Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкая бібліятэка ўшанавала Кастуся Каліноўскага


Экспазыцыя «За годнасьць! За Радзіму!», прымеркаваная да 175-годзьдзя з дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага і 150-годзьдзя паўстання 1863–1864 гадоў, адкрылася ў Прэзыдэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.

Як паведаміла БЕЛТА супрацоўніца аддзелу старадрукаваных і рэдкіх выданьняў бібліятэкі Вераніка Мітракова, у аснове выставы — кнігі і часопісы з фонду аддзелу старадрукаў і рэдкіх выданьняў бібліятэкі. У экспазыцыі прадстаўлена каля дваццаці зборнікаў 1863–1910 гадоў. Можна пабачыць адно зь першых дасьледаваньняў гісторыі паўстаньня «Зьвесткі аб польскім бунце 1863 году ў паўночна-заходняй Расіі», складзенае генэралам В. Ратчам, а таксама публікацыі ўспамінаў пра падзеі таго часу.

Сярод экспанатаў — выдадзены ў 1927 годзе зборнік дакумэнтаў пра паўстаньне «1863 год на Меншчыне», а таксама першая беларуская манаграфія на гэтую тэму «1863 год на Беларусi» Ўсевалада Ігнатоўскага.

У бібліятэцы захоўваюцца і замежныя выданьні, прысьвечаныя першай беларускамоўнай газэце — «Мужыцкай праўдзе», якая выходзіла ў час паўстаньня, у тым ліку камэнтаваныя тэксты «Мужыцкай праўды» і «Лістоў з-пад шыбеніцы» Каліноўскага, падрыхтаваныя Янкам Запруднікам і Т. Э. Бэрдам.

Выставу, якая працягнецца па 30 красавіка, дапаўняюць грунтоўныя дасьледаваньні сучасных гісторыкаў і навуковыя артыкулы, падрыхтаваныя ў апошнія гады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG