі камісару Жуву, але і Скотланд-Ярду, а ў дадатак яшчэ і нейкім гангстэрам — і нягледзячы на гэта пакідае ўсіх сам-насам з носам і ўсімі іхнымі насавымі галоснымі, а камісара дастаўляе сабе ў сутарэньні проста ў ягоным ложку. Ён шчасьліва пазьбягае гібелі, уцякае ад перасьледу на звычайным ровары, апошні раз прамаўляе сваё нязьменна аптымістычнае «ха-ха-ха-ха-ха» і зноў імчыць на сваёй супэрмашыне, ружовай мары савецкай міліцыі 60-х. Куды? У будучыню, вядома. Туды, дзе яго ўжо чакаюць стомленыя ад тэрмінатараў і альмадовараў гурманы. Часам лепш сьмяяцца зь нічога, чым гаварыць пра ўсё.

О, гэтае «ха-ха-ха-ха-ха»! Простае, як мыканьне, наіўнае і абаяльнае, як і сам гэты фільм, як і ўсе францускія камэдыі, на любую зь якіх і цяпер можна ставіць знак якасьці з выбітым на ім профілем Люі дэ Фюнэса. Энэргія «Фантамасаў» бярэцца нібыта зь нічога, і тым ня менш яе напор нястрымны, яна б’е, быццам нафта ў твар будучаму мільярдэру. Ня верыцца, што сваім посьпехам гэты фільм абавязаны ня надта ўжо й маладым акторам. Люі дэ Фюнэсу на момант выхаду ў сьвет апошняга з «Фантамасаў» — пяцьдзясят тры, Жану Марэ — пяцьдзясят чацьверты год, і толькі Элен, Элен, зь яе каленкамі, сукенкамі-фікцыямі і інтэлектам сапраўднай журналісткі, Элен, у якую немагчыма было не закахацца, непараўнальная Элен, якую грала Мілен Дэманжо — ёй было ўсяго трыццаць два. Ненашмат старэйшы за яе і кампазытар Мішэль Мань, дзякуючы якому Фантамас не старэе, бо ты і сёньня, выходзячы на двор, часам мармычаш напаўголасу гэтую напаўджазавую тэму.

А як не мармытаць — з такімі дэманічнымі духавымі? Крадучыся, набліжаецца бас, новы нумар «Le point du jour» ужо ў кіёсках. П’ер Сувэстр, аўтар страшылак пачатку ХХ стагодзьдзя пра пачвару Фантамаса, пераварочваецца ў магіле на правы бок, але ўрэшце не вытрымлівае і ён, і пачынае рагатаць, дэманічна, адпаведна свайму герою. Дык усьміхніся і ты, зануда.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG