Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да выбараў Вэнэсуэлай будзе кіраваць Мадура


Нікалас Мадура

Нікалас Мадура

У Каракасе пасьля цырымоніі разьвітаньня з Уга Чавэсам да прысягі ў якасьці часова выконваючы абавязкі кіраўніка дзяржавы быў прыведзены віцэ-прэзідэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура.

Уга Чавэс яшчэ пры жыцьці пажадаў, каб у выпадку яго сьмерці Мадура завяршыў цяперашні прэзыдэнцкі тэрмін. Апазыцыя выступіла супраць прызначэньня Мадуры часова выконваючым абавязкі прэзыдэнта, бо паводле канстытуцыі краіны, у выпадку сьмерці прэзыдэнта, функцыі кіраўніка дзяржавы павінны быць перададзеныя сьпікеру парлямэнта. Але апошні адмовіўся ад такога права.

Выбары новага прэзыдэнта павінны прайсьці на працягу 30 дзён.

Учора ў Каракасе адбылася афіцыйная цырымонія разьвітаньня з Чавэсам. У ёй бралі ўдзел дзясяткі замежных лідэраў і дыпляматаў, у тым ліку Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі. Улады краіны заявілі, што цела Чавэса будзе забальзамаванае і выстаўлена пад шкляным купалам у ваенна-гістарычным музэі, гэтак жа як цела Леніна ці Мао Цзэ Дуна.

Уга Чавэс памёр у веку 58 гадоў пасьля двух гадоў змаганьня з ракам. Ён кіраваў Вэнэсуэлай 14 гадоў.

Аляксандр Лукашэнка ў часе знаходжаньня ў Каракасе правёў кароткія перамовы Нікаласам Мадурам і старшынёй Нацыянальнай асамблеі Дыёсдада Кабельё.

Паводле БЕЛТА бакі пацьвердзілі гатоўнасьць працягваць актыўнае супрацоўніцтва.

«Тое, што было пры Уга Чавэсу, будзе працягнута», — заявіў Нікалас Мадура.

Пасьля гэтай сустрэчы Лукашэнка накіраваўся ў Менск.
XS
SM
MD
LG