Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства спорту і турызму Беларусі абвясьціла вайну допінгу. Новапрызначаны кіраўнік ведамства Аляксандар Шамко заявіў, што колькасьць допінг-пробаў беларускіх спартоўцаў узрасьце шматразова — рэгулярныя скандалы сур’ёзна псуюць спартовы імідж краіны.

Днямі стала вядома, што па выніках пераправеркі пробаў чэмпіянату сьвету-2005 выведзеныя на чыстую ваду яшчэ чатыры атлеты зь Беларусі. Апроч таго, пакуль што хаваецца ад грамадзкасьці допінгавая гісторыя з удзелам каманды Беларусі ў пажарна-ратавальным спорце, якую на ранейшай працы ў Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях генэрал-маёр Шамко неаднаразова прыводзіў да званьня чэмпіёнаў сьвету.

Аляксандар Шамко паабяцаў, што кожны год будзе брацца ня меней за 3 тысячы пробаў, каб нарэшце паставіць крыж на заганнай залежнасьці беларускіх спартоўцаў ад забароненых стымулятараў. Але літаральна празь некалькі дзён пасьля гэтых заяваў Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі абвясьціла вынікі паўторнай праверкі пробаў атлетаў, якія бралі ўдзел ва ўсясьветным першынстве 2005 году ў Хэльсынкі.

З шасьці станоўчых пробаў чатыры належаць беларусам — малатабойцам Івану Ціхану і Вадзіму Дзевятоўскаму, штурхальнікам ядра Андрэю Міхневічу і Надзеі Астапчук. Варта нагадаць, што Ціхан ня быў дапушчаны да спаборніцтваў на лёнданскай Алімпіядзе-2012 па выніках пераправеркі пробаў Гульняў 2004 году ў Афінах, а Астапчук пазбаўленая залатога мэдалю Лёндану за наяўнасьць у арганізме забароненых прэпаратаў. Пры такой сумнай тэндэнцыі ў спартовага кіраўніцтва не застаецца іншых варыянтаў, як распачаць «чыстку» яшчэ на подступах да міжнародных арэнаў:

Аляксандар Шамко

Аляксандар Шамко

«Той працэс, які сёньня пачаўся — узмацненьне антыдопінгавага кантролю — ужо мае пэўныя вынікі. Хачу пры гэтым папярэдзіць, што ня трэба моцна шарахацца ад першых вынікаў, бо ад пачатку году ўжо парадку 8 спартоўцаў улічаныя ва ўжываньні допінгу. Калі браць па колькасьці ці, дакладней, адноснаму выніку за мінулы год, то гаворка пра павелічэньне ў два разы. Таму, прагназуючы становішча спраў з гледзішча комплекснага падыходу (падвядзеньне да агульных стандартаў юрыдычнай базы, матэрыяльнай базы), то так, напэўна, па першым часе мы будзем прагназаваць рост такіх выпадкаў. Але я перакананы, што да канца году гэта дасьць свой плён у якасьці зьніжэньня тэндэнцыі. То бок, павінны выйсьці на пэўную сінусоіду».

Аляксандар Шамко быў кінуты ратаваць імідж спартовага ведамства ў кастрычніку 2012-га — акурат пасьля разгромнай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, які за правал на Алімпіядзе ў Лёндане не пакінуў жывога месца ад тагачасных спартовых функцыянэраў. Да гэтага Шамко быў намесьнікам міністра па надзвычайных сытуацыях і адначасна ўзначальваў каманду па пажарна-ратавальным спорце. Беларусы чатыры разы выйгравалі ўсясьветныя першынствы, што дазволіла паверыць ва ўнівэрсальнасьць генэрала-ратавальніка. Праз паўтара тыдні пасьля таго, як калектыў Шамко з чарговым трыюмфам вярнуўся з VIII чэмпіянату сьвету ў турэцкай Антальлі (16—21 кастрычніка), ён быў прызначаны міністрам спорту і турызму.

Аднак спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка кажа, што спачываць на ляўрах рана. Хоць Шамко і пераскочыў у іншае крэсла, дзе і распачаў барацьбу з допінгам, ня выключана, што яму самому давядзецца адказваць за допінгавы скандал з удзелам сваіх падначаленых:

Уладзімер Даўжэнка

Уладзімер Даўжэнка

«Можна опэры, раманы пісаць пра таго ж міністра спорту. Мабыць, ня ўсе яшчэ ў курсе, што нашы пажарныя летась у кастрычніку на допінгу папаліся. Пяць чалавек. Усе пра гэта ведаюць, міністар, канечне ж, таксама. Але гэтую інфармацыю штучна стрымліваюць, таму што пасля гэтага праз тыдзень Лукашэнка прызначыў Шамко міністрам — маўляў, чалавек, які на міжнароднай арэне дабіваецца такіх посьпехаў. Зразумела, што на высокім узроўні такую інфармацыю ніяк нельга прапусьціць, але адмыслоўцы пра гэта ведаюць усе абсалютна. А я даведаўся адзін зь першых, дарэчы. Вось вам і заслужаныя эстафэтчыкі, якія сталі летась чэмпіёнамі сьвету ў Турэччыне. Усе на допінгу патрапілі, уяўляеце? А нам гэтага чалавека міністрам ставяць. І ён на свае 100 дзён раптам пачынае гаварыць аб нейкай ідэалёгіі ў спорце. Якая ідэалёгія? Бяры рыдлёўку — ідзі тушыць пажары!».

У пастанове на пачатак расьсьледаваньня допінгавай справы, падпісанай 24 сьнежня 2012 году прэзыдэнтам Міжнароднай спартыўнай фэдэрацыі пажарных і ратавальнікаў Сяргеем Шойгу, фігуруюць прозьвішчы пяці беларускіх спартоўцаў. У дакумэнце ўказваецца, што па выніках аналізаў адабраных пробаў «А» у пяці чальцоў каманды Рэспублікі Беларусь — Дзьмітрыя Сімака, Мікалая Васільчанкі, Дзьмітрыя Шчаўліка, Уладзімера Стральчэні і Максіма Шапарава — знойдзеная забароненая субстанцыя «метылгексанамін». Тэсты далі станоўчую рэакцыю праз тры дні пасля заканчэньня чэмпіянату, дзе беларусы занялі першае месца.

Пастанова пра вынікі допінг-тэстаў беларускіх пажарных, interfiresport.com

Пастанова пра вынікі допінг-тэстаў беларускіх пажарных, interfiresport.com

Беларускай фэдэрацыі пажарна-ратавальнага спорту прадпісвалася да 20 сьнежня 2012 году правесьці ўнутранае расьсьледаваньне і давесьці вынікі Міжнароднай фэдэрацыі. Кантроль быў ускладзены на інтэрнацыянальную групу экспэртаў з Украіны, Латвіі і Расеі, абяцалася, што ў выпадку ігнараваньня патрабаваньняў расстаноўка месцаў на п’едэстале будзе перагледжаная. Мінулі больш за два месяцы, але ніякіх санкцый не пасьледавала. У Беларускай фэдэрацыі, намесьнікам кіраўніка якой дагэтуль зьяўляецца Аляксандар Шамко, ад камэнтароў устрымліваюцца. Сябра дысцыплінарнага антыдопінгавага камітэту Міжнароднай спартыўнай фэдэрацыі пажарных і ратавальнікаў, прадстаўнік ад Расеі Ўладзімер Рыжых, кажа, што трэба яшчэ крыху пачакаць:

«На чэмпіянаце сьвету — так, пробы бяруцца, абавязкова. Але цалкам справаздача пра мінулы чэмпіянат будзе вывешаная на сайце Міжнароднай фэдэрацыі. Калі гэта здарыцца канкрэтна — сказаць не магу, гэта выканкам вырашае. Згодна з кодэксам Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва, уся інфармацыя, альбо справаздача аб правядзеньні ўсясьветнага першынства, нейкія дэталі і г.д. агалошваюцца, калі ёсьць толькі канчатковае рашэньне. А канчатковае рашэньне выносіцца ў адпаведнасьці са статутам Міжнароднай фэдэрацыі — калі па якімсьці пытаньні прымаецца рашэньне, тады толькі яно публікуецца. Гэта цалкам адпавядае палажэньню і кодэксу Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва. Вось усё, што магу вам сказаць».

Між тым, экспэрты мяркуюць, што прадстаўнікі Расеі будуць намагацца «пакрыць» братоў-беларусаў і ня даць допінгаваму скандалу выйсьці за межы так званай саюзнай дзяржавы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG