Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 сутак арышту за пытаньне «Дзе мая свабода?»


Валянціна Цюрава

Валянціна Цюрава

Да трох сутак арышту прыгаварыў судзьдзя Дзмітры Паўлючэнка 19-гадовую актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Валянціну Цюраву.

Валянціну затрымалі 8 сакавіка на Камароўскім рынку. Там яна разгарнула плякат «Дзе маё сьвята? Дзе мая свабода?» Плякат разарвалі пры затрыманьні, а дзяўчына правяла жаночае сьвята і выходныя ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Невялікі будынак суду Савецкага раёну Менску быў напоўнены сёньня тымі, хто надта добра адзначыў жаночыя сьвяты. Па калідорах разносіўся стойкі пах перагару і нямытых целаў. Хтосьці ўжо ня мог стаяць і ляжаў на лаўцы, аднаму мужчыну было настолькі кепска, што яго званітавала проста на падлогу. Пасьля ён яшчэ хвілін сорак ляжаў на падлозе ў прыбіральні. Да яго ніяк не магла даехаць хуткая дапамога. Сярод гэтых людзей апынулася і 19-гадовая Валянціна Цюрава. 8 сакавіка яна выйшла на Камароўку з плякатам «Дзе маё сьвята? Дзе мая свабода?» і за гэта апынулася ў турме.

Сяргей Казакоў

Сяргей Казакоў

Былы палітзьняволены Сяргей Казакоў, сябар Валянціны, кажа, што акцыя была прымеркаваная да жаночага дня:

«Прастаяла яна недзе 15–20 хвілін. Людзі рэагавалі цудоўна. Падыходзілі, размаўлялі, знаёміліся. А пасьля ўжо падышлі, відаць, два супрацоўнікі Камароўскага рынку і нейкі чалавек у цывільным. Ну, і, доўга не размаўляючы, адвялі яе ў памяшканьне рынку».

Сама Валянціна распавядае, што людзі сапраўды ставіліся да яе ўчынку з разуменьнем. Адзін мужчына нават падышоў і падарыў ёй букет кветак. Так, з букетам, яе і прывезьлі ў Савецкі РУУС. Там кветкі паставілі ў вазу. Сёньня, калі Валянціна ізноў пабывала ў памяшканьні РУУС, — кажа, што кветкі дагэтуль стаяць жывыя.

На пытаньне, навошта выйшла зь пікетам, Валянціна кажа, што проста хацела выказаць сваё меркаваньне. Маўляў, у гэты дзень жанчыны змагаюцца за свае правы, дык і яна таксама хацела сказаць, што ёй патрэбная свабода. Не як жанчыне — як чалавеку.

Праваабаронца Марыя ўпэўненая, што Валянціну затрымалі незаконна:

«Мы лічым, што пакараньне Валянціне непрапарцыйнае таму, што яна зрабіла. Дзяўчына трапіла на 3 сутак у цэнтар ізаляцыі толькі за тое, што выйшла з плякатам, каб выказаць сваю думку, на якую яна мае права. Яна не замінала ані людзям, ані транспарту не замінала, нікога не абражала. Ніякай неабходнасьці яе ізаляваць на трое сутак не было».

Валянціна цэлы дзень чакала, пакуль асудзяць дробных парушальнікаў. А іх было нямала. Разам зь ёю чакалі адвакат, сябры і некалькі журналістаў. Вядома, спадзяваліся, што яе адпусьцяць. Адвакат, выступаючы на паседжаньні, выказаў зьдзіўленьне дзеяньнямі міліцыянтаў: сапраўды, навошта было затрымліваць дзяўчыну на 8 сакавіка? Аднак судзьдзя ўсё ж прызнаў Валянціну Цюраву вінаватай у пікетаваньні і прысудзіў ёй 3 сутак арышту. Паколькі іх яна ўжо адседзела, то яе і вызвалілі.

Але за што яе пасадзілі? Валянціна на гэтае пытаньне адказу ня мае:

«Я не лічу, што мяне правільна затрымалі. Гэта толькі чарговы раз пацьвердзіла: у нашай краіне людзі ня маюць той свабоды, якую хацелі б мець».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG